Што чакае беларускіх дзетак у аздараўленчых лагерах?


У беларускі нацыянальны дзіцячы цэнтр Зубраня сёлета прыедуць на аздараўленне амаль сто дзяцей з Японіі. Пра гэта паведаміла дырэктар цэнтру Надзея Ануфрыева на прэс-канферэнцыі прысвечанай арганізацыі дзіцячага адпачынку. Дзе будуць адпачываць беларускія дзеці і ў што гэта стане іх бацькам.

Сёлета ў летніках плануецца аздаравіць больш за 344 тыс. вучняў. Паводле ацэнак адмыслоўцаў, сярэдні кошт пуцёўкі ў летнік складзе Br 3,95 млн. Гэта на Br 800 тыс. даражэй, чымся летась. Пры гэтым у сярэднім крыху больш за траціну сумы (35,5 %) дапаможа сплаціць дзяржава.

Але не ўсе летнікі аднолькавыя. З умовамі можа пашанцаваць, а можа і не вельмі.

У адным з аздараўленчых лагераў дзецям прапанавалі ў ананімнай форме выказаць усё пажаданні і падкрэсліць недахопы, якія існуюць у лагера, але толькі двое дзяцей пагадзіліся выказаць сваё меркаванне.

Адно з іх адзначыла: «Хачу, каб не рыпелі ложкі, каб паправілі сігналізацыю, каб шафа і тумбачкі былі большымі, каб было крэсла, каб уначы выключалі ліхтары і каб каля кожнага ложка было па дзве разеткі».

Яшчэ адно дзіця хоча, каб у лагеры прыбіралі кожны дзень і настаўнікі спалі падчас ціхай гадзіны.

ЛЮДМІЛА ГОРДА, МАЦІ ТРАІХ ДЗЯЦЕЙ:

«Можна трапіць у пакой, дзе будуць шклопакеты, з маскітнай сеткай, але найстрашнейшага выгляду туалет і панцырны ложак з металёвай сеткай».

Або наадварот – прыстойная мэбля, затое немагчыма адчыніць вокны, бо яны проста разваляцца. Такая ж латарэя – харчаванне ў летніку.

ЛЮДМІЛА ГОРДА, МАЦІ ТРАІХ ДЗЯЦЕЙ:

«Ні разу, колькі мае дзеці ездзілі, я не чула, што вельмі добра кормяць. Хоць і атручанняў ніводнага разу не было».

І трэці латарэйны складнік летняга адпачынку – педагагічны калектыў і арганізацыя часу. Паводле назіранняў спадарыні Людмілы, у ейным дзяцінстве, напрыклад, дзяцей у летніку часцей вадзілі купацца.

ЛЮДМІЛА ГОРДА, МАЦІ ТРАІХ ДЗЯЦЕЙ:

«Спартовых імпрэзаў хапае, але яны бываюць не зусім цікавыя. Дзяцей цікавіць больш творчая скіраванасць».

Але ўсе магчымыя мінусы летніка кампенсуюцца тым, што дзеці праводзяць час не ў горадзе.

Сярэдні кошт пуцёўкі – гэта як сярэдняя тэмпература ў шпіталі. Пяцідзённы выезд у намётавы летнік можа каштаваць Br 2 млн, за 12 дзён з англамоўнымі выхавальнікамі ў аздараўленчым цэнтры давядзецца выкласці больш за Br 6 млн. У любым выпадку, калі не дапаможа прадпрыемства або прафкам, заплаціць за летнік для бальшыні бацькоў задорага. А тыя, хто ўсё ж сам плаціць за адпачынак дзіцяці, і абірае найчасцей не беларускі летнік.

ІД, СА, belsat.eu

Стужка навінаў