Што новага з вайсковай тэхнікі паказалі на парадзе ў Менску


Традыцыйна вайсковы парад – урачысты праход вайскоўцаў, часта разам з баявой тэхнікай і авіяцыяй – выкарыстоўваецца для дэманстрацыі вайсковай магутнасці супернікам, умацавання веры насельніцтва ў свае ўзброеныя сілы.

Фота: ТК / Belsat.eu

Аднак у гэтым годзе, у разгар эпідэміі, складваецца такое ўражанне, што парад 9 траўня ў Менску арганізаваны толькі дзеля аднаго – паказаць абсалютную ўладу кіраўніка дзяржавы, і што жыцці грамадзянаў і абаронцаў Беларусі нічога не вартыя.

Звычайна на парадах краіны дэманструюць самую сучасную вайсковую тэхніку. Што ж паказалі беларусам у гэтым годзе? Распавядзем пра найбольш важныя машыны!

ВІДЭА
«Белсат» правёў стрым з Менску. З-за антыпарада ў Бабруйску палову гораду заблакавалі
2020.05.09 11:00

Механізаваны кулак

У якасці музейнага экспанату праехаў сярэдні танк Т-34 з 85-мм пушкай – такія сталі паступаць у савецкія войскі ў 1944 годзе і маглі тады складаць даволі небяспечную канкурэнцыю нямецкім Тыграм і Пантэрам. Такія танкі сталі сімвалам савецкай перамогі ў вайне, таму і стаяць у якасці помнікаў па ўсім былым СССР. Асноўны цяжар вайны сярод савецкіх танкаў вынеслі куды менш магутныя машыны.

Далей прайшлі танкі сучаснай беларускай арміі – Т-72Б3. Гэта чарговая зробленая ў Расеі мадэрнізацыя яшчэ савецкіх танкаў Т-72, з больш магутным рухавіком, узмацненнем брані, палепшаным комплексам узбраення. Яны маюць 125-мм пушку і два кулямёты – 7,62-мм і 12,7-мм.

Усяго такіх танкаў у беларускім войску 19 – іх пастаўляюць па некалькі штук з 2017 года. Агулам Беларусь мае каля 1300 танкаў розных мадыфікацый.

Разам з танкамі – бронетранспарцёры БТР-70МБ1 і БТР-80. Абодва ўзоры тэхнікі – беларуская мадэрнізацыя савецкіх машын. Прыкмета вывучэння вайны на Данбасе – супрацькумулятыўныя экраны. Новую баявую тэхніку для беларускай пяхоты і камандас увасабляюць браніраваныя аўтамабілі – Багатыр, Цмок, Кайман, Ліс-ПМ, разведвальная машына БРДМ-4Б.

Фота: ТК / Belsat.eu

Доўгая вогненная рука

Артылерыя, як паказаў канфлікт на Данбасе, застаецца асноўным сродкам знішчэння праціўніка, асабліва калі авіяцыя не можа эфектыўна дзейнічаць.

У беларускім выпадку гэта самаходныя і несамаходныя мінамёты і гаўбіцы, у аснове каторых савецкія ўзоры – 120-мм мінамёт Сані, Нона М1, 152-мм гаўбіца Мста-Б. Таксама ў парадзе ўдзельнічала беларуская мадэрнізацыя 122-мм ракетнай сістэмы залпавага агню Град БМ-21А на базе МАЗ-6317. Асобна праехала сярод навінак лёгкая РСЗА Флейта.

Hавiны
Маленькая сястра «Паланезу»: Беларусь паказала новую сістэму залпавага агню
2020.01.31 16:26

Разам праехала мадэрнізаваная ў Беларусі 220-мм РСЗА Ураган М, якая ўпершыню ўдзельнічала ў такім мерапрыемстве. Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт паведамляў, што ў выніку мадэрнізацыі машына стала больш надзейнай, мабільнай, хуткасць падрыхтоўкі яе да агню знізілася ў 2 разы і яна мае сучасныя сродкі сувязі і навядзення.

Найбольш магутнай у гэтым шэрагу была перліна беларускага ВПК – ракетная сістэма В200 Паланэз калібру 301 мм з дальнасцю агню да 300 км. Гэтыя машыны прадаюцца ў Азербайджан, які не шкадаваў грошы ад продажу нафты на ўмацаванне арміі. Беларуская армія ж застаецца на галодным пайку, таму зараз Паланэзаў у Азербайджана можа быць больш, чым у самой Беларусі.

Фота: ТК / Belsat.eu

Супрацьпаветраны парасон і сувязь

Каб артылерыя, пяхота і танкі маглі не баяцца атакі з паветра, іх абараняюць супрацьпаветраныя комплексы рознай дальнасці – С-300ПС, Тор-М2, беларуская мадэрнізацыя савецкай Асы, беларуская мадэрнізацыя таксама савецкага комплексу Бук.

Важнасць сувязі і моц уплыву на баявыя дзеянні радыёэлектроннай барацьбы таксама былі яскрава прадэманстраваныя апошнімі вайсковымі канфліктамі. У выніку значная частка найменняў тэхнікі – комплексы сувязі, радыёлакацыі, нябачнага змагання на радыёхвалях і ў правадах. Гэта радыёлакацыйны комплекс вызначэння цэляў на малой вышыні Раса-РБ-М, станцыя сувязі Р-432 Гарызонт, станцыя спадарожнікавай сувязі Р-443 і іншыя.

Hавiны
Пальцам у неба ці грошы на вецер. Навошта Лукашэнку Су-30?
2019.02.05 09:05

Асобную калону склалі навінкі ад Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту, такія як рабатызаваны комплекс Берсерк – фактычна маленькі беспілотны танк з цяжкімі кулямётамі, ці такая ж маленькая беспілотная РСЗА Ўістл калібру 57 мм. На аўтамабілях праехалі беларускія беспілотнікі Буравеснік, Беркут, Кондар-2.

Фота: ТК/Belsat.eu

Паветраны парад ніякіх асаблівых навінак не прадэманстраваў – зрэшты, Беларусь, акрамя беспілотнікаў, і не вырабляе самастойна нічога, што лятае. Хіба што першы раз удзельнічалі ў парадзе купленыя нядаўна ў Расеі цяжкія знішчальнікі Су-30, разумнасць набыцця якіх экспертамі ставіцца пад сумнеў.

Belsat.eu

Стужка навінаў