Што рабіць, калі вас звольнілі праз удзел у забастоўцы. Пакрокавая інструкцыя


Пратэсты і страйкі пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі трываюць трэці тыдзень. Шмат якія дзяржпрадпрыемствы за выказванне супраціву кіроўнай уладзе ўжо пачалі звальняць работнікаў, некаторыя з якіх былі вымушаныя зʼехаць за мяжу.

Для страйкоўцаў, якія страцілі працу або збіраюцца звольніцца праз свае погляды і на знак пратэсту супраць гвалту ўладаў, ужо сабралі больш за $ 1,7 млн. Грошы збіраюць некалькі ініцыятываў, найбольш вядомая – Фонд салідарнасці BYSOL. Сродкі, якія збіраюцца праз асабістую старонку ў Facebook арганізатара кампаніі, ахвяруюць неабыякавыя людзі з усяго свету, прыватныя кампаніі, бізнесоўцы.

Распавядаем, што трэба ведаць і рабіць, каб атрымаць легальную дапамогу.

Ля МТЗ натоўп сустракае работнікаў завода крыкамі «Малайцы!», «Дзякуй!», «Забастоўка». Менск, Беларусь. 18 жніўня 2020 г.
Фота: Belsat.eu

На якую дапамогу варта разлічваць

На кожную асобу вылучаюць фіксаваную суму – € 1500 з разлікам на тры месяцы (памер трох сярэднямесячных заробкаў па краіне). Паводле апошніх звестак, на 27 жніўня ініцыятыва атрымала больш за 510 заявак на выплату кампенсацыяў. Грошы ўжо атрымалі 19 чалавек. Яшчэ 47 чалавек верыфікаваныя фондам, ім таксама дапамогуць.

Хто можа атрымаць фінансавую дапамогу

Разлічваць на індывідуальную дапамогу могуць тыя, хто быў звольнены або звольніўся з органаў унутраных справаў, КДБ, Памежнага камітэту, былыя вайскоўцы, дзяржаўныя службоўцы, прадстаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў. То бок усе, хто адмовіўся выконваць загады дзейнай улады і сышоў або каго звольнілі за палітычную пазіцыю.

Забастоўка працаўнікоў Менскага метро.
Фота: Дар’я Буракіна / tut.by

Як, куды, якія дакументы трэба падаваць

Каб атрымаць выплату, трэба запоўніць адмысловую форму. Аснова для надання дапамогі – публічная заява аб прычынах і абставінах звальнення ці сыходу. Відэа трэба абавязкова далучыць да формы. Трэба быць гатовым да публікацыі запісу, бо, паводле арганізатараў ініцыятывы, гэта забяспечыць празрыстасць у першую чаргу для ахвярадаўцаў.

Калі работнікі ствараюць на прадпрыемстве стачкам, яны таксама могуць звярнуцца па дапамогу, але для гэтага трэба запоўніць іншую форму. Звярніце ўвагу: гэта ўжо не Фонд салідарнасці, а ініцыятыва «Сумленныя людзі». Фонд салідарнасці таксама пералічвае сабраныя беларусамі грошы стачкамам прадпрыемстваў. У лік першых, працаўнікоў якіх фінансава падтрымае Нацыянальны страйкавы камітэт, трапілі МТЗ, МЗКЦ і «Горадня Азот». Як толькі стачкамы будуць гатовыя прыняць выплаты, сумы будуць пераведзеныя.

Hавiны
Актывіста забастоўкі на «Белшыне» звальняюць паводле артыкулу
2020.08.27 14:54

Дзеля бяспекі арганізатары ініцыятывы не раскрываюць спосабаў перадачы грошай. Аднак паводле іх, яны бяспечныя ды легальныя. Цяпер Фонд салідарнасці BYSOL праходзіць працэдуру юрыдычнага афармлення ў Гаазе. У фондзе адзначаюць: на гэты момант не могуць надаць дапамогу абсалютна ўсім работнікам. Фінансаванне ідзе ў межах наяўных сродкаў, але ініцыятыва працуе над тым, каб прыцягваць да ахвяраванняў бізнес.

Спіс іншых ініцыятываў для дапамогі (фінансавай і не толькі) пратэстоўцам у Беларусі

***

Забастоўкі на беларускіх заводах па ўсёй Беларусі трываюць ужо больш за тыдзень, хоць шмат людзей вяртаюцца да працы праз страх страціць месца. Замест саступак працаўнікам улады адказваюць моцным ціскам не толькі з боку адміністрацыі, але і сілавікоў. Перадусім рэпрэсіі зазнаюць прадстаўнікі стачкамаў.

25 жніўня 10 содняў арышту атрымаў прадстаўнік страйкаму МАЗу Сяргей Дылеўскі.

26 жніўня 10 содняў адміністратыўнага арышту атрымаў старшыня страйкаму Менскага заводу колавых цягачоў Аляксандр Лаўрыновіч.

За мяжу мусілі выехаць некаторыя прадстаўнікі страйкамаў «Беларуськалію». 24 жніўня ў Салігорску затрымалі і судзілі сустаршыню стачачнага камітэту шахцёраў Анатоля Бокуна. Яго аштрафавалі на Br 675 за ўдзел у акцыях пратэсту.

Акцыя ў падтрымку работнікаў ААТ «Беларуськалій» на цэнтральнай плошчы Салігорску, Беларусь. 18 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

ДР belsat.eu

Стужка навінаў