Штаб Віктара Бабарыкі заклікаў беларусаў усё роўна браць удзел у выбарах 9 жніўня

Перадвыбарчы штаб Віктара Бабарыкі правёў прэс-канферэнцыю з нагоды рашэння ЦВК не рэгістраваць экс-банкіра ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.

Першая частка:

Другая частка:

Каардынатарка штабу Марыя Калеснікава заклікала беларусаў узяць удзел у галасаванні 9 жніўня. На яе думку, застацца дома – гэта значыць прагаласаваць за Лукашэнку. Паводле яе, кожнаму беларусу варта прыходзіць на выбарчыя ўчасткі і галасаваць «за любога кандыдата, якога ён лічыць годным».

Марыя Калеснікава лічыць, што цяпер большасць беларусаў супраць дзейнай улады. «Дзень выбараў гэта як раз той дзень, калі беларускае грамадства можа паказаць, што ўлада знаходзіцца ў меншасці», – заявіла яна. Маўляў, калі ўсе беларусы 9 жніўня аддадуць свае галасы за альтэрнатыўных кандыдатаў, то ўлада не атрымае на выбарах электаральную большасць і тады будзе прызначаны другі тур. І што «волю народа немагчыма сфальсіфікаваць».

Калеснікава таксама заявіла, што асабіста яна 9 жніўня прагаласуе «супраць усіх».

Адвакат Максім Знак заявіў, што штаб Бабарыкі не мае дачынення да заклікаў выходзіць на акцыі пратэсту.

«Асноўная задача, якую ставіў Віктар Бабарыка, асноўная стратэгія ў дасягненні гэтай мэты – выкарыстанне ўсіх магчымых дзеянняў аж да дня галасавання. То бок у нас цяпер ідзе працэс, 9 жніўня галасаванне ўсё роўна будзе ў краіне. Ад таго, наколькі падрыхтаванымі мы да гэтага дня падыдзем, залежыць вельмі шмат. У штаба ёсць зразумелая мэта ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі, якая застаецца актуальная незалежна ад таго, што адбылося», – заявіў Знак.

Ён падкрэсліў, што грамадзяне маюць права на мірныя акцыі, але ёсць пэўныя межы правядзення такіх акцыяў. «Калі гэтыя межы не парушаюцца, то няма ніякіх падставаў для затрымання і выкарыстання фізічнай сілы», – дадаў адвакат.

Аднак штаб у сваю чаргу прапаноўвае беларусам не вулічныя акцыі, а іншую форму абароны сваіх правоў – падача скаргаў на рашэнні ЦВК. Марыя Калеснікава заклікала захоўваць спакой і не паддавацца на правакацыі.

Паводле Калеснікавай, нерэгістрацыя Бабарыкі сведчыць пра тое, што «ўлада знаходзіцца ў стане абсалютнага страху».

«Замест рэальнай барацьбы за галасы выбарнікаў яна ладзіць кампанію пераследу палітычных канкурэнтаў і ўласнага народа. Рэжым забірае людзей з вуліцы і звозіць у аўтамабілях без нумароў, цкуе нязгодных, стварае ілюзію легітымнасці», – адзначыла яна.

Па словах Калеснікавай, «сёння ўсім нам плюнулі на твар, паспрабавалі адабраць нашу будучыню і нашую надзею». «Не дапусціўшы Бабарыка да выбараў, улада пацвердзіла – пацвердзіла перамогу Віктара. Цяпер мы дакладна ведаем, што нас большасць, а ўлада – меншасць», – падкрэсліла яна.

Калеснікава паабяцала, што цяпер ўсё толькі пачынаецца: «Мы ідзем наперад і да канца».

Штаб таксама накіруе скаргу на нерэгістрацыю Бабарыкі.

***

14 ліпеня ЦВК прыняў рашэнне аб не рэгістраваць Віктара Бабарыку ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына абгрунтавала гэты тым, што на адрасе Цэнтрвыбаркаму быў накіраваны ліст КДК, дзе распавядалася пра «злачынную дзейнасць» былога банкіра і ягоныя ценявыя даходы.

  • Патэнцыйны кандыдата ў прэзідэнты Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард былі затрыманыя 18 чэрвеня ў межах «справы Белгазпрамбанку». Яны цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Віктару Бабарыку выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 235 («адмыванне» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), ч. 2. арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, якое пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 431 (дача хабару паўторна ў асабліва буйным памеры) КК Беларусі. Эдуарда Бабарыку вінавацяць паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Агулам у межах справы затрыманыя больш за 20 чалавек.
  • Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда вязнямі сумлення. Беларуская праваабарончая супольнасць таксама прызнала палітвязнямі фігурантаў «справы Белгазпрамбанку» Святлану Купрэеву, Дзмітрыя Караку, Алену Карагачаву і Уладзіміра Дударава.

ІІ belsat.eu

Hавiны