Што пачытаць зімовымі вечарамі? Топ-10 кніг


Маладыя беларускія аўтары, старая добрая класіка, авантурная проза і містыка, дзіцячая літаратура і кулінарныя кнігі. Мы падабралі дзясятак кніг, выданне якіх вы маглі прапусціць – але набыць яшчэ не позна!

Сяргей Пясецкі «Гляну я ў аконца…»

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Другая частка гэтак званай «Менскай трылогіі» ад легендарнага кантрабандыста і шпіёна Пясецкага. Падзеі адбываюцца ў 1919-м, калі Менск нагадвае Вавілон: бандыты, прастытуткі, фарцоўшчыкі, кайзераўскія войскі… У гэтым віры і ўзыходзіць зорка галоўнага героя – злодзея Сяргея Барана. Аматарам авантурнай прозы кніжка будзе даспадобы!

«Амерыканская трыяда»

Паланік, Букоўскі, Этўуд – Амерыканская трыяда. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Трыяду складаюць выданні Чака Поланіка, Чарлза Букоўскі і Маргарэт Этўуд. Перачытаць жорсткія экзістэнцыйныя дыялогі з «Байцоўскага клубу», а таксама пазнаёміцца з «брудным рэалізмам» Букоўскі цяпер можна і па-беларуску. Дарэчы, кніжкі выйшлі ў зручным кішэнным фармаце, што спрашчае чытанне ў метро, аўтобусе або цягніку.

Ёанна Фургаліньска «Польская кухня»

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Аматарам кулінарыі раім практычны падручнік з нацыянальнай кухні нашых заходніх суседзяў. Чым кніжка незвычайная? Усе рэцэпты прапісаныя і намаляваныя як комікс, проста і зразумела. Таму гатаванне капытак ці журэка перастае быць складанай матэматычнай задачай, пераўтварыўшыся ў каляровы кўэст!

Юлія Шарова «Вяртанне Ліліт»

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Згодна з даўнім паданнем, Ліліт – першая жонка Адама, папярэдніца Евы, якой не знайшлося месца ані ў Раі, ані ў Пекле. Таму Ліліт наканавана стагоддзямі блукаць па зямлі, як Агасфэр, Мэфістофэль ды іншыя містычныя персанажы. З той розніцай, што Ліліт увасабляе жаноцкасць: спакуслівую, пякучую, а часам і небяспечную… У кнізе Юліі Шаровай Ліліт трапляе ў сучасны Менск, сустракаючы тут персанажаў з нашай будзённасці: журналістаў, праграмістаў, анёлаў і дэманаў.

Філіп Вінклер ‘HOOL’

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Жорсткая проза Вінклера прыадчыняе схаваны, але праз тое яшчэ больш прывабны свет футбольных фанатаў. Бясконцы ланцуг жыццёвых паразаў, праблемы з бацькамі, здрады сяброў і вулічныя бойкі – як выжыць у гэтым вялікім свеце, дзе ты нікому не патрэбны, апроч самога сябе? Як выстаяць?.. Адказ дае гісторыя Хайка Кольбэ, футбольнага фаната з нямецкай правінцыі.

Томас Ман «Смерць у Венецыі»

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Збор навелаў ад мэтра нямецкай літаратуры Мана пацешыць аўтараў медытатыўнай інтэлектуальнай прозы. Томас Ман, узяўшы на ўзбраенне манеру аўтараў ХІХ стагоддзя, спрабуе знайсці выспы спакою і рэфлексіі ў віры бязглуздага механізаванага ХХ стагоддзя. «Трыстан», «Тоніа Крэгер», «Смерць у Венецыі» лічацца шэдэўрамі тонкага псіхалагізму і гармоніі паміж нацыянальным і агульначалавечым пачаткам. Калі на двары халодна, а за вакном віруе завея – самы час чытаць Мана!

Расціслаў Сэмкіў «Як пісалі класікі»

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Як напісаць добрую кнігу? Ці варта брацца за працу сярод ночы або – ад самага ранку? Ці ўплывае на вынік расстаноўка прадметаў на працоўным стале ці колер абажура настольнай лямпы?.. Вялікія пісьменнікі адно зрэдку прыадчыняюць свае таямніцы, таму кніга ўкраінца Сэмківа – сапраўдная знаходка для тых, хто чытае і піша. Орўэл, Брэдбэры, Вонэгут, Крысці, Эка пад адной вокладкай распавядаюць, як пісалі свае пасланні ў вечнасць і што паўплывала на іхны поспех.

Кен Кізі «Палёт над гняздом зязюлі»

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Яшчэ адзін класічны твор з серыі «Амерыканка» (гэта не пра аднайменнае СІЗА КДБ, але пра амерыканскую літаратуру). Кніга пра адхіленні ды «нармальнасць», рэпрэсіўнае грамадства і вечных нонканфармістаў, урэшце, пра тое, як заставацца свабодным ва ўсіх сітуацыях, будзе бясспрэчна актуальная для нашых суайчыннікаў. Пагатоў па-беларуску!

Ірына Данеўская «Багуслаў Радзівіл»

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Нямецкі прынц» ці ліцвінскі магнат, геданіст ці патрыёт, казанова ці верны муж? Таямніцы нашай гісторыі выцягвае з далёкай шуфляды ўкраінская пісьменніца Ірына Данеўская, якая нямала папрацавала з архівамі ды крыніцамі перш як брацца за мастацкую прозу. А яшчэ аўтарка чарговы раз даводзіць: вялікі гістарычны раман – зусім не атавізм з часоў Сінкевіча і Скота, а цалкам жывы і запатрабаваны жанр. Асабліва ў выпадку народаў, якія да канца гэтак і не адрэфлексавалі сваю гісторыю.

Юя Вісландэр, Свэн Нурдквіст «Мама Му ўяўляе»

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Чытаць варта не толькі для сябе любімага, але і дзеткам. Малым чытачам, якія некалі адкрыюць свет Чарлза Букоўскага і Умбэрта Эка, сёння раім маляўнічую гісторыю Мамы Му і яе сябра Крумкача. «Крумкач, давай будзем уяўляць, што цяпер лета! Хадзем на двор!..» – бадай, гэта і ёсць крэда няўрымслівай і неймаверна эмацыйнай гераіні кнігі, а таксама – добрае зычэнне ўсім аматарам чытаць доўгімі зімовымі вечарамі.

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

Стужка навінаў