Што пачытаць? Кнігі з Менскай міжнароднай кніжнай выставы


У сталіцы распачалася XXV Менская міжнародная кніжная выстава. Сярод дзясяткаў тысячаў кнігаў журналісты belsat.eu паспрабавалі знайсці найбольш цікавыя экзэмпляры.

Арт Шпігельман. Маус. Кошт 43р.30к. Стэнд

Графічны раман, у якім аўтар распавядае пра жыццё свайго бацькі, які перажыў Галакост. У коміксе немцы намаляваныя ў выглядзе катоў, а габрэі – мышэй. За гэты графічны раман у 1992 годзе Арт Шпігельман атрымаў Пулітцараўскую прэмію.

Сяргей Пясецкі. Яблычак. Кошт 9р.36к. Польскі стэнд

«Яблычак» – гэта першая кніга з серыі «Менскай трылогіі»

Асноўнае дзеянне кнігі разгортваецца вясною 1918 года. Падчас Першай сусветнай вайны ў Менск пачалі прыязджаць прадстаўнікі зладзейскага свету. У рамане апісваецца жыццё гораду ў тыя нялёгкія часы.

3 сакавіка а 17-00 на польскім стэндзе адбудзецца прэзентацыя кнігі, дзе можна будзе паслухаць і паразмаўляць з адным з вядоўцам «Белсата» Віктарам Шукеловічам, які пераклаў гэты раман на беларускую мову.

 

Сусветная спадчына Францыска Скарыны. Кошт 35 р. Стэнд «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»

Унікальнае выданне, выдадзенае ў межах серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў». У кнізе прадстаўлены 25 кніг Скарыны, выданне аздоблена прыгожымі фатаздымкамі і малюнкамі. Тэксты ў кнізе на трох мовах – беларуская, расейская і ангельская. У 2017 годзе гэтае выданне атрымала Гран-пры конкурса, які праводзіўся падчас кніжнай выставы ў Астане.

Яанна Фургаліньска. Польская кухня. Кошт 18 р. Стэнд «Выдавецтва Янушкевіч»

У Беларусі прадстаўлены пераклад з польскай мову кулінарнай кнігі з польскімі стравамі. Гатаваць па гэтай кніжцы зможа і Гордан Рамзі, і звычайны школьнік. Кожны этап гатавання стравы прыгожа і зразумела намаляваны. Smacznego!

Рыгор Сітніца. Простыя рэчы. Кошт 27 р. 50к. Стэнд выдавецтва «Звязда»

Рыгор Сітніца – старшыня Беларускага саюза мастакоў. У гэтым альбоме змешчаныя графіка, паэзія і жывапіс Рыгора Сітніцы. Вельмі прыгожае выданне стане упрыгожваннем не толькі вашай калекцыі, але можа стаць выдатным падарункам.

Алесь Разанаў. Талакуе з маланкай дождж. Кошт 14 р.40к. Стэнд «Мастацкай літаратуры»

«Кніга – самае поўнае выданне пункціраў Алеся Разанава (ад 1966 па 2017 год), і той, хто чытае, можа прасачыць па іх эвалюцыю самога жанру. Гравюры Кацярыны Дасько насычаюць кнігу ўзорамі бачання і робяць яе літаратурна-мастацкай» – так напісана ў анатацыі да кнігі.

Не маем ніякіх сумневаў у напісаным, таму раім вам яе пачытаць.


Уладзімір Караткевіч. Збор твораў. Том 16. Кошт 21 р. Стэнд «Мастацкай літаратуры»

У шаснаццаты том увайшлі сцэнары Караткевіча, па якіх здымаліся мастацкія фільмы «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Гальшанскі», і «Дзікае паляванне караля Стаха». Таксама тут размешчаныя творы, па якіх маглі зняць фільмы, але рэдакцыйная рада кінастудыі іх не ўзяла ў рэалізацыю. Тэксты ў кніжцы падбірала Валярына Кустава – вядоўца праграмы «Прыват» на «Белсаце». А яна ведае толк у Караткевічы, вы уж нам паверце.

Віктар Кажура. Азбука ў вершах і малюнках. Кошт 5 р. Стэнд выавецтва «Пачатковая школа»

Віктар Кажура прысвяціў гэтую кніжку сваёй унучцы. Па маленькіх вершах малым вельмі зручна вучыць і запамінаць беларускую азбуку. Кніжка аздоблена цудоўнымі малюнкамі Алены Саковіч, якія яшчэ больш пагружаюць чытачоў у чароўны дзіцячы свет. Гэта другое выданне, першы тыраж у тры тысячы экзэмпляраў вельмі хутка разышоўся.

Луіджы Серафіні. Codex Seraphinianus. Кошт 162р. Украінскі стэнд.

Самая дзіўная, на наш погляд, кніга, напісаная італьянскім дызайнерам і архітэктарам. Яна напісаная на невядомай мове незразумелымі літарамі. Гэтую мову і альфабэт прыдумаў сам Серафіні, каторы кажа, што зразумець яе могуць толькі дзеці і, магчыма, ягоны кот, якія сядзеў і глядзеў, як Серафіні вымалёўвае дзіўныя словы дзіўнымі літарамі. У кнізе шмат цікавых ілюстрацыяў.

XXV Менская міжнародная кніжная выстава месціцца ў будынку БелЭкспа на праспекце Пераможцаў, 14, і будзе доўжыцца па 4 сакавіка.

Ганна Аземша, Ірына Арахоўская, belsat.eu

Стужка навінаў