Што азначаюць вынікі следства адносна сувязяў Доналда Трампа і Расеі падчас выбараў у ЗША?


Два гады спецыяльны пракурор Робэрт М’юлер займаўся высвятленнем магчымых сувязяў паміж выбарчым штабам Доналда Трампа і Расеяй падчас амерыканскіх прэзідэнцкіх выбараў 2016 года. Учора генеральны пракурор ЗША Ўільям Бар агучыў грамадству асноўныя высновы следства.

Гібрыдныя выбары?

З першых дзён сваёй нечаканай перамогі ў лістападзе 2016 года Доналд Трамп сустрэўся з унікальнай як мінімум за апошнія 100 гадоў кампаніяй абструкцыі з боку сваіх апанентаў – Дэмакратычнай партыі, левых актывістаў і СМІ. Следства М’юлера было іх галоўнай надзеяй на пачатак працэдуры адхілення Трампа ад улады.

3 2017 года М’юлер і ягоная каманда з 19 юрыстаў, каля 40 агентаў Федэральнага бюро расследаванняў, аналітыкаў і іншых спецыялістаў дапытала каля 500 чалавек, правяла каля 500 вобшукаў, атрымалі больш за 230 ордараў на праслухоўванне, амаль 3000 разоў патрабавала тую ці іншую інфармацыю. Генеральны пракурор Бар назваў гэтае следства вычарпальным.

Пераможны тўіт Доналда Трампа пасля апублікавання ліста Бара

У выніку М’юлер прыйшоў да высновы, што Расея сапраўды імкнулася нелегальна паўплываць на выбары ў ЗША і таму вінаватая ў злачынствах супраць ЗША. Гэтак, расейскае Агенцтва інтэрнет-даследаванняў займалася дэзынфармацыяй у сацыяльных сетках, каб дэстабілізаваць сацыяльную сітуацыю ў ЗША. Асобна амерыканская пракуратура абвінаваціла ў хакерскіх аперацыях супраць ЗША шэраг афіцэраў расейскай арміі, сведчыць ліст Ўільяма Бара.



Аднак, згодна з вынікамі следства М’юлера, выбарчы штаб Доналда Трампа не быў у змове з Масквой і не каардынаваў з ёй сваіх дзеянняў, хоць асобы, звязаныя з Крамлём, неаднаразова прапаноўвалі Трампу сваю дапамогу.

Без шанцаў у судзе

Менш вызначана гучаць высновы адносна таго, ці замінаў Трамп працы следчай групы. Гэтак, хоць М’юлер не знайшоў доказаў таго, што Доналд Трамп як прэзідэнт злачынна перашкаджаў следчым, але і не выключае гэтага. «Хоць гэты даклад не пастанаўляе, што прэзідэнт зрабіў злачынства, але і не прызнае яго невінаватым», – гаворыцца ў дакуменце.

Антытрампаўская акцыя падтрымання пракурора Робэрта М’юлера ў лістападзе 2018 года ў Сан-Хасэ, Каліфорнія. Фота Legoktm

Генеральны пракурор Бар у гэтым выпадку прыняў рашэнне, што сабраная групай М’юлера інфармацыя не даказвае віны Трампа.

Наступствы

Высновы Бара ўжо назвалі палітычна перамогаю Трампа і Рэспубліканскай партыі – прэзідэнт ЗША лічыць дакумент сваім апраўданнем, а ягоныя апаненты з Дэмакратычнай партыі агучылі незадавальненне.

Крэмль анекдатычна паспрабаваў выдаць дакумент і за сваё апраўданне, заявіўшы, што цяпер гатовы да паляпшэння адносінаў з ЗША, хоць відавочна, што якраз Маскву М’юлер дакладна назваў вінаватай у злачынным умяшанні ў амерыканскія ўнутраныя справы.

Насамрэч ліст генеральнага пракурора можа прывесці толькі да новых санкцыяў ЗША супраць Масквы.

Даклад М’юлера не быў апублікаваны – з прычыны канфідэнцыйнага характару значнай яго часткі. У сувязі з гэтым прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі заяўляюць, што будуць намагацца поўнай публікацыі.

Мітынг прыхільнікаў Трампа ў штаце Індыяна ў жніўні 2018 года. Фота raschau via https://www.flickr.com

Адначасова працягваецца яшчэ некалькі працэсаў супраць Трампа – ягоных бізнес-справаў, магчымых выплатаў жанчынам, якія маглі мець з ім раманы, фінансавання ягонага дабрачыннага фонду і камітэту прэзідэнцкай інаўгурацыі. Аднак на групу М’юлера Дэмакратычная партыя разлічвала наймацней. Апаненты Трампа гадамі ў медыях і публічных выступах абвінавачвалі Трампа ў сувязях з Масквой і нават называлі яго марыянеткаю Пуціна.

Цяпер жа высновы дакладу М’юлера могуць узмацніць Трампа на наступных выбарах, лічыць гісторык інстытуту прэзідэнцкай улады ў ЗША Даглас Брынклі.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў