Што рабіць пры затрыманні, як весці дыялог з міліцыяй? Парады ад праваабаронцы


Пасля выбараў прэзідэнта Беларусі 9 жніўня шмат людзей адчулі ціск з боку сілавікоў: затрыманні, выклікі ў міліцыю, складанні пратаколаў, арышты і штрафы. На жаль, пакуль рэпрэсіі за выказванне свайго меркавання не спыняюцца, і, напэўна, значную колькасць людзей гэтае пытанне яшчэ закране. Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Алесь Райкан адказаў на пытанні «Белсату» пра тое, як сябе паводзіць у стасунках з міліцыяй.

Што рабіць, калі вас затрымліваюць падчас акцыі?

У першую чаргу неабходна звярнуць на сябе ўвагу. Калі вас цягнуць у мікрааўтобус, пракрычыце свае імя і прозвішча, каб праваабаронцы і сваякі пазней даведаліся, што вы затрыманыя. І, па-другое, важна трымацца ў групе людзей, якія да таго ж могуць быць сведкамі вашага затрымання і нават здолець зняць яго на тэлефон. Калі затрыманне было брутальным, то гэтае відэа ці фота станецца доказам у крымінальнай справе ў дачыненні сілавікоў.

Партызанскі марш
Удзельнікі нядзельнай акцыі пратэсту ў мікрараёне Серабранка.
Фота: АВ / belsat.eu / Vot Tak TV

Ці варта пры затрыманні намагацца нешта высветліць?

Калі працаўнікі міліцыі ідуць на кантакт, то чаму не. Бываюць сітуацыі, калі ўвогуле ніякай масавай акцыі не назіраецца, а стаіць чалавек з шэсць. Калі патлумачыць сілавікам, што тут нічога не адбываецца, то, можа быць, яны і сыдуць. Бо ў міліцыі таксама ж ёсць нармальныя людзі, якія разумеюць нармальную мову.

Што можа быць расцэнена, як непадпарадкаванне пры затрыманні?

Самае галоўнае ў гэтым выпадку – не вырывацца. Калі вас ужо цягнуць, калі вы ўжо адчуваеце моцную руку на сваім плячы, ні ў якім разе не вырывайцеся, не лайцеся з міліцыянтамі. Проста мірна, ціха ідзіце з імі. Калі вы будзеце вырывацца, гэта ў найлепшым выпадку будзе расцэнена як непадпарадкаванне і праз гэта прадугледжана адміністратыўнае пакаранне, а ў дрэнным выпадку – як супраціў працаўніку міліцыі, што ўжо прадугледжвае крымінальны артыкул.

Невядомыя ў цывільным падчас жаночага маршу ў Менску.
Фота: ТК / belsat.eu / Vot Tak TV

Чалавека затрымалі і вязуць у аддзел міліцыі, што яго чакае далей?

Не бывае аднолькавых затрыманняў. Сітуацыя можа разгортвацца самым розным чынам. Трэба разумець, што хутчэй за ўсё на вас будуць складаць пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні. Але да гэтага можа быць усякае. Чалавека могуць пратрымаць хоць 3 гадзіны, хоць 5 гадзінаў проста так – без складвання пратаколу. Могуць правесці нейкую ідэалагічную гутарку і адпусціць. І самае непажаданае – чалавека могуць проста збіць. Кожны выпадак – нешта асабістае.

Як весці дыялог з працаўнікамі міліцыі?

Пажадана, каб вы не злаваліся на працаўнікоў міліцыі, каб вы не абражалі іх, каб не лаяліся з імі. А проста спакойна вялі гутарку і ведалі свае правы. У першую чаргу, вы павінны зразумець, што маеце права не сведчыць супраць сябе. Гэта гарантавана як артыкулам 27 Канстытуцыі, так і працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністратыўных парушэннях. Больш за тое – кожную гутарку варта весці пасля таго, як вас азнаёмілі з вашымі правамі і абавязкамі. Пасля таго, як вас азнаёмілі з гэтым дакументам і вы яго падпісалі. Толькі пасля гэтага можна гутарыць і адказваць на пытанні. Размаўляць з міліцыянтамі проста так непажадана, бо вы не да сяброў прыйшлі на каву, усё ж такі вас затрымалі.

Жаночы марш у Менску. 17 кастрыніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Як адказваць на пытанні пра трэціх асобаў?

Трэба ведаць, у якім вы статусе. У якасці сведкі вы павінны адказваць на пытанні і павінны адказваць шчыра і сумленна. Калі адміністратыўны працэс вядуць у дачыненні вас, то вы маеце права не сведчыць увогуле ні пра сябе, ні пра іншых асобаў. У кожным разе ніхто не адмяняў таго, што вы проста можаце не пазнаць, не ўзгадаць нейкіх людзей, якія былі побач з вамі. Тактыка запытваць пра іншых асобаў распаўсюджаная. Такім чынам міліцыянты намагаюцца пашырыць кола асобаў, якіх яны могуць пазней прыцягнуць да адказнасці.

Ці варта падпісваць пратакол адміністратыўнага правапарушэння?

Так, абавязкова. Калі вы адмаўляецеся яго падпісваць, гэта нічога не мяняе. Адзінае, што вы пакажыце гэтым сваю прынцыповасць. Калі вы адмаўляецеся ад подпісу, працаўнікі міліцыі могуць спакойна ў прысутнасці двух сведак напісаць, што затрыманы ад подпісу адмовіўся, і гэта будзе мець тую самую юрыдычную сілу. Таму лепш падпісваць. Больш за тое, пратакол – гэта ваш сродак абароны. Калі вы прачыталі пратакол і вам там штосьці не спадабалася, усё гэта ў пратаколе адзначаеце. І толькі пасля ўнясення сваіх заўваг падпісваеце яго.

Марш пенсіянераў
Марш пенсіянераў у Менску. 12 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Усе маюць права на абаронцу ці адваката. Як на практыцы?

Абаронцам з самага пачатку адміністратыўнага працэсу, то бок з моманту затрымання, можа выступіць або адвакат, або ваш найбліжэйшы родзіч. Калі з адвакатам у вас папярэдне не заключаная дамова, хутчэй за ўсё, вам нікога не выклікаюць, яны і не павінны гэтага рабіць. Таму лепш мець загадзя заключаную дамову з адвакатам. У такім разе, у аддзеле міліцыі называеце імя свайго адваката, і яго мусяць выклікаць. Калі дамовы з адвакатам няма, можаце заявіць хадайніцтва, менавіта так і кажыце, аб тым, што выклікаеце ў якасці абаронцы свайго сваяка. І тады яму павінны патэліць, каб ён прыехаў. Але з тае прычыны, што гэта – хадайніцтва, вам могуць і адмовіць. І гэта такі псіхалагічны момант: міліцыянтам важна, каб пасля затрымання вы заставаліся адны ў кабінеце, а яшчэ лепей – у атачэнні некалькіх міліцыянтаў.

Калі адчуваеш, што справу супраць цябе фальсіфікуюць?

Паводле сучаснага заканадаўства, я не кажу пра Канстытуцыю, а толькі пра закон «Аб масавых мерапрыемствах», калі вы бралі ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, шэсці, дэманстрацыі і вас схапілі, то на вас маюць права скласці пратакол. Фальсіфікацыя звычайна датычыць месца, ці часу, ці дзеянняў чалавека падчас мерапрыемства. Каб перадухіліць вашую заяву аб фальсіфікацыі, міліцыя пачала хітра пісаць, што «чалавек рухаўся ў калоне, якая выкрыквала лозунгі, мела апазіцыйную сімволіку, махала рукамі». І нібыта ўсё супадае. Але ўсё ж такі трэба ўважліва чытаць пратакол і глядзець на месца і час затрымання. Калі яны не адпавядаюць рэчаіснасці, гэта добрая нагода для скасавання бальшыні такіх справаў. Суд хоць бы можа адправіць справу назад у РАУС на дапрацоўванне.

Марш пенсіянераў
Марш пенсіянераў у Менску. 12 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

У пратаколе ёсць пытанне, ці прызнаеце вы сваю віну. Як правільна адказаць?

Усё залежыць ад чалавека. Але трэба разумець, што ваш выхад менавіта на мірную акцыю, калі вы там нічога не рабілі, а проста прайшліся, не робіць вас у нечым вінаватым. Канстытуцыя нам гарантуе права на мірныя сходы, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе гэта, нават ААН апошнім часам актывізаваўся і ўсё ж такі заклікаў беларускія ўлады змяніць заканадаўства. Але пры гэтым тое, што вы там былі, не дае вам права сказаць, што вас там не было. Самым разумным выйсцем будзе прызнаць удзел у акцыі, але не прызнаваць сваёй віны, бо нічога дрэннага вы не зрабілі.

Ці варта ісці ў міліцыю, калі яна выклікае вас позваю ці званком праз тэлефон?

Сярод праваабаронцаў няма адзінага меркавання на гэты конт. Адныя кажуць, што і дагэтуль трэба ісці толькі па атрыманні папяровае позвы, аформленае належным чынам: з подпісам, з адзнакаю, да каго выклікаюць, паводле якога артыкулу і ў якасці каго. Але рэч у тым, што цяпер, калі чалавеку тэляць і просяць падысці ў міліцыю, а ён просіць даслаць яму такую папяровую позву, міліцыя можа проста заявіцца да чалавека на працу ці дадому, забраць яго ў самы нязручны момант. Гэта самы непажаданы выпадак, бо ўсё ж такі чалавеку перад паходам у РАУС лепей падрыхтавацца як маральна, так і фізічна. Узяць з сабой пасту, шчотку, цёплыя рэчы на ўсялякі выпадак. Вельмі шмат хто так адмаўляецца ісці, гуляючы ў прынцыповасць, а пасля апынаецца без нічога ў ізалятары.

Партызанскі марш
Удзельніца нядзельнай акцыі пратэсту. 18 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

А што, калі позву на цябе прыносяць твайму сваяку?

Сваякі дзеляцца на дасведчаных і недасведчаных. Калі дзверы адчыняе маці ва ўзросце, у яе можа спрацаваць стэрэатып «гэта ж міліцыя», і яна зробіць і падпіша ўсё, што яны скажуць. Але маці, ці бацька, ці іншы сваяк мае права не браць позвы і не адказваць на пытанні. Чыста лагічна – калі ў позве вашае імя, то менавіта вам позва і мае быць уручанаю. Сваякі маюць права яе не падпісваць і не перадаваць. Маўляў, шукайце самі.

Што рабіць, калі твой сваяк, сябар ці проста знаёмы знік пасля акцыі пратэсту?

Гэта самае балючае пытанне, бо калі ты сам застаешся ў РАУСе, то табе не так страшна, як тваім сваякам. У першую чаргу трэба тэліць у РАУСы – усе, якія ёсць у горадзе. І запытваць: «Іван Іваноў у вас ёсць?» Хутчэй за ўсё, вам скажуць: «Не». Тады тэлефануем у ізалятар, запытваемся там. Калі і там няма, то званіце ў абласное ўпраўленне ўнутраных справаў. Калі сваяка няма нідзе, то трэба падаць заяву пра тое, што чалавек знік. Гэта можна зрабіць двума шляхамі: праз тэлефон 102 або паехаць у РАУС паводле месца прапіскі і напісаць заяву там. Хутчэй за ўсё, праз гадзіну пасля такой заявы чалавек раптам знойдзецца. Яму ж будуць прапаноўваць падпісаць паперу, што ён нікуды не знік. У такім разе трэба падпісваць паперу толькі пасля таго, як пры вас патэлефануюць вашым родным і скажуць, дзе вы.

Калі затрымалі на 72 гадзіны да суда ці арыштавалі пасля суда, што рабіць сваякам?

Калі чалавек затрыманы, адразу збірайце яму перадачу – сродкі гігіены, цёплыя рэчы. Намагайцеся перадаць перадачу як мага хутчэй – яе могуць прыняць і ў РАУСе, і пазней у ізалятары часовага ўтрымання. Калі адразу з нейкіх прычынаў перадачы не прынялі ці прынялі не ўсе рэчы, прыйдзіце наступным днём, спрабуйце размаўляць па-чалавечы. Трэба быць падрыхтаваным да таго, што пасля 72 гадзін затрымання чалавек можа не выйсці на волю. Цяпер гэта распаўсюджаная практыка, што асобу не вязуць на суд, а на яе складаюць другі пратакол і зноўку арыштоўваюць на 72 гадзіны да суда.

Ведайце свае правы і патрабуйце іх выканання!

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў