Што гэта было? Мінэнэрга агучыла прычыны начнога «блэкаўту» ў Менску


Пяць раёнаў Менску і 49 населеных пунктаў Менскага раёну ў ноч з 11 на 12 снежня засталіся без электрычнасці. МНС і Мінэнерга паведамляюць пра прычыны інцыдэнту.

Прычынаю маштабнага адключэння электраэнергіі паводле Міністэрства надзвычайных сітуацый сталася «пагашэнне сістэмы шынаў 110кВ на адкрытым размеркавальным прыстасаванні» Менскай ЦЭЦ-4. Гэта значыць, адбылося замыканне, але без пажараў і іншых небяспечных здарэнняў.

Мінэнэрга паведамляе, што прычынай замыкання стаў абрыў грозатроса на апоры №19 двухцэпнога ўчастку ліній « Менская ЦЭЦ-4 – Ждановічы» і «Менская ЦЭЦ-4 – Заслаўе». У выніку на Менскай ЦЭЦ-4 адбылося частковае адключэнне высакавольтнага абсталявання на размеркавальнай прыладзе 110 кВ, што прывяло да парушэння асобных участкаў электразабеспячэння ў Менску і Менскім раёне, а таксама цеплазабеспячэння асобных раёнаў сталіцы.

«Дапамога МНС не спатрэбіла ні на адным з абʼектаў энергетыкаў», – падкрэсліваюць менскія ратаўнікі.

 

Наступствы «блэкаўту»

У выніку замыкання без электраэнергіі засталіся 5 кацельных: «Харкаўская», «Масюкоўшчына», «Арлоўская», «Курасоўшчына», «Заходняя».



Праз адключэнне святла давялося запускаць аварыйныя электрагенератары ў Дзіцячай інфекцыйнай клінічнай больніцы, Гарадской гінекалагічнай больніцы, 2-радзільні і 21 кацельнай у Менскім раёне. Таксама былі выкарыстаны мабільныя генератары.

Агулам «блэкаўт» доўжыўся ад 01:55 ночы да 04:35 раніцы.


Замыканне адбылося на адкрытым размеркавальным прыстасаванні ЦЭЦ-4. Гэта электраўстаноўка, якая служыць для прыёму і размеркавання электраэнергіі. Менавіта тут адбылося замыканне. Жыхары ваколіцаў маглі бачыць успышку.

Адкрытая размеркавальная прылада на ТЭЦ-4, тут адбылося замыканне
Адкрытае размеркавальнае прыстасаванне на ТЭЦ-4, тут адбылося замыканне

Менская ЦЭЦ-4 – найбуйнейшая ў Беларускай энергасістэме і адна з найбольш сучасных электрастанцыяў у краіне. Яна зʼяўляецца асноваю ў сістэме забеспячэння цяплом заходняй і паўднёва-заходняй частак Менску, забяспечвае ацяпленне і гарачую ваду 48 % жыхароў гэтых раёнаў. Асноўнае паліва ЦЭЦ-4 – прыродны газ.

МЛ, ДР belsat.eu

Стужка навінаў