Што будзе з цэнамі на менскія новабудоўлі без Лукашэнкі?

Наталля
Літоўская
Эксперт па нерухомасці

Недаступны для пераважнай большасці менчукоў цэннік на сталічныя квадратныя метры тлумачыцца проста: у сталіцы падтрымліваецца штучны дэфіцыт. Ёсць дзясяткі дэвелапераў, здольных будаваць і прадаваць прыкметна танней (у тым жа Берасці метры ў малапавярховых дамах камфорт-класа па $650-750) – але ім проста не даюць магчымасці так працаваць. Корань зла – ва ўстаноўцы «Менск не гумовы». Сыдзе гарант устаноўкі – праз пяць-сем гадоў нівеліруецца і праблема даступнасці квадратных метраў.

Прыватны сектар застаецца

Што і дзе ў нас будзе пабудавана, намалявана ў генплане Менску. Генплан малююць архітэктары і чыноўнікі ў адпаведнасці з нарматывамі забяспечанасці насельніцтва аб’ектамі сацкультбыту, уяўленнямі пра прыгажосць і эканамічнай мэтазгоднасці. І генеральнай лініяй кіраўніка дзяржавы. Меркаванне жыхароў улічваецца толькі калі, як у Паўночным пасёлку, людзі гатовыя падняць бунт.

Менск, Беларусь. 23 жніўня 2020 г. Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Зрэшты, змагацца з уласнікамі дамоў і тут навучыліся: абазначаюць тэрыторыю прыватнай забудовы як «змешаную», дробняць на квадраты, і ўжо потым абмяркоўваюць знос не сотняў, а дзясяткаў дамоў у канкрэтным квадраце. Менш пацярпелых – менш абурэння. А тым, хто пытаецца, кажуць: ну ёсць генплан, падпісаны прэзідэнтам, рашэнне канчатковае і абскарджанню не падлягае.

Усё ідзе пад сцягам «дзяржаўных патрэб». Зямлю пад сядзібамі, у якіх жывуць людзі, прадаюць пад камерцыйнае будаўніцтва – і гэта ўспрымаецца ледзь не як норма.

«Расейцы скупляюць кватэры ў Менску – вось цэны і растуць». Калі ўжо памрэ гэты міф?

Нагадаю, першасна ў законах гаворка ішла пра грамадскія патрэбы: знесці маглі для пашырэння дарог, будаўніцтва чагосьці насамрэч вельмі важнага для функцыянавання гораду, накшталт метро. У грамадства няма і не можа быць запыту на знішчэнне ўласнасці адных менчукоў дзеля будаўніцтва жылля для іншых менчукоў. А ў дзяржавы, выходзіць, ёсць.

«Менск не гумовы» – галоўны пасыл Лукашэнкі. Нельга сцягваць у сталіцу ўсю Беларусь, нельга дапусціць, каб горад выплюхнуўся за кальцавую. Ад гэтых установак і скакала ўсё прызначанае кіраўніцтва гораду, шукаючы пляцоўкі пераважна пад сядзібнай забудовай.

Абіраны мэр будзе рэагаваць выключна на ўстаноўкі, якія генеруюцца выбаршчыкамі. А значыць, практыка продажу зямлі з людзьмі будзе спыненая. А Генплан можна і перапрацаваць – гэта ўсяго толькі дакумент, яго рэгулярна перапрацоўваюць.

І не тое, каб прыватны сектар павінен стаць недатыкальным – па-ранейшаму будзе неабходнасць пашыраць дарогі і весці метро. Але асноўныя масівы захаваюцца, і з часам стануць аздобай гораду – бо зямля, нават не прыватызаваная, у Менску каштоўная: тыя, хто не зможа ўтрымліваць сядзібу, прадасць яе, пераедзе, куды палічыць патрэбным, а новы ўласнік паставіць на месцы старога дому прыстойны катэдж ці таунхаус.

21 жніўня 2020 г. Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Акрамя таго, з уласнікамі змогуць дамаўляцца і камерцыйныя забудоўшчыкі: выкупляць некалькі ўчасткаў, ўпісваць у сядзібную забудову нізкае шматкватэрнае жыллё. Цяпер, нагадаю, гэта «жэстачайшэ» забаронена і караецца крымінальна.

Участкі пад шматкватэрную забудову з аўкцыёнаў – для ўсіх

У дзяржаве, якая нармальна функцыянуе, прадпрыемствы ўсіх формаў уласнасці роўныя. Гэтага ў нас даўно няма – ёсць дзяржзабудоўшчыкі, якім зямлю даюць проста так, ёсць прыватныя, якім гектары Менску вылучаў Лукашэнка асабіста, але пад грыфам ДСП, і камерцыйныя, якія куплялі зямлю з таргоў (і аўкцыёнаў не было ўжо год!). Рашэнні па любым «кавалку зямлі» прымаецца за асабістай подпісам Лукашэнкі.

Ён жа вызначыў (пад сцягам клопату аб маючых патрэбу ў паляпшэнні жылля), што ўсе свабодныя ад абцяжаранняў зямлі будуць перадавацца дзяржзабудоўшчыкам, а тыя, у сваю чаргу, абавязаныя будаваць для чаргавікоў.

Фота: https://pixabay.com

Не ведаю, як у пераходны перыяд будуць вырашаць гэтае пытанне. Мабыць, для пачатку дазволяць дзяржзабудоўшчыкам прадаваць будуванае ўсім ахвочым – што і забудоўшчыкаў падтрымае, і «сярэднеменскі» цэннік панізіць: усё-ткі аб’ёмы ў іх не малыя, зямля ў той жа Лошыцы пад іх зарэзерваваная, будуюць па большай частцы панэлькі і недарагія маналітна-каркасныя хаты.

Калі мы ператворымся ў цывілізаваную краіну, доступ да ўчасткаў пад забудову будзе роўным. І, мабыць, праз аўкцыёны. Пры «конкурсах» на зямлю зʼяўляецца карупцыя і тысячы падманутых дольшчыкаў, мы гэта ўжо праходзілі пры (экс-старшыні Менгарвыканкаму) Ладуцьку. Ды і аўкцыённыя грошы патрэбныя на інфраструктуру (садкі, дарогі, паліклінікі).

Эмоцыі і крэдыты прыпынілі падзенне коштаў на новабудоўлі. Ці надоўга?

Хтосьці, магчыма, не пацягне ў новых рэаліях. Але гэта нармальна: слабыя рэарганізуюцца, далучаюцца да моцных, прыватызуюцца. Пры высокай канкурэнцыі (а яна магчымая, калі адначасова будуюцца сотні дамоў) зніжаюцца кошты. Гэта аксіёма. Тыя ж пусткі ля Навінак, недарэчныя палі ўздоўж МКАД – месца хопіць усім забудоўшчыкам і без знішчэння прыватнага сектара. Дастаткова адмовіцца ад навязлівай ідэі стрымліваць Менск у межах кальцавой. Ідэя гэтая не жыццяздольная, гэта прызналі дэ-факта, павялічыўшы тэрыторыю Партызанскага раёну амаль да Калодзішчаў і пракладваючы сеткі да будучага гіганцкага мікрараёну з працоўнай назвай Нотынгем.

Канец эпохі ільготнікаў?

Нам даволі доўга даводзілі, што «Лукашэнка будуе жыллё для маючых патрэбу». Але давайце паспрабуем узгадаць, якія дамы і для якіх катэгорый ільготнікаў цяпер дзяржзабудоўшчыкі будуюць у Менску? Дом у цэнтры для чыноўнікаў, які ўціснулі ў старую забудову цэнтру пад грыфам ДСП? Кварталы шматпавярховікаў для сілавікоў? Шматкватэрнікі ў Лошыцы, дзе дзве траціны кватэр – аднапакаёўкі і двухпакаёўкі, хоць нас запэўніваюць, што гэта жыллё для шматдзетных? Таунхаусы ў Сокале, дзе шматдзетным трэба самім заплаціць 70-80 тысяч долараў – астатняе крэдыт?

У Менску тыя, хто мае патрэбу, атрымліваюць драбніцы, ды і тыя аплачваюць са сваіх кішэняў.

Эпоха ільготнікаў тут скончылася ў 2011. Час гэта прызнаць. Самых неабароненых ва ўсіх цывілізаваных краінах забяспечваюць сацыяльным жыллём, арэндным жыллём – не ўласнасцю. І гэта лагічна. Тыя, хто працуе, ідуць у банк па іпатэку. Калі эканоміка ўстаканіцца, яна ў нас таксама з’явіцца. Як у Польшчы, у Літве: жыллё ў іпатэку на 30-40 гадоў даступна ўсім, хто працуе. Наагул усім. Проста – рознае, у залежнасці ад даходаў сямʼі.

Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Вядома шкода, нанесеная рэгуляваннем будаўніцтва, немалая. 200 тысяч чарговікаў – гэта не проста лічба, гэта менчукі, сем’і, у якіх дзесяцігоддзямі не закрытая базавая патрэба ў сваім даху над галавой. Пры нармальна функцыянуючай эканоміцы і доступе да зямлі за кальцавой праблема можа быць вырашаная за пяць-сем гадоў. І не варта баяцца, што ўся краіна пераедзе ў Менск. Таму што (паўтару як мантру) пры нармальна функцыянуючай эканоміцы ў насельніцтва няма патрэбы шукаць працу ў сталіцы.

ЧЫТАЙЦЕ ІНШЫЯ ТЭКСТЫ АЎТАРА:

Наталля Літоўская/ВГ belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў