Што чакаць беларусам ад ваеннага становішча ва Украіне?


Belsat.eu звярнуўся да кіраўніцтва Чарнігаўскай вобласці, каб даведацца, што зменіцца для беларускіх турыстаў.

З раніцы серады, 28 лістапада, на частцы тэрыторыі Украіны ўводзіцца вайсковы стан. У прыватнасці, ён закране рэгіёны, якія мяжуюць з Расеяй, анексаваным Крымам і малдаўскім Прыднястроўем – Адэскую, Вінніцкую, Данецкую, Запарожскую, Луганскую, Мікалаеўскую, Сумскую, Харкаўскую, Херсонскую і Чарнігаўскую вобласці.

Рэжым вайсковага стану працягнецца 30 дзён – да 27 снежня. Мы паспрабавалі разабрацца, ці паўплывае вайсковы рэжым у частцы ўкраінскіх рэгіёнаў на турыстаў з Беларусі.

Як заявілі ў кіраўніцтве Чарнігаўскай вобласці, на дададзены момант ніякіх зменаў для беларускіх грамадзянаў не прадугледжана.

«Ніякіх абмежаванняў адносна перасячэння мяжы, знаходжання ў памежнай зоне ці нейкага асаблівага рэжыму ў памежжы пакуль няма», – распавёў Belsat.eu дырэктар Дэпартаменту інфармацыйнай дзейнасці ды камунікацый з грамадскасцю Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Ігар Слязко.

Мы таксама звярнуліся па афіцыйны каментар у Міністэрства замежных справаў Украіны, дзе абяцалі даць адказ у найбліжэйшы час.

У каментары Belsat.eu Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім таксама распавёў пра абмежаванні для замежнікаў з-за ўвядзення вайсковага становішча:

«Калі чалавек на мяжы не можа патлумачыць, навошта ён прыехаў – гэта можа стаць перашкодай для пропуску праз мяжу».

Нагадаем, што Вярхоўная Рада Украіны 26 лістапада зацвердзіла ўказ прэзідэнта Пятра Парашэнкі аб увядзенні ваеннага становішча.

Увядзенне ваеннага становішча ініцыяваў сакратар СНБА Аляксандр Турчынаў пасля таго, як за дзень да таго Расея захапіла тры ўкраінскія караблі ў Керчынскай пратоцы.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім: «Нiчога добрага ад Расеi мы не чакаем»

МГ, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары