Што і як абмяркоўвалі Лукашэнка з Пуціным на Форуме рэгіёнаў Беларусі ды Расеі


Пуцін прыехаў на Форум рэгіёнаў, аднак гаворка вялася пра справы дзяржаўнай важнасці. А над усім гэтым адчувалася напружанне праз расейскія танкі ў Бранскай вобласці і войскі НАТО ў суседняй Польшчы.

Аляксандр Лукашэнка ўрачыста павітаў свайго расейскага калегу. Прыезд Пуціна і няспынная інтэграцыя дзвюх краінаў важная ня толькі для афіцыйнага Менску, але і для ўсяго беларускага народу – патлумачыў Лукашэнка. Але нягледзячы на цёплы прыём, дамовіцца па газе, як стала вядома цяпер – не атрымалася.

«Пакуль адзінага гледзішча няма – вось, не дайшлі да пагаднення. Але хацелася б, каб ва ўсіх дзеяннях, якія ажыццяўляюць партнёры паміж сабой, прысутнічала логіка. Калі мы падпісалі кантракт і ў нас ёсць сумневы, безумоўна, не заўсёды абгрунтаваныя, то трэба, выконваючы кантракт, дамаўляцца, як яго змяніць», – зазначыў Аляксандр Сурыкаў, амбасадар Расеі ў Беларусі.

А, маўляў, ня так, як гэта робіць Менск, проста не пагаджаючыся плаціць паводле кантракту. Раней за газавыя даўгі, якіх цяпер назбіралася ўжо $ 200 млн, Крэмль пагражаў халоднай зімой, цяпер жа вядуцца перамовы на прэзідэнцкім узроўні.

«Масква гэта ўсё зʼядае. Лукашэнка, як тонкі псіхолаг разумее, што Пуцін, пры тым, што хоча выглядаць такім крутым пацаном, заціснуты санкцыямі, ніяк не можа разабрацца з украінскім пытаннем і пачынаць сёння яшчэ газавую, інфармацыйную вайну з Беларуссю – абсалютна не выгадна», – тлумачыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Гэтаксама Крэмль «зʼядае» і крытыку сумесных інтэграцыйных праектаў, якія беларускі лідар калісьці з такім імпэтам дапамагаў будаваць.

«І мы на гэта пакутуем і Расея, рэагуючы на сусветныя выклікі часцяком бароніць выключна свае нацыянальныя інтарэсы, але нам-та – Беларусі і Расеі, адзін аднаго баяцца ня трэба», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Пра сваеасаблівыя спробы Расеі абараніць свой рынак кіраўнік Беларусі ўзгадваў яшчэ паўтары тыдні таму – у Астане. Маўляў, што ж гэта за гандлёвы хаўрус, калі найбуйнейшы ягоны ўдзельнік давіць трактарамі замежныя сыры? Уладзімір Пуцін шукаў пазітыву і нагадаў пра тое, што на расейскі рынак трапляе ледзь не палова ўсяго беларускага экспарту. Ягоны ж беларускі калега напярэдадні сустрэчы выкарыстаў самы стары козыр у дачыненнях з Крамлём – супольная групоўка войскаў. Паводле адмыслоўцаў – гэта ня столькі пацвярджэння сяброўства, колькі сігнал Маскве.

«Гэта і мэсідж Пуціну, што мы самыя будзем стаяць на сваёй зямлі, а вы самыя далей не суйцеся. Гэта водгук на высоўванне танкаў Пуціна ў Клімцы», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Танкі хаўрусніка ў Бранскай вобласці, танкі НАТО на маштабных вучэннях у суседняй Польшчы, з якой Беларусь актыўна намагаецца выправіць дачыненні. Шматвектарная палітыка Менску ніколі не стаяла перад такім небяспечным выклікам.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота – ТАСС

Стужка навінаў