Што будзе з незалежнасцю пасля Лукашэнкі? Песімістычны сцэнар польскага эксперта


Ці беларуская дзяржаўнасць з’яўляецца чымсьці сапраўды трывалым і непахісным? А можа змрок эпохі кіравання Аляксандра Лукашэнкі стане змрокам і для незалежнай Беларусі? Такія пытанні ставіць у сваім артыкуле «Ці паглыне Расея Беларусь», апублікаваным у «Rzeczpospolita», дырэктар польскага дзяржаўнага Цэнтру ўсходніх даследаванняў, палітолаг Адам Эберхард.

Аўтар артыкулу адзначае, што на фоне ўзброенага канфлікту на Данбасе і анексіі Крыму Лукашэнка «некалькі разоў у характэрным для яго стылі ўдарыў сябе ў грудзі і прызнаў неабходнасць узмацнення нацыянальнай свядомасці». Паводле Эберхарда, вынікам гэтага стала большая прысутнасць беларускай мовы ў рэкламе і рост яе папулярнасці ў «альтэрнатыўным ды хіпстарскім асяроддзі на ўскрайку масавай культуры». Аўтар таксама канстатуе, што ўлада ўсцяж «не заўважае пагрозу з Усходу, або прынамсі не мае ідэі, як ёй супрацьдзейнічаць».

На думку дырэктара Цэнтру ўсходніх даследаванняў, падзенне коштаў на нафту «агаліла неканкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі і паглыбіла адмоўнае вонкавагандлёвае сальда». Паводле звестак Эберхарда, гэта не азначае калапс беларускай эканомікі, але сведчыць пра сістэмны крызіс, які прывёў да таго, «што Расея стала для беларусаў месцам, дзе яны мараць працаваць».

«Калі размаўляеш з беларусамі, асабліва па-за межамі сталіцы, шакуе канцэнтраванне на індывідуальных стратэгіях выжывання і амаль абсалютная абыякавасць да лёсу краіны. Жыхары Віцебску, Баранавічаў ці Ліды, адказваючы на пытанні, як бы яны прагаласавалі на гіпатэтычным рэферэндуме адносна далучэння Беларусі да Расеі ў прынцыпе адзінагалосна пагаджаюцца на ліквідацыю беларускай дзяржаўнасці, бо гэта можа палепшыць іхны ўзровень жыцця», – піша Эберхард.

Польскі палітолаг дзеліцца таксама развагамі на тэму палітычнай мэтазгоднасці расейскай «анексіі Беларусі».

«Слабасць звычайна правакуе. Слабасць Беларусі, незалежнасць якой расейская эліта разглядае як нейкі капрыз гісторыі, правакуе яшчэ мацней. Для Уладзіміра Пуціна такая слабасць – спакуса большага падпарадкавання заходняга суседа, якога ўжо даўно зрабілі васалам у стратэгічным вымярэнні, але эканамічная аўтаномнасць гэтага васала, няздольнасць вяртаць даўгі і ўпартае нежаданне паглыбляць інтэграцыю ў межах Саюзнай дзяржавы ды Еўразійскага звязу, раздражняе», – адзначае польскі эксперт.

Аналізуючы актыўнасць прыхільнікаў «рускага свету», Эберхард заўважае, што ў перыяд «натуральнай або справакаванай нестабільнасці ды паслаблення ўлады Лукашэнкі» прарасейскія групы пра падтрымцы расейскіх медыяў могуць стаць ключавым элементам у арганізацыі аксамітнага перавароту.

«Трэба памятаць, што зʼяўленне на вуліцах Беларусі “зялёных чалавечкаў” не выклікала б масавага супраціву, а беларуская наменклатура ў гадзіну “Х”, не кажучы ўжо пра войска і частку спецслужбаў, якія прайшлі расейскую інфільтрацыю, без асаблівых ваганняў былі б схільныя змяніць у сваіх кабінетах партрэт Лукашэнкі на партрэт Пуціна. Анексія Беларусі – сцэнар, які спакушае Пуціна. І парадаксальна, што з кожным годам беларускай незалежнасці гэты сцэнар становіцца ўсё больш праўдападобным», – мяркуе Адам Эберхард.

ЮВ, belsat.eu, паводле rp.pl

Стужка навінаў