Што перашкаджае беларуска-польскаму бізнесу без палітыкі


&feature=youtu.be

Польшча адкрытая да эканамічнае супрацы з Беларуссю. Пра гэта роўна год таму заявіў польскі віцэ-прэм’ер Матэўш Маравецкі на спатканні ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам, тым самым даўшы «зялёнае святло» польскім кампаніям на вядзенне бізнесу ў Беларусі. У адказ Варшава чакала, што Лукашэнка адмовіцца ад ролі суворага рэгуліроўшчыка і створыць карысныя ўмовы для замежных інвестараў.

Зялёнае святло ёсць, але перашкоды засталіся. Падвойны кантроль на беларуска-польскай мяжы – усцяж адная з галоўных праблемаў для транспартавых фірмаў. Пра гэта, між іншага, вялося ў Менску на паседжанні польска-беларускай працоўнай групы ў справе гандлю ды інвестыцыяў.

«Было б лепш, каб быў аднабаковы кантроль. Як паміж Канадай і ЗША. Каб пры выездзе спраўджвала толькі адная краіна. Тое самае пры ўездзе. Гэта напэўна б моцна аблягчыла транспарт», – кажа Марта Махнацка з кампаніі «Xpedycja Polska».

Праца групы перадусім скіраваная на тое, каб зрабіць супрацу паміж краінамі больш эфектыўнаю. Польскія бізнесоўцы спаткаліся з беларускімі калегамі, каб пазнаёміцца з умовамі вядзення бізнесу ў Беларусі і вызначыць найбольш перспектыўныя кірункі.

«Тое, што ў Беларусі вымагае мадэрнізацыі, развіцця, – гэта сельска-спажывецкі сектар. Там існуе шмат фірмаў, якія патрабуюць мадэрнізацыі. Ёсць недабор капіталу і тэхналогіяў. Таму польскія фірмы маюць шмат магчымасцяў прадаць тэхналогіі ды ўвайсці са сваім капіталам», – мяркуе прадстаўнік Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Казімеж Здуноўскі.

Запрашэнне для польскага бізнесу прагучала ў Менску падчас спаткання віцэ-прэмʼера Польшчы Матэўша Маравецкага з кіраўніком Беларусі год таму. Лукашэнка даў зразумець, што яго цікавіць супраца. Але толькі эканамічная.

«Калі мы разлічваем на больш шчыльныя дачыненні з нашаю найбліжэйшаю суседкаю, якой ёсць Польшча, нам канечне трэба ствараць фундамент гэтых дачыненняў, і фундаментам можа быць толькі эканоміка», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Бо на палітычным узроўні бакі маюць супрацьлеглыя погляды. Для Польшчы Беларусь застаецца краінаю, якая рэгулярна парушае правы чалавека. З пераследам сутыкаецца ў тым ліку польская меншасць і Саюз палякаў у Беларусі, які яе прэзентуе.

Лукашэнку ж не падабаецца, што Варшава шмат гадоў падтрымлівае дэмакратычную супольнасць у Беларусі.

«Для польска-беларускай эканамічнай супрацы найлепш, калі ў ёй ёсць як найменш палітыкі ды як найбольш малых і сярэдніх фірмаў, якія паміж сабою падпісваюць карысныя ўмовы. Калі вядзецца пра вектары замежнай палітыкі, надалей існуе вялікая розніца, праз якую праекты на ўрадавым узроўні маюць меншы шанец на рэалізацыю», – мяркуе польскі аналітык рынку энергіі Войцех Якубік.

Як у выпадку Астравецкай атамнай электрастанцыі. Суседняя краіна ўжо заявіла, што не будзе набываць энергіі ў Беларусі, бо ў аснове АЭС ляжаць небяспечныя тэхналогіі. Варшава падкрэслівае, што гэтая пастанова не зменіцца нават у выпадку пазітыўнай ацэнкі з боку МАГАТЭ.

«Палякі не хочуць імпартаваць энергіі з атамнай электрастанцыі, якую будуюць у Астраўцы, і скептычна ставяцца да глыбейшай энергетычнай супрацы з Беларуссю, якая так ці іначай застаецца пад энергетычным уплывам Масквы. І гэта пэўны пункт, у якім мы напэўна хутка не пагодзімся», – адзначае Войцех Якубік.

Варшаву перадусім цікавіць галіна сельскае гаспадаркі, машынабудавання і дрэваапрацоўвання. Апошнія звесткі сведчаць пра ажыўленне ўзаемнага гандлю, які за восем месяцаў года вырас на 15 адсоткаў. На спатканні працоўнае групы ў Менску бакі заявілі, што разлічваюць на хуткі рост таваразвароту да 4 мільярдаў долараў.

«Я думаю, што сённяшняя імпрэза ёсць доказам таго, што праяўляецца вялікі інтарэс да беларускага рынку. На семінары беларуска-польскім прысутнічае вялікая колькасць польскіх кампаніяў», – кажа прадстаўнік Нацыянальнага цэнтру маркетынгу і канʼюнктуры цэнаў Валер Садоха.

Польшча сапраўды ўсё больш ахвотна інвестуе ў беларускую эканоміку. Цяпер у Беларусі працуе больш за трыста фірмаў з польскім капіталам. Летась абʼём наўпроставых інвестыцыяў склаў 200 мільёнаў долараў і амаль столькі ж – цягам першага паўгоддзя сёлета. Польскія кампаніі гатовыя браць актыўны ўдзел у прыватызацыі, але ўсцяж чакаюць згоды ўраду Беларусі.

«Працэс прыватызацыі няпросты. Бо можна ўсё вельмі танна прадаць, таму ідзе такі асцярожны працэс, можа, ёсць і запавольванне. Але трэба разумець, што калі мы збіраемся прыцягнуць інвестара, то пытанні прыватызацыі мусяць развязвацца больш хуткімі тэмпамі», – тлумачыць Валер Садоха.

Пагатоў інвестара такога ўзроўню. На гэты момант эканоміка Польшчы – самая вялікая сярод краінаў Цэнтральнай Еўропы, 6-ая ў Еўразвязе і 24-ая ў свеце.

«Польскія фірмы могуць інвеставаць ці прыходзіць у Беларусь гэтак сама, як у Нямеччыну або Францыю, ці размяшчаць свой капітал у Афрыцы. Таму бізнесоўцы маюць шырока адкрыты свет. З іншага боку ёсць пытанне, наколькі прывабнаю будзе Беларусь у параўнанні да іншых краінаў, да іншых рэгіёнаў бізнесу?», – задаецца пытаннем Казімеж Здуноўскі з Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Як адзначаюць эксперты, эканамічная прывабнасць Беларусі наўпрост залежыць ад рэформаў і адкрытасці Менску на замежны бізнес. І тут Польшча, якая прайшла паспяховы шлях ад камунізму да вольнага рынку, можа зрабіцца хаўруснікам Беларусі. Нават калі гэтая супраца будзе толькі эканамічная.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» 27 кастрычніка 2017 г.

Іншыя тэмы праграмы:

  • Кітайскі цмок узмацняе беларускага зубра
  • Пётр Рудкоўскі: «Захад ужо не вораг для Менску». Інтэрвʼю з акадэмічным дырэктарам Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў
  • Польскі пісьменнік: «Беларусы мусілі схавацца на пэўны час пад зямлю». Інтэрвʼю з Матэўшам Марчэўскім
  • Як у Эстоніі змагаюцца з крамлёўскай прапагандай… з дапамогай расейскай мовы
Стужка навінаў