Што беларусы цягаюць з Расеі, і чым нашым завалены Смаленск?


Аляксандр Лукашэнка называе мяжу Беларусі з Расеяй самаю дзіўнаю мяжой Еўропы. І пакуль у Менску здзіўляюцца, Масква ў аднабаковым парадку пачынае ўсталёўваць паўнавартасны памежны кантроль. Каманда «ПраСвету» выехала на ўсходняе памежжа, каб высветліць, чым там жывуць беларусы і расейцы ды як на іх паўплывае стварэнне сапраўднае мяжы.

Ва ўсходніх раёнах Віцебскай і Магілёўскай вобласцяў нават паводле афіцыйнае статыстыкі сярэдні заробак не перавышае Br 600. Паводле неафіцыйнай, і Br 400 – ужо вялікія грошы, калі іншыя за месяц сезонных працаў у сельскай гаспадарцы атрымліваюць сотню.

Дуброўна – адзін з класічных для гэтага рэгіёну раённых цэнтраў. За апошнія некалькі гадоў тут зачынілі галоўнае прадпрыемства – маслазавод, а за ім і школу.

Распавядае Наталля Стрэльчанка, жыхарка Дуброўна, актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

«Працы ўвогуле практычна ніякай няма. Заробкі вельмі нізкія. Людзі вымушаныя шукаць працу ў Расейскай Федэрацыі. І нават у Польшчы».

Віцебская і Магілёўская вобласці лідаруюць у скарачэнні насельніцтва. За 20 гадоў колькасць іх жыхароў зменшылася на 216 і 170 тыс. чалавек, адпаведна. Як быццам цэлы Магілёў знік! І гэта вынік не толькі з нізкае нараджальнасці ды ўнутранае міграцыі.

Аляксандр, мясцовы жыхар, хавае твар перад камераю:

«Раён займаецца тым, што амаль 30 % жыхароў з’язджаюць за мяжу. Тут няма магчымасці зарабіць. Абодва мае браты зʼехалі. Яны дакладна не вернуцца. І мне даводзіцца ўзімку тут заставацца, а ўлетку ехаць на заробкі».

Як і ў заходніх частках краіны, тут развіты гэтак званы турызм па набыткі.

Распавядаюць жыхары Крычава:

«Ездзяць нашыя, суражскім цягніком. Прадукты набываюць там».

«Набываем увесь час. Можна сказаць, просім, каб прывозілі».

«Вопратку, абутак. Апранаемся ды абуваемся і самыя, і дзяцей».

На мясцовых рынках куды ні глянь – убачыш тавары або расейскай вытворчасці, або прывезеныя адтуль.

«Бяруць, бо беларускае не кожны возьме – дорага», – каментуе Кацярына, індывідуальная прадпрымальніца.

Але памежны гандаль бывае не толькі легальны – з прылаўкамі, сертыфікатамі і падаткамі. У Воршы на вуліцы каля рынку гандляры збіраюцца стыхійна, у асноўным гэта пенсіянеры. Тавар з Расеі – рыба, кандытарскія вырабы, маянэз, кава і гарбата.

Ёсць і больш глыбокі ўзровень ценявога гандлю. Паводле неафіцыйных звестак, да 90 % беларускага рынку кантрафактнага алкаголю сумнеўнае якасці займае прадукцыя расейскага паходжання. І толькі на акцызах Беларусь штогод губляе $ 250 млн.

«Людзі набываюць медычны спірт у белых каністрах. Па 5-10 літраў у вялікай колькасці прывозяць сюды. За адную паездку яны могуць прывезці і 50, і 100 літраў ды працуе на пункт, што гандлюе», – працягвае Аляксандр, беларус з Дуброўна.

Ці мясцовыя ўлады могуць запрапанаваць нейкую альтэрнатыву? На жаль, не, бо толькі пагаршае сітуацыю. Па прыклад хадзіць далёка не трэба. Наталля Стрэльчанка летась спрабавала стварыць ферму: набыла будынак і 500 галоваў гусей. Але раённы выканкам загадаў бізнес зачыніць. На пагрозу судзіцца чыноўнікі заявілі, што суд у іх пад поўным кантролем.

Наталля Стрэльчанка, жыхарка Дуброўна, актывістка АГП: «Мы, можна сказаць, цяпер банкруты. Калі мы з гэтым ужо сутыкнуліся, то мы не хочам тут больш адкрываць ніякага бізнесу».

Праз такое стаўленне мясцовых уладаў беларусы пачынаюць адкрываць бізнес у Расеі, ствараюць там працоўныя месцы ды там жа плоцяць падаткі. Мы кіруемся на ўсход ад беларуска-расейскае мяжы.

Пасёлак Красны – раённы цэнтр Смаленскае вобласці з насельніцтвам 4,5 тыс. чалавек – у паўтара разу менш за беларускае Дуброўна. Здавалася б, што беларусам шукаць у такіх глухіх закутках суседняе краіны?

Аднак толькі ў адным Красным, што за 18 км ад мяжы з Беларуссю, нашыя суайчыннікі маюць два прадпрыемствы. На жаль, паразмаўляць з кіраўніцтвам не ўдалося, бо гаспадары – у Беларусі.

Памежныя расейскія рэгіёны – амаль люстэркавы адбітак беларускіх, яны даслоўна заваленыя таварамі родам з суседняе краіны. На Беларусь прыпадае больш за палову ўсяго харчовага імпарту Смаленскае вобласці. Крамы з рэкламаю кшталту «беларускае мяса і малако», «беларуская касметыка», «беларускі абутак» – праз кожныя некалькі сотняў метраў.

Жыхарка Смаленску, якая набывае сабе і сыну беларускі абутак, задаволеная з яго якасці.

Адметна, што кошт на беларускія мясныя ды малочныя прадукты ў Расеі значна вышэйшы, чымся ў Беларусі. Аднак з прамысловымі таварамі – наадварот. Беларускія тавары каштуюць у Расеі танней, чымся ў Беларусі. Гэта можа тлумачыцца выкарыстаннем шэрых схемаў бартарнага абмену, калі беларускія прадпрыемствы бяруць танную расейскую сыравіну і ў абыход падаткаў адгружаюць расейскаму боку гатовы прадукт.

Каментуе Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog»:

«Безумоўна, Расея вельмі добра інфармаваная наконт сацыяльна-эканамічнага становішча прымежных рэгіёнаў, адносна іх высокай залежнасці ад гандлёва-эканамічных зносінаў з суседнімі расейскімі тэрыторыямі, прычым не толькі легальнымі, але і нелегальнымі зносінамі. Я хачу нагадаць, што там вельмі вялікая плынь кантрабанды ў абодва бакі».

Гэта ў сваю чаргу пры адсутнасці паўнавартаснае мяжы стварае магчымасці жыхарам памежных рэгіёнаў палепшыць сваё фінансавае становішча. У такіх умовах перспектыва ўсталяваць нейкі мытны кантроль успрымаецца вельмі негатыўна.

«Будзем ізноў стаяць у чэргах. Нам іх хапае іх на мяжы Беларусь – Польшча. А калі іх яшчэ на мяжы Беларусі з Расеяй увядуць, то, прабачце, тады рэйс будзе займаць не 4-5 дзён, а 7-8», – прызнаецца Андрэй, кіроўца цяжкавіка на беларуска-расейскай мяжы.

На меркаванне экспертаў, у першую чаргу ад любога павелічэння кантролю на мяжы страцяць менавіта жыхары Беларусі, частка якіх можа папросту апынуцца без крыніцаў існавання.

«Канечне будзе дрэнна людзям, калі сёння можна туды свабодна заехаць і набыць прадукцыю нават агулам, а калі будзе кантроль, то гэта будзе складаней», – адзначае Наталля Стрэльчанка, жыхарка Дуброўна, актывістка АГП.

Кацярына, індывідуальная прадпрымальніца, мяркуе, што «гэта, безумоўна, будзе праблема для ўсіх».

Тым часам улады Беларусі пакуль толькі дэкларуюць намер заняцца развязаннем пытанняў памежных рэгіёнаў.

Працягвае Андрэй Паротнікаў:

«Я баюся таго, што аднойчы ўлады Беларусі прачнуцца і пабачаць, што мяжа ёсць, ёсць фактычна 30-адсоткавае беспрацоўе, ёсць галеча ў сямнаццаці прымежных рэгіёнах. А што рабіць, ніхто не ведае».

Сітуацыя ўскладняецца і тым, што падтрыманне ўладаў Беларусі ва ўсходніх рэгіёнах краіны зніжаецца настолькі ж імкліва, як падае ўзровень жыцця мясцовага насельніцтва. А ўплыў расейскае прапаганды ў беларускім інфармацыйным полі даўно ўжо ні для каго не сакрэт. І гэты козыр у руках Расеі дзейным уладам Беларусі крыць няма чым.

Ігар Кулей і Зміцер Міцкевіч

 

Стужка навінаў