Што будзе, калі Уладзімір Пуцін знікне і не вернецца?


Фота kremlin.ru

Раз у некалькі гадоў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін кудысьці знікае. Праз тое, што ў расейскай палітычнай традыцыі не прынята казаць пра здароўе «першай асобы», з’яўляюцца розныя спекуляцыі. Знікае ён проста так ці па сурʼёзных прычынах?

Што будзе, калі раптам Пуцін знікне – і не вернецца? Журналіст belsat.eu Яўген Балінскі разам з дырэктарам Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі, палітолагам Андрэем Ягоравым абмеркавалі гіпатэтычнае развіццё падзеяў.

Калі б Расея засталася без Пуціна…

Калі б раптам здарылася так, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін знік, прапаў, што адбывалася б у Расеі? Навальны, ФСБ, пячорныя «чарнасоценцы», Мядзведзеў – хто і як скарыстаўся бы з магчымасці захапіць уладу, і ці была бы такая магчымасць? Андрэй Ягораў лічыць, што вельмі складана спрагназаваць трансфармацыю персаналістычных рэжымаў пасля знікнення іх аўтарытарнага лідара.

«Унутраная механіка і расстаноўка сілаў, пры адсутнасці публічнасці, схаваная ад вонкавага погляду, але калі Пуціна не стане раптам, паміж уладай і алігархамі пачнецца барацьба. Сёння маса спекуляцыяў вакол «крамлёўскіх вежаў», якія і пачнуць барацьбу, але складана сказаць, хто і на чыім баку будзе гуляць», – лічыць Ягораў.

Якая роля Суркова або Мядзведзева? Што будзе рабіць Кадыраў? Як павядуць сябе расейскія рэгіёны? Ці паспрабуюць алігархі ўзяць уладу? Эксперт лічыць, што мы не ведаем гэтага напэўна. Аднак Ягораў дадае, што барацьба, перш за ўсё, пойдзе за медыі ды за сілавікоў. Аднак, лічыць эксперт, дэмакратычная супольнасць, улічваючы яе слабасць і некансалідаванасць, хутчэй за ўсё, застанецца па-за гульнёй, калі ў сваіх інтарэсах яе не захочуць выкарыстоўваць уладныя структуры.

Беларусь і Украіна супраць імперскасці: пра «украінскі Крым» трэба забыць?

Што ў гэтай сітуацыі верагодней згуляе для Беларусі і Украіны? Адцягненне ўвагі расейскіх элітаў на барацьбу за ўладу і перадзел за ўсё ўнутры Расеі ці, наадварот, тое, што называецца «вяртаннем велічы дзяржаваў» – утаплення ў крыві ўсіх, хто супраць? Што зменіцца для Беларусі?

Ягораў лічыць, што, у выпадку знікнення Уладзіміра Пуціна, Беларусь нічога новага не чакае.

Што ж да Украіны, то, зыходзячы з рыторыкі асноўных дзейных асобаў расейскай палітыкі, ні Навальны, ні Жырыноўскі, ні ўмоўныя «левыя», ні, тым больш, так званыя «радыкалы» або «пуціністы» вяртаць Крым не збіраюцца. Андрэй Ягораў перакананы, што імперскасць расейскай эліты – «адвечная» праблема Расеі.

«У адрозненне ад Беларусі, у Расеі дзве праблемы – аўтарытарызм і імперыялізм. Другога мы, беларусы, пазбаўленыя. Але хто б ні прыйшоў да ўлады ў Расеі, нават лібералы, не пачнуць працэдуру вяртання Крыму. Новыя ўлады будуць мець патрэбу ў падтрыманні «популюса», а ён у сваёй масе атручаны імперскай рыторыкай. Спатрэбяцца гады вытраўлення гэтай ідэі, каб пытанне вяртання Крыму абмяркоўвалася больш сур’ёзна», – лічыць Ягораў.

«Расейскія войскі забудуць ў Сірыі»

 

Фота kremlin.ru

Усе тыя сілы, што могуць скарыстацца сітуацыяй і захапіць уладу ў Расеі – якой пазіцыі яны прытрымліваюцца адносна вайны ў Сірыі і адносінаў з Захадам? Андрэй Ягораў лічыць, што можа быць небяспека працягу канфрантацыі з Захадам.

«Калі да ўлады прыйдуць радыкальныя сілы, якія сёння трызняць «вялікай Расеяй», то не выключана, што канфрантацыя працягнецца. Аднак, хутчэй, унутраныя разборкі не пакінуць месца для вонкавай вайны. Адносіны з Захадам адыдуць на другі план, і войскі «забудуць у Сірыі», – лічыць Ягораў.

Эксперт лічыць, што ў Расеі могуць пачаць выкарыстоўваць «зялёных чалавечкаў» ва ўнутранай барацьбе. «На нейкі час усталюецца хаос, вонкавыя кантакты будуць адкладзеныя», – дадае эксперт.

Яўген Балінскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары