У межах крымінальнай справы ў дачыненні прадстаўнікоў «Белгазпрамбанку» былі «далучаныя да справы» карціны вядомых мастакоў. Разбіраемся, які лёс можа чакаць гэтыя творы мастацтва.
Да «справы Белгазпрамбанку» следчыя далучылі каля 150 карцінаў коштам у $ 20 млн, якія нібыта збіраліся вывозіць з Беларусі.
«Сапраўдны кошт гэтых актываў можа быць значна вышэйшы. Можна толькі ўявіць, за колькі яны маглі быць прададзеныя на аўкцыёнах!» – заявіў у праграме «Галоўны эфір» на БТ старшыня «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант.
Пры гэтым тэлеканал буйным планам паказаў карціну «Ева» Хаіма Суціна, якая ўваходзіць у карпаратыўную калекцыю «Белгазпрамбанку». Але менавіта дзякуючы банку яна з’явіліся ў Беларусі. У 2013 годзе банк набыў яе на аўкцыёне Sotheby’s за $ 1 805 000. Таксама БТ паказала карціну Марка Шагала «Зялёны пейзаж» – яе купілі за $ 137 000. Мэтай стварэння карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанку» было вяртанне ў Беларусь твораў мастацтва прадстаўнікоў Парыжскай школы, нарадзінцаў Беларусі.
Галерэя «Арт-Беларусь», дзе захоўвалася карпаратыўная калекцыя «Белгазпрамбанку», ад 16 чэрвеня аднавіла працу. Але ўжо без карцін. Працы можна паглядзець на вялікім праектары, а біяграфіі аўтараў і гісторыі палотнаў – па QR кодах у пустых рамах на чыстых сценах галерэі.
Як стала вядома TUT.BY, карціны, якія «далучаны да справы», пакуль знаходзяцца ў сховішчы галерэі. Пакуль невядома, ці яны з’яўляюцца рэчавым доказам па справе, ці арыштаваныя для забеспячэння ў наступным пазову для пагашэння шкоды. Пры захаванні карцін важна выконваць усе патрабаванні, у тым ліку адносна тэмпературы.
Што датычыць тэрміновага вывазу карцін за мяжу, пра які казаў Эйсмант, то, каб вывезці прадмет мастацтва, трэба загадзя атрымаць дазвол ад Міністэрства культуры, інакш іх не выпусціць мытня. Паводле TUT.BY, за апошнія месяцы Мінкульт не выдаваў уласніку такіх дазволаў.
Для перавозкі карцін таксама трэба выкарыстоўваць толькі адмысловы транспарт, які забяспечвае амартызацыю, каб карціны не пашкодзіліся ад вібрацыі. Апроч таго, неабходны тэмпературны рэжым. Карціны пакуюць у вялікія скрыні, улічваючы іх памер.
У каментары belsat.eu праваабаронца Гары Паганяйла адзначыў, што супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК, якія распачалі крымінальную справу і ўчынілі выманне карцін, абавязаныя агледзець іх, ацаніць кошт, апісаць і вырашыць працэсуальны статус – ці то рэчавы доказ, ці маёмасць, якую вымаюць для пагашэння нейкіх стратаў ці іншых выдаткаў, звязаных з крымінальнай справай.
«Потым іх трэба будзе захоўваць у адпаведных умовах у пакоях, дзе знаходзяцца рэчавыя доказы па справе ці вынятыя рэчы, лёс якіх пакуль не вызначаны прысудам суда ці самім следствам», – распавёў праваабаронца.
Пры гэтым, наколькі забяспечваецца захаванасць карцін у такіх сховішчах, невядома.
Таксама і суд, і следства павінныя вызначыць, каму належыць маёмасць. Калі гэта карпаратыўная маёмасць банку, то, калі сам банк з’яўляецца адказчыкам за нанесеныя некаму страты, «і гэты нехта заявіў патрабаванне пра кампенсацыю гэтых стратаў, і суд ва ўстаноўленым парадку ў грамадзянскім ці гаспадарчым, а не эканамічным судаводстве, прызнае, што вінаватым сапраўды ёсць банк і з яго падлягаюць выплаты, то за кошт гэтай маёмасці гэтыя страты могуць быць пагашаныя».
«Калі ж будзе выяўлена, што гэтыя карціны належаць некаму з абвінавачаных, то будуць вырашацца два пытанні. Па-першае, ці нажытая гэтая маёмасць злачынным шляхам. Калі ж гэта не даказана і чалавек набыў карціны добрасумленна, але пэўнымі злачыннымі дзеяннямі нанёс некаму страты, тады маёмасць могуць арыштаваць для пагашэння гэтых стратаў. І калі лёс стратаў будзе вырашаць суд, ён можа накласці спагнанне на гэтую арыштаваную маёмасць», – падкрэсліў праваабаронца.
Далей жа карціны могуць выставіць на аўкцыён, прадаць, а атрыманыя сродкі перадаць таму, на чыю карысць было рашэнне суду.
МГ belsat.eu