Што трэба ведаць пра «дарожныя мапы» і перамовы Лукашэнкі з Пуціным


У Маскве 8 снежня адбудзецца паседжанне Найвышэйшага Дзяржаўнага Савету Саюзнай дзяржавы, дзе Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін мусяць падпісаць шэраг інтэграцыйных дакументаў. А 7 снежня кіраўнікі дзяржаваў правядуць перамовы ў Сочы. Belsat.eu тлумачыць, што за дакументы плануецца падпісаць у Маскве, адкуль яны ўзяліся і чаму іх лічаць пагрозай незалежнасці.

Адкуль узяліся інтэграцыйныя дакументы?

Іх распрацоўка стала вынікам крызісу ў беларуска-расейскіх стасунках, што распачаўся ў канцы 2018 года. Аляксандр Лукашэнка хацеў атрымаць ад Расеі кампенсацыю за падатковы манеўр, зніжку на газ і зняцце ўсіх абмежаванняў на доступ беларускіх прадпрыемстваў на расейскі рынак. Крэмль у адказ заявіў, што гэта магчыма толькі пасля паглыблення інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы.

13 снежня 2018 года ў Берасці на паседжанні саюзнага савету міністраў Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што на эканамічныя датацыі Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі Дамовы аб Саюзнай дзяржаве ад 8 снежня 1999 года. Ён адзначыў, што Расея гатова пайсці на стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. Заява Мядзведзева ўжо ўвайшла ў гісторыю як «ультыматум Крамля». Лукашэнка абвінаваціў Маскву ў шантажы і заявіў, што Беларусь ніколі не ўвойдзе ў склад Расеі. Але і ад далейшай інтэграцыі ён не адмовіўся, выставіўшы свае ўмовы: спачатку мусіць быць вырашана пытанне па энергарэсурсам і доступу на расейскі рынак.

Лукашэнка і Пуцін, 29 снежня 2018 года.
Фота: president.gov.by

Перад Новым годам Лукашэнка двойчы лётаў у Маскву, каб сустрэцца з Пуціным. У выніку яны дамовіліся пра стварэнне працоўнай групы з чальцоў ураду для абмеркавання пытанняў інтэграцыі. Па выніках працы працоўнай групы, 6 верасня 2019 года, прэм’ер дзвюх краінаў Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў узгаднілі праект праграмы дзеянняў па паглыбленні інтэграцыі і спіс «дарожных мапаў». З верасня па снежань урады ўзгаднялі канкрэтныя «дарожныя мапы», каб перадаць іх на подпіс кіраўнікам дзяржавы 8 снежня на паседжанні Найвышэйшага Дзяржаўнага Савету Саюзнай дзяржавы.

Hавiны
Сусветны банк пагоршыў прагноз для Беларусі праз падатковы манеўр
2019.11.28 11:24

Як насамрэч называецца гэты дакумент?

Гаворка ідзе пра «Праграму дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», якая ўключае ў сябе 31 «дарожную мапу». Уся канкрэтыка па абавязках і тэрмінах іх выканання ўтрымліваецца менавіта ў «дарожных мапах», яны галоўны прадмет перамоваў. Поўны пералік усіх «дарожных мапаў» ніколі не публікаваўся.

Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў пасля перамоваў.
Фота: government.ru

Пра што ідзе гаворка ў гэтых «дарожных мапах»?

Іх канкрэтны змест застаецца невядомым: нягледзячы на занепакоенасць грамадства, улады адмовіліся публікаваць праекты дакументаў.

Фактычна, галоўнай крыніцай інфармацыі пра «дарожныя мапы» з’яўляецца артыкул расейскай газеты «Коммерсант», што быў апублікаваны сёлета ў верасні. Выданне пісала пра тое, што інтэграцыйная праграма прадугледжвае «частковае аб’яднанне двух эканамічных сістэм са студзеня 2021 года». Гаворка нібыта ідзе пра адзіную падатковую сістэму, адзіны вонкавагандлёвы рэжым і Грамадзянскі кодэкс, амаль абʼяднаныя банкаўскія сектары, агульнае дзяржрэгуляванне галін эканомікі і адзіны рэгулятар рынку энергарэсурсаў. Мытная палітыка будзе ўніфікавана аж да агульнай мытнай службы.

«Гаворка ідзе пра даволі радыкальны праект: гэта частковая эканамічная інтэграцыя на ўзроўні не менш як у Еўразвязе, а ў шэрагу пытанняў – аналагічная канфедэратыўным ці нават федэратыўным дзяржавам», – адзначае выданне.

Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант назвала словы «канфедэрацыя» і «федэрацыя» (пра што пісаў «Коммерсант») звычайнымі журналісцкімі штампамі, падкрэсліўшы, што «незалежнасць – гэта святое». Але па сутнасці ніхто змест публікацыі расейскага выдання не зняпраўдзіў, а ў некаторых пунктах улады пацвердзілі дадзеныя «Коммерсанта». У прыватнасці, у Савеце міністраў Беларусі прызналі, што ідзе праца над стварэннем адзінага Падатковага кодэксу.

«Дарожныя мапы» прадугледжваюць стварэнне агульных органаў кіравання?

Не выключана. У артыкуле «Коммерсанта», напрыклад, ішла гаворка пра стварэнне адзінага энергарэгулятара. У лістападзе міністр замежных справаў Уладзімір Макей у інтэрв’ю недзяржаўным СМІ прызнаўся, што не ведае, ці ёсць у інтэграцыйнай праграме такі пункт. «Магчыма, нейкія новыя органы могуць стварацца», – дадаў ён.

Адначасова Макей падкрэсліў, што наднацыянальных органаў з палітычным складнікам стварацца дакладна не будзе. Маўляў, напачатку перамоваў расейскі бок высоўваў такія непрымальныя прапановы, але яны былі прызнаныя немэтазгоднымі.

Hавiны
Макей пра інтэграцыю з Расеяй: Я не бачу нейкіх небяспек для Беларусі
2019.10.17 09:33

«Дарожныя мапы» нясуць пагрозу незалежнасці Беларусі?

На гэтае пытанне ёсць розныя пункты гледжання. Улады Беларусі неаднаразова заяўлялі, што інтэграцыйная праграма не нясе пагрозы незалежнасці краіны.

«Я не бачу нейкіх небяспек для Беларусі, бо ўжо шмат разоў было заяўлена: не трэба баяцца, што хтосьці будзе здаваць суверэнітэт ці хтосьці будзе прадаваць яго, гэта немагчыма», – заявіў Макей у кастрычніку.

Аднак многія эксперты, палітыкі і грамадскія дзеячы лічаць, што глыбокая эканамічная інтэграцыя дэ-факта азначае паглынанне Беларусі Расеяй. Напрыклад, эканаміст Яраслаў Раманчук пасля публікацыі «Коммерсанта» назваў інтэграцыйную праграму «здрадай нацыянальным інтарэсаў». «Калі яны кажуць, што будзе адзіная мытная палітыка, аб’яднанне падатковых сістэмаў, дык чым адрозніваецца тады Рэспубліка Беларусь ад Татарстану, Башкартастану або іншых суб’ектаў Федэрацыі? Я не бачу тут ніякай розніцы», – падкрэсліў ён.

Hавiны
Раманчук: Пры такой інтэграцыі Беларусь не будзе адрознівацца ад Татарстану
2019.09.16 11:00

Акрамя таго, мала хто сумняецца, што пасля эканамічнай інтэграцыі краіны пяройдуць да палітычнай, тым больш, што дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, да якой апелюе Крэмль, яе прадугледжвае.

Лукашэнка падпіша ў Маскве гэтыя дакументы?

Не факт. Па-першае, не ўсе «дарожныя мапы» дагэтуль ухваленыя на ўзроўні ўрадаў. Пасля апошняй сустрэчы Румаса і Мядзведзева 19 лістапада ў Маскве было заяўлена, што большасць інтэграцыйных дарожных мапаў узгодненыя, але засталіся «вельмі складаныя тэмы» наконт якіх дамовіцца не атрымалася. 6 снежня, напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, Румас і Мядзведзеў зноў абмяркуюць узгадненне мапаў.

Па-другое, Менск працягвае ўвязваць далейшую інтэграцыю з вырашэннем ключавых пытанняў эканамічнай супрацы (кампенсацыя за падатковы манеўр, цана на газ, доступ да рынкаў). Аніякіх зрухаў у гэтым напрамку дагэтуль няма.

«Прэм’ер-міністр ужо сказаў, гэта выпрацаваная пазіцыя: калі не будуць вырашаны нашыя прынцыповыя пытанні (па пастаўках вуглевадародаў, адкрыццю як след рынкаў для нашых тавараў, зняцці бар’ераў ды інш.) ніякія дарожныя мапы не могуць быць падпісаныя», – заявіў Лукашэнка 17 лістапада.

Лукашэнка на выбарчым участку 17 лістапада.
Фота: president.gov.by/

Імаверна гэтыя пытанні Лукашэнка і Пуцін будуць абмяркоўваць у Сочы напярэдадні паседжання Найвышэйшага Дзяржаўнага Савету Саюзнай дзяржавы.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў