Усе. Гэты этап мы праплылі. Дзякуй богу, што праплылі не «трупам ворага» міма Лукашэнкі. Усе жывыя, здаровыя (спадзяюся), і ёсць шанец, што пасля 9 жніўня некаторых нават вызваляць (хочацца верыць).
Новы, але стары, як дваццаць шэсць гадоў, якія мы пражылі, мала размаўляючы адзін з адным, – як калі б пражывалі іх у нейкім паралельным свеце.
Што рабіць? Капірайт захоўваецца за Чарнышэўскім М. Г., але ад гэтага менш актуальным пытанне не становіцца. Я – не Мацкевіч, які ведае ўсё і любіць чапляць цэтлікі накшталт «прайдзісветаў», «брахуноў», «паскуднікаў». Не збіраюся чапляць іх. Язык можа прыліпнуць да цэтліку, і дамаўляцца ад гэтага будзе цяжэй.
Каб рэальна пракантраляваць няяўку (буду ўжываць гэты тэрмін замест «байкоту»), нам трэба не менш за пяць назіральнікаў на кожны ўчастак, дзе ідзе галасаванне. На так званыя закрытыя ўчасткі – у следчыя ізалятары і шпіталі іх не пусцяць. Але на ўсе астатнія – не менш пяці назіральнікаў. У гэтым выпадку сёння трэба займацца адным – інструктажам назіральнікаў. Іх маральнай і юрыдычнай падрыхтоўкай. Каардынацыяй іх дзеянняў. Апошні раз такое ўдавалася толькі ў 1996 годзе, калі барацьба ішла за Канстытуцыю. Цяпер трэба паўтарыць. Можам?
Калі гэты варыянт, то штабы ўсіх дэмакратычных кандыдатаў – і, галоўнае, незарэгістраваных кандыдатаў – павінны прыцягнуць да сябе «класічную апазіцыю». Тых самых «змагароў», ад якіх так старанна да гэтага часу адмяжоўваліся. Зараз – на працягу максімум двух содняў – трэба знайсці агульную мову і стварыць адзіную (падкрэсліваю: адзіную!!!) структуру па назіранні – не маючы на гэта ні капейкі грошай. За ідэю. Але – толькі так.
Іншы – прызначэнне «кандыдата в.а. Бабарыка-Цапкала». Любога з зарэгістраваных. Абʼяднанне штабоў. Арганізацыя ўсё той жа сістэмы кантролю і назірання падчас галасавання. І агульная агітацыя за яго – і яго агітацыя за «Беларусь без застою» і за вызваленне палітвязняў.
І калі кантроль будзе немагчыма арганізаваць – гэты «кандыдат в.а.» павінен зняцца пасля выкарыстання ім эфірнага часу.
Гэты варыянт таксама складаны. Але ён зразумелы ўсім, у тым ліку вонкавым назіральнікам. І яго рэалізацыя залежыць толькі ад штабоў Бабарыкі і Цапкалы. Ініцыятыва павінна зыходзіць ад іх.
Усё астатняе – суды, пікеты за рэгістрацыю, кампанія па зборы подпісаў за рэферэндум аб вяртанні ў залатыя часы Канстытуцыі 1994 года, цудоўныя словы пра тое, што, калі вы ўдзельнічаеце, то вы дамагаецеся вызвалення сваіх мужоў і жонак, – ад злога, ад КДБ ці ад недахопу палітычнай дасведчанасці.
Тое, што дагэтуль штабы большасці кандыдатаў былі ўкамплектаваныя прадстаўнікамі свету эльфаў, якія прыляцелі да нас з іншай планеты і не маюць мінімальнага ўяўлення аб палітычных рэаліях Рэспублікі Беларусь, да справы ўжо не адносіцца. Праплылі.
Хоць бы цяпер – выберыце адзін з двух варыянтаў і засяродзьцеся на яго рэалізацыі.
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.