Што новага пра Лукашэнку мы даведаліся з прэс-канферэнцыі?


На прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў Аляксандр Лукашэнка казаў не толькі пра стасункі з Расеяй, палітыку і эканоміку, але і распавядаў пра сябе. Belsat.eu падрыхтаваў падборку найбольш цікавых асабістых адкрыццяў Лукашэнкі.

Як змянілася ягонае стаўленне да крытыкі дзякуючы Барысу Ельцыну

Лукашэнка і Ельцын. Фота – president.gov.by

«Калі я стаў прэзідэнтам, я рэагаваў на кожны скрып пяра маладога журналіста. І аднойчы ў мяне адбылася размова з Барысам Мікалаевічам. Адзіны чалавек, з якім я мог выпіць. Барыс Мікалаевіч, ну што гэта такое? Гэта ж няпраўда… Ён спытаў – ты што, газеты чытаеш і тэлевізар глядзіш? Табе што, рабіць няма чаго? Я тады задумаўся», – прызнаўся Лукашэнка.

Лукашэнка сказаў, што менавіта Ельцын навучыў яго спакайней ставіцца да крытыкі.

Пра жывёлінаў

Лукашэнка і карова, 2016 год. Фота – president.gov.by

Лукашэнка расказаў, што з найвялікшым хваляваннем ставіцца да жывёлінаў. Асабліва да цялят.

«Каму помнік у Беларусі трэба паставіць, дык гэта карове», – перакананы Лукашэнка.

Ён таксама распавёў, што вельмі цяжка перажывае смерць хатніх жывёлінаў і таму адмовіўся ад прапановы сына ўзяць яшчэ аднаго сабаку. Цяпер, дадаў Лукашэнка, у яго жывуць тры ката і дзве сабакі.

Цікава, што ідэя стварыць помнік карове ў Беларусі з’явілася яшчэ з 2015 года, але дагэтуль застаецца нерэалізаванай. Плануецца, што скульптура будзе размешчаная ля Камароўскага рынку. Сёлета стала вядома, што ўлады збіраюцца прыцягнуць на гэты праект вялізарныя грошы – амаль $ 130 тыс.

Пра нецэнзурную лаянку

Аляксандр Лукашэнка, 14 снежня 2018 г. Фота – president.gov.by

«Я сам яшчэ той мацяршчыннік», – прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. Пасля чаго абмовіўся, што мат не павінен гучаць публічна ці са сцэны.

Глядзіць «Дождь»

Распавядаючы пра прапаганду падчас выкладання гісторыі, Лукашэнка прыгадаў, што «учора глядзеў на «Дожде» аднаго гісторыка» – праўда, не з самага пачатку. Верагодна, Лукашэнка меў на ўвазе інтэрв’ю тэлеканалу з аўтарам падручнікаў па гісторыі Расеі Леанідам Кацвай.

Нагадаем, «Дождь» – адзіны незалежны тэлеканал у Расеі. «Дождь» дазваляе сябе жорстка крытыкаваць Пуціна і палітыку Крамля.

Таксама Лукашэнка прызнаўся, што сочыць за некаторым тэлеграм-каналамі.

Пра яшчэ адну сваю прафесію

Нарэшце, Лукашэнка прыгадаў, што ён «былы фатограф». Праўда, дэталі сваёй працы фатографам Лукашэнка не распавёў.

Hавiны
Фатограф, камсамолец, спартовец. Што кажа пра свае прафесіі і заняткі Лукашэнка?
2018.12.14 13:41

ІІ, belsat.eu, паводле sputnik.by

Стужка навінаў