Што рабіць пасля Дня Волі ў Горадні? Насычаны гайд ад журналістаў «Белсату»


Для тых, хто збіраецца прыехаць 23 сакавіка ў Горадню, мы сабралі топ-5 душэўных мясцінаў гораду, куды варта завітаць пасля святочных імпрэзаў у Каложскім парку. Паехалі!

Hавiны
На свята Дня Волі ў Горадні прыйшлі тысячы чалавек. Вялікі рэпартаж
2019.03.21 21:08

Музей побыту Януша Паруліса

Калі будзеце вяртацца з Каложскага парку ў цэнтр Горадні, варта пайсці вуліцай Лермантава, што знаходзіцца побач. У доме №25 (дзе некалі жыў пісьменнік Аляксей Карпюк) знаходзіцца прыватны музей чалавека-гісторыі Януша Паруліса: ён з задавальненнем пакажа сваю калекцыю старых рэчаў, якія пачаў збіраць яшчэ яго дзед. Сярод кучы, на першы погляд, неўпарадкаванага хламу, можна знайсці розныя цікавінкі – напрыклад, старыя грамафоны, фотакор, даўнейшую пажарную форму і нават кавалак Берлінскага муру, які ўласнаручна адбіў некалі спадар Януш.

Прыватны музей Януша Паруліса

Экскурсія будзе суправаджацца жыццёвымі аповедамі і жарцікамі бывалага гарадзенца. А калі размова пойдзе ўдала, гаспадар можа пачаставаць гасцей і «Пушчанскім напоем» у старых кілішках яшчэ царскіх часоў.

Кавярня «Наша кава»

Аматарам добрай кавы можам параіць невялічкую кавярню на вуліцы Замкавай, 11, у якую варта зазірнуць па дарозе на галоўную плошчу. Зазначым, што мы не спрабуем рабіць рэкламу і не хочам пакрыўдзіць іншыя кавярні. Але мы вельмі любім «Нашу каву» і ў перапынках паміж працай не адмаўляемся ад філіжанкі «кавы па-паўстанцку». Таксама гэта рэдкае месца ў горадзе, дзе на вас не будуць здзіўлена пазіраць, калі замову вы зробіце па-беларуску.

Кавярня «Наша кава» на вул. Замкавая, 11

Дворык на вуліцы Кірава, 3

Пасля філіжанкі кавы, можна наведацца ў самае беларускае месца сучаснай Горадні. У маленькі дворыку за турмой знаходзяцца ажно чатыры пляцоўкі, вартыя ўвагі. На першым паверсе вы знойдзеце этна-краму «Цудоўня», дзе можна набыць беларускія кнігі, посуд і ручныя вырабы самых лепшых і неардынарных майстроў з усёй Беларусі. Часамі сюды прыязджае з выступамі Іван Кірчук (этна-гурт «Троіца»), праводзяцца прэзентацыі кніг і сустрэчы з цікавымі беларускімі творцамі.

Дворык па вул. Кірава 3, дзе знаходзяцца Цэнтр Гарадскога жыцця, крама «Адметнасць», этна-крама «Цудоўня»

Далей падымаемся па лесвіцы. Першыя дзверы – самая вядомая і жывая беларуская пляцоўка «Цэнтр гарадскога жыцця». Амаль кожны вечар тут збіраецца цікавая публіка, праводзяцца прэзентацыі, навуковыя і гістарычныя дыскусіі, канцэрты, выставы і г.д. Праз некалькі крокаў – крама рэчаў з беларускай сімволікай «Адметнасць». Калі вы заранёў не падрыхтаваліся, то тут можна набыць бел-чырвона-белы сцяг, вопратку з пагоняй і розную іншую драбязу.

Крама «Адметнасць», Кірава, 3

Інтэрактыўная галерэя Суррэлізму

Рухаемся далей, на вуліцу Савецкая. У дворыку дому нумар 3-11 раней знаходзілася галерэя «Крыга», якая была важнай культурніцкай пляцоўкай гарадзенцаў.

Майстэрня Алеся Сурава па вул. Савецкая, 3

Сёння гэтае месца разам з коткай Пані Тэкляй сцеражэ вядомы мастак Алесь Сураў. У майстэрні вы зможаце пабачыць унікальныя і ні на што не падобныя працы мастака, а таксама атрымаць добрую порцыю «суровага» гумару.

Этна-крама «Цудоўня» на вул. Кірава 3

На пляшку піва – у «Карыцу»

Пагуляўшы па вуліцы Савецкая, варта дайсці да «Купідона» каля загсу і павярнуць на Віленскі завулак, дзе вы адразу ўбачыце легендарнае для Горадні месца – бар «Карыца», колішні «Куфэрак». Ох, колькі тут было выпіта, прагаворана «за жыццё», пратаньчына і разбіта сэрцаў! Сёння тут можна паслухаць панк-рок, пазнаёміцца з музыкамі «Дзецюкоў», паразмаўляць па душам з Алесем Кіркевічам дый проста засалодзіцца добрай нефармальнай тусоўкай.

Легендарны гарадзенскі бар «Карыца», Віленскі завулак

Аматары гісторыі дакладна не засумуюць. Горадня – унікальны горад па колькасці беларускіх мясцінаў, звязаных з дзеячамі БНР, з Кастусём Каліноўскім, Васілём Быкавым, Уладзімірам Караткевічам, Зоськай Верас і шмат каго іншых.

Запрашаем усіх у Горадню! Спадзяемся, што вы палюбіце гэты горад так, як любім яго мы.

Hавiны
Едзеце ў Горадню? Наведайце гэтыя сем «самых беларускіх» месцаў!
2018.05.31 06:58

 

Паўліна Валіш, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў