Што чакае Беларусь, калі яна перанясе амбасаду з Тэль-Авіву ў Іерусалім


Паводле экспертаў, у выпадку пераводу амбасады Беларусь рызыкуе пасварыцца з усім арабскім светам.

У Сектары Газа на мяжы з Ізраілем некалькі месяцаў праходзяць пратэсты да 70-годдзя таго, што Ізраіль называе вайной за незалежнасць, а палестынцы – «Накба» (Катастрофа). Дэманстранты паляць шыны, кідаюць у бок Ізраіля кактэйлі Молатава і спрабуюць прарвацца праз мяжу. Супраць тых, хто набліжаецца да памежнае агароджы, Цахал выкарыстоўвае слезацечны газ і баявыя патроны.

Кіраўнік аддзялення хуткай дапамогі шпіталю Аль-Шыфа ў Сектары Газа Айман аль-Саххані кажа, што лекары не даюць рады дапамагчы ўсім.

«Аперацыйныя перапоўненыя. Мноства параненых усцяж чакае на аперацыю або на транспартыроўку ў іншыя шпіталі, якія таксама перапоўненыя», – кажа Айман аль-Саххані.

Падчас акцыі 14 траўня было забіта, паводле палестынцаў, каля 60 чалавек, паводле Ізраілю – 24 асобы з «тэрарыстычным мінулым». Паранена каля каля трох тысячаў.

Сярод загінулых ёсць дзеці. Кіраўнік Інстытуту усходняга партнёрства (Іерусалім) Аўраам Шмулевіч кажа, што ХАМАС выкарыстоўвае іх у якасці жывога шчыта.

«Гэта тэхналогія, якую выпрабавалі яшчэ куратары ХАМАС – іранцы – падчас ірана-іракскай вайны, калі натоўпы іранскіх падлеткаў адпраўлялі разміноўваць мінныя палі сваймі целамі», – заяўляе Шмулевіч.

З пытаннем пра тое, чаму ў пратэстах, бяруць удзел дзеці, «Белсат» звярнуўся ў амбасаду Палестыны ў Беларусі. Паводле кіраўніка дыпламатычнае пляцоўкі Халіда Арыката, дзеці прыходзяць на пратэст самі: яны заўчасна становяцца дарослымі, бо не бачаць для сябе перспектываў у Сектары Газа.

«Як можна жыць у блакадзе столькі гадоў? Немагчыма лячыцца, няма медыкаментаў, няма нават вады. Няма электрычнасці: у дзень яна бывае адну або дзве гадзіны. Газу няма, – кажа Халід Арыкат. – Часам, каб бацькі не клапаціліся, дзеці, якія знаходзяцца на пратэсце, кажуць, што яны ў іншым месцы».

Акцыі, прымеркаваныя да дня паўстання Дзяржавы Ізраіль, палестынцы ладзяць штогод. Сёлета яны супалі з пераносам ЗША сваёй амбасады ў Іерусалім (гэта было адно з перадвыбарчых абяцанняў Доналда Трампа).

Пасля выбараў Трамп прызначыў адказным за мір на Блізкім Усходзе свайго зяця Джэрэда Кушнэра. «Калі ў Кушнера не атрымаецца дасягнуць міру паміж Ізраілем і Палестынай, гэта не атрымаецца ні ў каго», – заяўляў Трамп.

Плакаты з парафразам лозунгу прэзідэнцкай кампаніі Доналда Трампа сёлета ў траўні былі развешаныя на кожным іерусалімскім слупе, але на адкрыцці дыппляцоўкі ён так і не з’явіўся, адправіўшы на ўрачыстасці зяця і дачку. Фота – Дзяніс Дзюба

Кушнэр займаецца мірным працэсам ужо паўтара года, але да сёння ніякай выразнай праграмы ўрэгулявання ў яго няма.

«Злучаныя Штаты гатовыя падтрымаць мірнае пагадненне любымі даступнымі нам шляхамі», – адзначыў Кушнер на адкрыцці амбасады ў Іерусаліме.

Пасля Другой сусветнай лёсам Іерусалімам планавала заняцца ААН, але гэтаму перашкодзілі арабска-ізраільскія войны. Бітва за горад мае для іўдзейскіх і мусульманскіх вернікаў выключнае значэнне, адзначае адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

«Там знаходзяцца самыя істотныя святыны гэтых рэлігіяў. Таму пазіцыя і ізраільцянаў, і палестынскіх арабаў (і ўсяго арабскага свету), што Іерусалім – гэта іх: ці ізраільскі, ці арабскі, палестынскі», – кажа Яўген Красулін.

У 1967-м Іерусалім канчаткова апынуўся пад кантролем Ізраілю. Жыхары гораду ўшаноўваюць гэта таксама ў траўні. Сёлета свята дзень у дзень супала з пратэстамі ў Газе.

«Іерусалім быў наш цягам апошніх трох тысячаў гадоў. Яго на 19 гадоў акупавала Іярданія, але цяпер ён наш. Вось так! Таму мы гэта адзначаем», – кажа ў размове з журналістамі настаўніца Рыўка Коэна падчас вулічных імпрэзаў.

Святкаванне Дня Іерусаліму. Фота – Дзяніс Дзюба

Міжнародная супольнасць, у тым ліку ЗША, да нядаўняга часу юрыдычна прытрымлівалася пазіцыяў, што Іерусалім знаходзіцца пад акупацыяў, размяшчаючы свае дыпламатычная пляцоўкі ў Тэль-Авіве. Але фактычна свет прызнаваў Іерусалім ізраільскім. Тут знаходзяцца сядзіба ізраільскага ўраду, парламенту і прэзідэнта. Менавіта сюды на перамовы прыязджалі заходнія лідары, тут уручалі даверныя граматы. Але Трамп стаў першым, які зрабіў крок ад дэ-факта да дэ-юрэ, не пакідаючы практычна ніякай надзеі палестынцам, якія мараць вярнуць Іерусалім.

«ЗША самі галасавалі на гэтай рэзалюцыі, якая кажа аб статусе Іерусаліма, якая кажа аб дзвюх дзяржавах на гэтае тэрыторыі», – заўляе Халід Арыкат.

29 лістапада 1947 года Генеральная Асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю, у якой рэкамендавала міжнароднай супольнасці прыняць план аб падзеле Палестыны на дзве дзяржавы – арабскае і габрэйскае, на аснове эканамічнага звязу. Іерусалім павінен быў атрымаць статус міжнароднага гораду. Замест эканамічнага звязу Блізкі Усход атрымаў вайну.

У выніку палестынцы страцілі апошнія кроплі даверу да ЗША, галоўнага пасярэдніка мірных перамоваў, які перастаў быць быць нейтральным, а заняў пазіцыю Ізраілю. Перанос амбасады прывядзе да пагаршэння стасункаў арабскага свету з амерыканцамі і агульнай напружанасці ў рэгіёне, а ізраільска-палестынскае супрацьстаянне, якое нагадвае кардыяграму, чакае ўзмацненне пульсу. Імаверна, што акцыяў, падобных на апошнія, ХАМАС будзе ладзіць усё часцей.

«ХАМАС атрымлівае грошы ад спонсараў у ісламскім свеце, ад спонсараў у Еўразвязе – толькі за тое, што ваюе з Ізраілем. Калі яны захочуць пабудаваць нармальную дзяржаву, ім давядзецца займацца каналізацыяй, будаўніцтвам і сельскай гаспадаркай – гэта нашмат менш выгодна, чымся пілаваць грошы, якія даюць на вайну», – кажа Аўраам Шмулевіч.

Рашэнне Трампа прыйшлося не даспадобы Еўразвязу: парушэнне міжнароднага права, тым больш такой краінай як ЗША, развязвае рукі іншым – напрыклад, дае козыры Расеі, якая зможа смялей дзейнічаць ува Украіне.

Імаверна, Ізраіль будзе спадзявацца, што пасля Штатаў амбасады перанясуць іншыя. Пакуль на гэты крок пайшла толькі Гватэмала. Калі яго зробіць Беларусь, айчыннаму МЗС трэба будзе падрыхтавацца да сваркі з усім арабскім светам – можа не назаўсёды, але дакладна на доўга.

Нават калі арабы змірацца з цяперашнім лёсам Іерусаліму, момант недаверу да Беларусі застанецца, папярэджвае Яўген Красулін.

«Тут трэба вельмі ўзважана прымаць рашэнні. З іншага боку, канешне, неперавод амбасады будзе азначаць несяброўскі крок у бок Ізраілю. Так што зараз нашае дыпламатыі не пазайздросціш», – дадае Красулін.

Нават калі слядамі амерыканцаў не пойдзе больш ніводная краіна, праз год у свядомасці не абазнаных у канфлікце жыхароў заходніх краінаў Іерусалім стане яшчэ больш ізраільскім. Бэньямін Нетаньягу ўжо абвесціў, што Еўрабачанне-2019 года пройдзе менавіта тут.

Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў