А што, калі праўда… Хто зойме месца Пуціна?


Штораз даўжэйшая адсутнасць кіраўніка Расеі на публіцы выклікае ў Маскве паніку. Разам з тым нараджаюцца развагі, хто мог бы замяніць Уладзіміра Пуціна, калі б яго сапраўды не стала.

Страх у паветры

«Людзі жывуць сваім жыццём, яны ходзяць па вуліцах, можа, дзесьці ў вузкіх колах нехта пра нешта горача спрачаецца, але адчуваецца нейкая трывога ў атмасферы, – мяркуе Саша Сотнік, вядомы сваймі відэарэпартажамі пад лагатыпам «Sotnik-TV». – Але я б не сказаў, што ўсе па вуліцах ходзяць і зацята абмяркоўваюць знікненне Пуціна».

На вуліцах, можа, і не абмяркоўваюць, але ў блогах і сацыяльных сетках гэта тэма №1. А вось і адна з самых новых сенсацый: Пуціна трымаюць у бункеры ў Цвярской вобласці.

«Я ж кажу – у бункеры… Пуцін знаходзіцца ў Цвярской вобласці з 6 сакавіка. Інфармацыя ад персаналу, які абслугоўвае. Калі адтуль паляцяць, – невядома, сядзяць і чакаюць», – сцвярджае расейскі фінансіст і блогер Слава Рабіновіч.

Але такія, на першы погляд абсурдныя, паведамленні звязаныя з сурёзнай аналітыкай. Украінскае выданне «Новое Время» заяўляе пра палацавы пераварот як пра адну з магчымых версіяў таямнічага знікнення расейскага лідара.

Палацавы пераварот?

«Гэтую гіпотэзу актыўна вылучаюць расейскія аглядальнікі і эксперты. Іх аргументы пра тое, што барацьба за ўладу ў Расеі вылілася паміж дзвюма групамі ўплыву (найбліжэйшым акружэннем Пуціна і так званай групай вялікай вайны), выглядаюць цалкам сурёзна. Каталізатарам або акурат вынікам гэтых спрэчак стала забойства Барыса Нямцова. Пасля гэтага канфлікт уступіў у актыўную фазу, і цяпер прагнозы аналітыкаў адрозніваюцца: альбо арганізатары забойства Нямцова спрабуюць скінуць Пуціна, а ягоныя паплечнікі здаюць пазіцыі, альбо фінальная сутычка яшчэ толькі наперадзе, і напружаная барацьба на расейскай палітычнай сцэне – толькі пачатак. Гэтая версія выглядае цалкам верагоднай, бо яе прыхільнікі вельмі лагічна аргументуюць, што пад Пуціным пахіснуўся трон», – піша «Новое Время».

«Вялікая кроў» супраць «Крыві і бабла»

У гэтую версію верыць былы дарадца прэзідэнта Расеі Андрэй Іларыёнаў. У сваім блогу ён прадказвае, што цягам блізкіх дзён у Крамлі зменіцца ўлада. Уладзімір Пуцін мае сысці, а большасць яго верных прыяцеляў таксама знікне з шэрагу расейскай палітычнай эліты.

«Пасля сканчэння амаль двухтыднёвай жорсткай барацьбы пад дываном карціна поля бітвы, што адкрылася для грамадскасці, амаль не пакідае сумненняў у яе выніках. Партыя «крыві і бабла» панесла цяжкія страты і адступае па ўсім фронце пад націскам партыі «вялікай крыві», – піша Іларыёнаў, які назваў гэтыя падзеі «змовай генералаў».

У гэтай змове, магчыма, удзельнічаў (адсутны як і Пуцін, але крыху даўжэй – ад 27 лютага) генерал-лейтэнант запасу і кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Сяргей Іваноў. Неўзабаве можна спадзявацца, што грамадскасці абвесцяць пра «патрэбу заслужанага адпачынку для нацыянальнага лідара».

Голы кароль і апазіцыя

Падобнае меркаванне мае Міхаіл Хадаркоўскі. Пра тое, што неўзабаве пасля забойства Барыса Нямцова Пуцін можа згубіць уладу, былы кіраўнік «Юкоса» гаварыў яшчэ ў канцы лютага, за тыдзень да таямнічага знікнення прэзідэнта Расеі.

«Прэзідэнт Расеі – гэта не тая асоба, якая зможа ў складанай сітуацыі для краіны прыняць правільныя рашэнні, – мяркуе былы алігарх. – Ён – «голы кароль», які прывядзе праз сваё непрадуманае кіраўніцтва велізарную краіну да галечы і разрухі. І гэта таксама прымусіць актывізавацца шмат якіх вядучых палітыкаў на барацьбу за «трон» у Маскве».

Хадаркоўскі заклікае апазіцыю да барацьбы за трон, але хто, насамрэч, можа яго заняць? Дакладна, што не сам Хадаркоўскі, мяркуе Андрэас Умлянд, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту Еўраатлантычнай інтэграцыі і рэдактар выдавецкай серыі «Soviet and Post-Soviet Politics and Society» («Савецкая і постсавецкая палітыка і грамадства»).

Паводле нямецкага палітолага, заняць трон Хадаркоўскаму заўсёды будзе перашкаджаць нерасейскае паходжанне і факт, што некалі быў алігархам, якога грамадства ўспрымае як партнёра ўладаў у цёмных інтарэсах.

Зусім іншы кандыдат – Аляксей Навальны, які мае ў той сферы амаль чыстыя рукі, а ў выбарах на мэра Масквы атрымаў, на дзіва, добра вынікі – каля 30% галасоў.

«Гэта сведчыць пра тое, што ў яго ёсць харызма. Ва ўмовах свабодных выбараў і незалежнай сістэмы масавай інфармацыі ён мог бы заваяваць вялікую папулярнасць не толькі ў Маскве, але і ва ўсёй Расеі», – лічыць спадар Умлянд.

«Генерал – шайтан»

Але для гэтага былі б патрэбныя свабодныя выбары і медыі. Падаецца, аднак, што такога сцэнара Уладзімір Пуцін не прадбачыў. Зрэшты, не думаў ён і пра дабравольны сыход з пасады прэзідэнта. Аднак, разглядаліся розныя магчымасці, на прыклад, калі б здарыўся няшчасны выпадак.

Амаль дакладна два гады таму быў складзены спіс патэнцыйных кандыдатаў на прэм’ер-міністра, які б у выпадку раптоўнай смерці прэзідэнта стаў бы ягоным «аўтаматычным пераемнікам». Спіс падрыхтаваў экспертны холдынг «Минченко консалтинг». Высветлілася, што новым кіраўніком ураду не абавязкова мусіў бы стаць Дзмітрый Мядзведзеў. У рэйтынгу аказалася прозвішча былога міністра фінансаў Аляксея Кудрына, а таксама мэра Масквы Аляксея Сабяніна, міністра абароны Сяргея Шайгу ды старшыні партыі «Гражданская платформа» Міхаіла Прохарава.

За Шайгу як «наступнага прэзідэнта» Расеі ўзносілі нібыта тосты яшчэ ў апошнія гады кіравання Барыса Ельцына. У гэтым кантэксце прозвішча «Шайгу» і надалей рэгулярна ўсплывае.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Два гады таму дырэктар Інстытуту сучасных медыяў Кірыл Танаеў сцвярджаў:

«Размовы аб пераемнасці часткова генеруюцца супернікамі Шайгу, якім не падабаецца тое, што ён робіць у войску, і якія хочуць яго гэткім чынам скампраметаваць і наставіць супраць яго частку істэблішменту».

Але гэта быў 2013 год, апошні год міру перад анексіяй Крыму і вайсковай інтэрвенцыяй ва Украіну. Хто мог бы замяніць Пуціна сёння?.. Шайгу! Гэтак прынамсі кажуць самыя свежыя чуткі, якія з’явіліся ў расейскамоўнай частцы інтэрнэту. Канешне, паводле «правераных крыніцаў», міністр абароны ўжо мусіў здзейсніць дзяржаўны пераварот. Пацвярджэння гэтаму пакуль няма, але такія чуткі даюць уяўленне пра рэйтынг Шайгу.

Іваноў ці Кадыраў?

Андрэй Іларыёнаў даводзіць, што пасля прадказанай ім адстаўкі Пуціна сыдзе таксама Мядзведзеў, месца якога зойме, згаданы на пачатку, Сяргей Іваноў.

 

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Калі б гэта было так, то ягоная «кандыдатура» перагарадзіла б дарогу Рамзану Кадыраву, які спяшаецца ў Крэмль з ашаламляльным тэмпам. Былы антырасейскі паўстанец і палявы камандзір, які хваліўся, што першага расейца забіў у 16 гадоў, цяпер стаў адным з найважнейшых у Расеі палітыкаў. Гэта яму Расея плоціць шчодрую даніну за ўтрыманне адпаведнымі метадамі адноснага міру на Каўказе. За гэтыя сродкі Кадыраў зладзіў сабе ў Грозным прыватнае «Абу-Дабі», а з іншага боку ён штораз больш выразна дэманструе сваю блізкасць да Пуціна. Робіць гэта нават у Маскве, дзе маладыя чачэнскія баевікі ішлі ганарліваю хадою на маскоўскім Антымайдане. У Грозны вядуць сляды забойства Нямцова.

А Кадыраў гэта і не надта хавае, а меркаванага забойцу называе «сапраўдным расейскім патрыётам». Менавіта яго Уладзімір Пуцін узнагароджвае прэстыжным ордэнам, зрэшты, разам з Анрэем Лугавым, якога Вялікая Брытанія абвінавачвае ў забойстве іншага праціўніка Крамля – Аляксандра Літвіненкі. Лепшы доказ падтрымкі дзейнасці Кадырава з боку Пуціна нават цяжка ўявіць.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Галаўны боль сістэмы

Але ці мог бы Кадыраў замяніць Пуціна, бо пакуль ён дадае кіраўніку Расеі толькі галаўнога болю.

«Рамзан Ахматавіч Кадыраў, які з’яўляецца адным з апірышчаў існага рэжыму, можа быць датычны да забойства Барыса Яфімавіча Нямцова. Што само па сабе стала велізарным фактарам дэстабілізацыі для гэтага ж рэжыму. І федэральныя сілавікі, увогуле, мне здаецца, патрабуюць галавы Рамзана Ахматавіча Кадырава», – сказаў палітолаг Станіслаў Бялкоўскі ў эфіры радыё «Эхо Москвы». На ягоную думку, Пуцін, аднак, не можа ім прынесці гэтай галавы.

«Гэта азначала б крах рэжыму. І таму Пуцін патрапіў у сістэму найглыбейшых унутраных супярэчнасцяў сваёй уласнай сістэмы. Гэта дастатковая падстава, каб крыху захварэць. Я б сам захварэў на ягоным месцы, але, на шчасце, на ягоным месцы я ніколі не апынуся«, – падсумаваў эксперт.

А што было б, калі б кіраўнік Чачэніі пераехаў у Крэмль?

Блогер «Right-dexter» гэтак апісвае падобную перспектыву:

«А ў цэлым усё слушна, «Рамзанчык-малайчына», наш прэзідэнт! Кадыраў – пераемнік Пуціна! Толькі лепш забыцца пра свецкую адукацыю, дзе застанецца вайсковая падрыхтоўка, асновы ісламу і невялікія курсы расейскай мовы ды матэматыкі (у межах дазволенага чачэнскімі акадэмікамі). Пра медыцыну лепш не ўспамінаць, калі выходзіш за рамкі «выгнання джынаў» у Інстытуце псіхалогіі імя Ахмада Кадырава ў Масква-Юрце. Ды і з півам на лавачцы трэба было б акуратней, а то рукі адсякуць паводле «законаў Шарыяту» або паводле горскіх паняццяў, што ў выпадку з Рамзанам будзе хутчэй за ўсё. Зрэшты, ёсць і станоўчы момант – можа, народ піць кіне, бо Рамзан-Хану патрэбныя моцныя воіны, якія не зганьбяць яго і ягонай імперыі!»

Чый час адлічвае гадзіннік?

Цалкам магчыма, што давядзецца крыху пачакаць, каб праверыць, ці спраўдзяцца гэтыя прагнозы. Навіна дня – гэта яшчэ адно паведамленне Крамля, якое мусіць давесці, што Пуцін працуе і пачувае сябе надзвычай добра. Аднак тут, мабыць, не ўсё ў парадку. Відэа і фатаграфіі з сустрэчы Пуціна са старшынём Вярхоўнага суда дэманструюць стары гадзіннік, які віднее за плячом госця расейскага лідара. Тут жа з’явіліся каментары, што гэтыя здымкі старыя, бо менавіта гэты гадзіннік Пуцін значна раней падараваў… Кадыраву.

Цэзары Галінскі, пераклад МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў