«Дамовіліся за 15 хвілінаў». Адбылася першая прэс-канферэнцыя Цапкалы, Ціханоўскай і Калеснікавай


17 ліпеня прадстаўніцы аб’яднанага штабу адказалі на пытанні адносна будучых дзеянняў. «Белсат» зладзіў стрым з прэсавай канферэнцыі.

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел Марыя Калеснікава (прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі), Святлана Ціханоўская (кандыдатка ў прэзідэнты) і Вераніка Цапкала (прадстаўніца штабу незарэгістраванага кандыдата ў прэзідэнты Валера Цапкалы). Яны выступілі з агульнаю заявай.

Марыя Калеснікава адзначыла, што цяпер існуе магчымасць змяніць сітуацыю ў краіне. Не рэжым галоўны вораг, а адсутнасць веры ў магчымасць зменаў. Прадстаўніца штабу заклікала прыйсці на выбары 9 жніўня.

Вераніка Цапкала.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Святлана Ціханоўская лічыць, што яе муж аб’яднаў беларусаў, таму штабы абʼядналі свае высілкі. Яна адзначае, што не верыць у справядлівыя выбары, але выказала меркаванне, што грамадзяне павінныя абараняць свае галасы.

«Вызваленне палітычных вязняў і эканамічных злачынцаў. Паўторныя выбары пасля 9 траўня. Інфармаванне пра неабходнасць абароны сваіх галасоў рознымі спосабамі. Просім далучыцца да руху назіральнікаў», – сказала Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Вераніка Цапкала кажа, што ўлады цынічна знялі трох прэтэндэнтаў з выбарчай кампаніі, таму яны вырашылі аб’яднацца. Супольнымі сіламі будзе перамога.

Вядома, што Андрэй Дзмітрыеў, адзін з зарэгістраваных кандыдатаў у прэзідэнты, падтрымаў ініцыятыву аб’яднанага штабу. Пакуль не вядзецца гаворка пра здыманне кандыдатаў, але пра супольную працу.

Ініцыятарам аб’яднання выступіла каманда Віктара Бабарыкі. Дамовіцца, паводле Марыі Калеснікавай, удалося даволі хутка і проста, літаральна на працягу 15 хвілінаў.

У аб’яднаным штабе кажуць, што галоўная задача на працягу трох бягучых тыдняў – актывізаваць беларусаў, а вось як абараняць свае галасы – вырашае кожны асабіста.

Марыя Калеснікава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Нерэгістрацыя кандыдатаў – палітычнае рашэнне. Але звароты ў суд неабходныя дзеля таго, каб агучыць імёны ўсіх, хто прымае ўдзел у фальсіфікацыяй, акрамя таго, гэта стане пляцоўкай для падачы позвы ў міжнародныя суды.

«Мы гатовыя заклікаць людзей абараняць свае галасы такім чынам, як кожны лічыць вартым. Калі чалавек вырашыць, што адзіны спосаб – вулічная акцыя, то гэта права кожнага чалавека», – адзначылі прадстаўніцы штабу.

У штабах распрацавалі некалькі варыянтаў на выпадак узмацнення рэпрэсіяў супраць пэўнага штабу.

«Калі б я была адна – не дала б рады, а цяпер ёсць падтрыманне і гэта дадае сілы. Спадзяюся, што спраўлюся і мы дойдзем да перамогі», – распавяла Святлана Ціханоўская.

Праграма будзе апублікаваная ў бліжэйшы час, паколькі ў кожнага яна была асобная і цяпер трэба апрацаваць іх.

Святлана Ціханоўская.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Як зрабіць выбары легітымнымі? Гэтае пытанне цяпер абмяркоўваецца сярод штабаў палітыкаў. Дзеля гэтага неабходна забяспечыць максімальную колькасць участкаў назіральнікамі. У штабах рыхтуюць зварот да прадстаўнікоў камісіяў, каб яны рабілі ўсё па законе. Але гэта пытанне не столькі да палітыкаў, колькі да грамадзянскай супольнасці, да самога грамадства.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У вайны не жаночы твар, сказала Святлана Ціханоўская. Вераніка Цапкала ў сваю чаргу звярнулася да беларускіх сілавікоў і нагадала, што яны давалі прысягу не адной асобе, але беларускаму народу.

КТ, СК belsat.eu

Стужка навінаў