Што не так з беларускаю вышэйшай адукацыяй? Топ-5 фактаў ад экспертаў Балонскага камітэту


Грамадскі Балонскі камітэт 5 лютага прэзентаваў у «Press Club Belarus» комплекснае даследаванне «Белая кніга 2018. Еўрапейскія перспектывы беларускай вышэйшай адукацыі». Эксперты распавялі, з якімі выклікамі сутыкнулася беларуская сістэма адукацыі пасля ўступлення ў Балонскі працэс і якіх зменаў патрабуе ў найбліжэйшым часе.

З 2011 года грамадскі Балонскі камітэт аналізуе беларускую адукацыйную палітыку. Гэтая працоўная група прапанавала ўнесці папраўкі ў Кодэкс аб адукацыі, якія дазволілі б Беларусі не толькі зняць прэтэнзіі да стану акадэмічнай свабоды, універсітэцкай аўтаноміі і самакіравання ВНУ, але і заняць асноўную пазіцыю ў сферы адукацыі сярод еўрапейскіх краінаў.

У 2015 годзе Беларусь афіцыйна далучылася да Балонскага працэсу, аднак рэформы ідуць марудна і не маюць інавацыйнага характару.

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларуская адукацыя ў рэформах не мае патрэбы.

«Рэформамі мы ніколі не займаліся ў адукацыі і займацца не будзем. Мы павінны ўдасканальваць тое, што маем сёння, і тое, што атрымалі ўчора. Ламаць нічога нельга», – сказаў ён.

Тым часам эксперты, што ўваходзяць у грамадскі Балонскі камітэт мяркуюць: калі рэформы і далей зацягваць, не зважаюючы на відавочныя дэфармацыі і дысбалансы сістэмы, неўзабаве беларуская адукацыя стане абсалютна бескарыснай рэччу.

Уладзімір Дунаеў прадстаўляе “Белую кнігу 2018”. Фота Белсат

Колькасць студэнтаў падае

З 2014 года колькасць студэнтаў скарацілася на 36%. Пры гэтым на 40% скарацілася доля студэнтаў-выпускнікоў сельскіх школаў.

Што датычыць людзей з інваліднасцю сярод навучэнцаў ВНУ -іх стала на 23% меней.

Паводле дадзеных Белстату, у 2014 годзе ў Беларусі ў ВНУ навучаліся больш за 362 тысячы чалавек. Сёлета гэтая лічба апусцілася да 268 тысяч, а колькасць установаў скарацілася з 54 да 51.

Дзяржава выдаткоўвае менш грошай

Моцна скараціліся выдаткі бюджэту на вышэйшую адукацыю.

«Выдаткі на аднаго студэнта за апошнія пяць гадоў знізіліся на 25%, а на фінансаванне вышэйшай адукацыі ў цэлым – на 44%», – распавядае сябар грамадскага Балонскага камітэту, была прарэктар ЕГУ Уладзімір Дунаеў.

Паводле словаў Дунаева, існуюць тры крытэры ацэнкі эфектыўнасці адукацыйнай сістэмы: дасяжнасць, выдаткі і якасць. Цяпер адзначаецца пагаршэнне сітуацыі па ўсіх трох пунктах.

ВІДЭА
Уладзімір Дунаеў: За год у Балонскім працэсе адукацыя Беларусі амаль не змянілася
2016.06.03 19:23

Нізкая якасць адукацыі = рост беспрацоўя

Якасць адукацыі ацаніць даволі складана, адзначае эксперт, бо не існуе адзінага крытэра яе вызначэння.

«Ацэнкі на іспытах далёка не заўсёды адлюстроўваюць рэальны стан рэчаў. З такой тэндэнцыяй скарачэння выдаткаў на адукацыю, ні пра які рост яе якасці казаць не даводзіцца. Калі праблемы з якасцю былі пяць гадоў таму, то сёння, калі грошай на адукацыю сталі выдаткощваць яшчэ менш, яны толькі пагоршыліся», – кажа Дунаеў.

Зніжэнне якасці адукацыі ўскосна пацвярджае і той факт, што з 2000 па 2017 гады доля беспрацоўных сярод выпускникощ ВНУ павяличылася ў два разы. Маючы дыплом са спецыяльнасцю, попыт на якую адсутнічае а рынку працы, людзі папросту не змаглі ўладкавацца.

Адсутнічае зваротная сувязь ВНУ-працадаўца

Паводле словаў загадчыка кафедры БДТУ, кандыдата фізіка-матэматычных навук Сяргея Вятохіна, матывацыя студэнтаў «ніжэй за плінтус», бо з іх зрабілі незапатрабаваных спецыялістаў.

«Яны паступаюць у ВНУ дзеля дыплома, а не дзеля ведаў. Але працадаўцу не цікавы іхны дыплом, яму патрэбныя кампетэнцыі», – сцвярджае эксперт.

Далучыўшыся да Балонскага працэсу, Беларусь абавязалася стварыць незалежнае агенцтва, якое ацэньвала б задаволенасць працадаўцаў узроўнем падрыхтоўкі выпускніка. Такое агенцтва забяспечыла б зваротную сувязь паміж ВНУ і рэкрутэрам. У выніку гэты пункт Беларусь выканала фармальна, даручыўшы функцыю не незалежнай структуры, а дзяржаўнаму Дэпартаменту кантролю якасці адукацыі, які ўваходзіць у Мінадукацыі.

То бок, дзяржава прадказальна манапалізавала права ацэньваць якасць акадэмічнай падрыхтоўкі.

Аб’ектыў
Балонскі працэс у Беларусі: ты студэнт, пакуль маўчыш
2017.06.26 22:12

Улады падазрона ставяцца да акадэмічных свабодаў

Для Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА) акадэмічная свабода і сумленнасць, інстытуцыйная аўтаномія і ўдзел студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтамі, адказнасць грамадства за вышэйшую адукацыю і адказнасць ВНУ перад грамадствам з’яўляюцца базавымі каштоўнасцямі.

«Аднак у Беларусі працягваюцца акадэмічныя рэпрэсіі і заканадаўчае абмежаванне акадэмічнай свабоды. Нізкі ўзровень аўтаноміі беларускіх ўнівэрсітэтаў і недэмакратычныя метады кіравання здольныя абясцэніць магчымы будучы прагрэс у імплементацыі Балонскіх інструментаў», – сцвярджаюць эксперты.

На думку аўтараў «Белай кнігі 2018», прыняць правільныя рашэнні беларускім уладаў перашкаджае падазронасць у дачыненні да еўрапейскіх акадэмічных імператываў і страх страты кантролю над грамадствам у цэлым.

***

Сябры грамадскага Балонскага камітэту рэзюмуюць: Беларусь зацягнула рэформы, якія неабходна было правесці яшчэ 20 гадоў таму. Хаця эксперты і прызнаюць, што выкананне абавязкаў у межах балонскага працэсу не азначае аўтаматычнае вырашэнне праблемаў. Калі мець на мэце працяглы станоўчы эфект, рэформы мусяць быць не шокавымі, а паслядоўyымі і комплекснымі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў