Што рабіць з ялінкаю пасля навагодніх святаў? Паслухайце парады эколага


Перад Калядамі беларусы любяць парадаваць сябе святочнымі ялінкамі. Але, як толькі святы скончыліся, паўстае пытанне: што рабіць з ялінкаю далей, каб не нашкодзіць навакольнаму асяроддзю?

Эколагі кажуць: лепш за ўсё на святы ўпрыгожыць ялінку, якая расце ў вашым двары. А пасля наўпрост зняць гэтыя цацкі, мішуру і астатняе. Але калі вы так не зрабілі, то ёсць іншае выйсце.

Пластыкавыя ялінкі не перапрацоўваюцца

Штучная ялінка – не самы лепшы варыянт на святы. Бо ў Беларусі няма тэхналогіі перапрацоўкі ПВХ матэрыялаў.

– У Беларусі пластыкавая ялінка не можа быць перапрацаваная. Спальваць яе ні ў якім выпадку нельга, паколькі пры гэтым працэсе ўтвараюцца небяспечныя для чалавека і навакольнага асяроддзя рэчывы. Асноўная задача – выкарыстоўваць пластыкавую ялінку як мага даўжэй. Толькі ў такім выпадку яна можа апраўдаць усе выдаткі на яе вытворчасць. Калі ў такой ялінкі аблезла фарба, можна купіць самастойна пафарбаваць яе, – распавяла belsat.eu супрацоўніца Цэнтру экалагічных рашэнняў Марыя Сума.

Некаторыя спецыялісты кажуць: каб штучная ялінка была насамрэч бяспечнай для экалогіі, трэба яе выкарыстоўваць мінімум 20 год. Калі выглядае ялінка зусім кепска, эколагі раяць уключыць фантазію і зрабіць нейкія дадатковыя ўпрыгожванні. Калі ўсё ж нічога зрабіць немагчыма, то выкінуць ялінку прыйдзецца ў агульны сметнік.

Аб’ектыў
У лес паперлі ялінкавыя браканьеры
2018.12.23 14:43

Жывую ялінку адпраўляем на дранку

Жывую ялінку можна перапрацаваць. І лепш за ўсё гэта зробяць камунальшчыкі.

– Калі вы жывяце ў горадзе, то можна патэлефанаваць у ЖКГ і спытаць, ці прымуць яны жывую ялінку на дранку. У некаторых раённых арганізацыях ёсць драбільныя машыны. Пазбавіцца ад ялінкі такім чынам будзе найбольш экалагічна, – кажа Марыя Сума.

Дарэчы, у пазамінулым годзе Менскі заапарк прымаў ялінкі ад насельніцтва на корм жывёлам. Але людзі аддавалі дрэвы з упрыгожаннямі, мішурай. Што вельмі шкодзіла харчовай сістэме жывёлаў. У мінулым годзе заапарк ялінкі ад звычайных людзей ужо не прымаў – толькі тыя, што не былі распраданы падчас святаў, то бок ад прадпрымальнікаў і лясгасаў.

Як распавялі belsat.eu у сталічным заапарку, у гэтым годзе пакуль невядома – ці будуць яны прымаць ялінкі ад насельніцтва. Пытанне будзе вырашацца на наступным тыдні. У Горадні ў заапарку таксама не прымаюць ялінкі – і нават не разглядалі такую магчымасць.

– Адзін з варыянтаў – адправіць ялінку на лецішча, у кампост. Таксама яе можна пакінуць на пляцоўцы для буйных адкідаў. Камунальшчыкі забяруць ялінку і выкарыстаюць яе для той жа дранкі. У горшым выпадку яна пойдзе на звалку, – кажа эколаг.

Hавiны
Мінлясгас папярэджвае: ялінкі на Каляды самастойна высякаць у лесе незаконна
2018.12.08 14:43

Ялінкі ў кадках – не лепшая альтэрнатыва

Ужо некалькі год акрамя звычайных і штучных ялінак на святы можна набыць ялінку ў кадцы. Некаторыя кажуць, што гэта даволі экалагічна – маўляў, пасля святаў можна пасадзіць дрэва на лецішчы. Але эколагі скептычна да іх адносяцца.

– Такія ялінкі маюць вялікі адсотак непрыжывальнасці – асабліва калі рабіць такое ў горадзе, дзе глеба вельмі часта засоленая. Паспрабаваць, вядома, можна. Калі вы можаце гадаваць такую ялінку, як хатнюю расліну, гэта будзе добры варыянт. Але, паўтаруся, што ідэальны варыянт на святы – упрыгожваць ялінкі, якія растуць у вашым двары. Гэта пазбавіць вас ад усіх праблем, – кажа Марыя Сума.

Hавiны
Жывая ялінка або штучная? Як выбраць, даглядаць і выкінуць, каб не нашкодзіць гаманцу і наваколлю
2017.12.22 12:24

Алесь Ляўчук, фота Мілана Харытонава/belsat.eu

Стужка навінаў