Што адбываецца на 53-і дзень пратэсту? Арышт Леўчанкі, ценевы ўрад і акцыі студэнтаў


30 верасня ў Беларусі азнаменаваўся 53-м днём паслявыбарных пратэстаў. Сёння масава выйшлі на «сядзячую дэманстрацыю» ў знак салідарнасці з затрыманымі студэнты беларускіх ВНУ.

Пратэст на Партызанскім праспекце.
Фота: belsat.eu

Навучэнцы беларускіх універсітэтаў выйшлі на акцыю салідарнасці з тымі, хто цярпіць ад ціску беларускіх сілавікоў. Кампанія прайшла пад слоганам «мы сядзім пакуль вы сядзіце». У прыватнасці на акцыю выйшлі студэнты:

  • Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту
  • Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту
  • Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту
  • Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі
  • Акадэміі мастацтваў
  • Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту фізічнай культуры
  • Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў
  • Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту
  • Тэхналагічнага ўніверсітэту ў Віцебску
  • Міжнароднага дзяржаўнага інстытуту імя. А.Д. Сахарава і інш.

Таксама на акцыі выйшлі не толькі студэнты. Гэтак, у Менску людзі станавіліся ў ланцугі салідарнасці каля Пушкінскай, на Партызанскім праспекце, праспектах Незалежнасці і Дзяржынскага, на вуліцы Няміга, скрыжаванні Кальварыйскай і Альшэўскага, у Лебядзіным і Курасоўшчыне.

Увечары акцыі ўжо традыцыйна перамясціліся ў спальныя раёны і двары. У тым ліку яны праходзілі не толькі ў Менску, але і ў іншых населеных пунктах па ўсёй Беларусі: у Полацку, Наваполацку, Лідзе, Маладзечне, Бараўлянах, Раўбічах і іншых.

Не абышлося без затрыманняў, але яны не былі масавымі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» прыводзіць імёны затрыманых.

У Менску ад плошчы Незалежнасці прайшла па праспекце і акцыя ў падтрыманне Аляксандра Лукашэнкі, але яна не была шмалюднай. Удзел у ёй узялі толькі некалькі дзясяткаў чалавек.

Акцыя ў падтрыманне Лукашэнкі 30 верасня ў Менску.
Фота: TUT.by

Ценявы ўрад?

А Святлана Ціханоўская зрабіла крокі, якія можна інтэрпрэтаваць як пачатак фармавання ценявога ўраду, – прызначыла прадстаўнікоў па правах чалавека і эканамічных рэформах. Прадстаўніком па правах чалавека стаў Гары Паганяйла. Прадстаўніком па эканамічных рэформах прызначаны эканаміст Алесь Аляхновіч.

«Рэжым Аляксандра Лукашэнкі не толькі нелегітымны, ён больш не спраўляецца са сваімі задачамі. Мы не можам бяздзейнічаць і назіраць, як краіна ўсё больш апускаецца ў крызіс. Таму, каб забяспечыць правядзенне новых выбараў, я працягваю сваю працу па абʼяднанні ўсіх дэмакратычных сіл беларускага грамадства», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Раней Павел Латушка казаў пра гатовасць сфармаваць «паралельнае» Міністэрства замежных справаў.

Аляксандр Лукашэнка жа сустрэўся сёння з чарговым расейскім губернатарам, на гэты раз з Бранскай вобласці. А канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель пацвердзіла, што бліжэйшым часам сустрэнецца са Святланай Ціханоўскай.

Hавiны
ЗША рыхтуюцца ўвесці санкцыі супраць Расеі за падтрыманне Лукашэнкі
2020.09.30 21:26

Таксама стала вядома, што група дэпутатаў унесла ў Палату прадстаўнікоў ЗША законапраект, які прадугледжвае падтрыманне для грамадзянскай супольнасці Беларусі ды санкцыі супраць уладаў Беларусі і тых прадстаўнікоў Расеі, якія ім дапамагалі ўтрымліваць уладу.

Між тым улады працягваюць рэпрэсіі супраць нязгодных.

Найбольш гучным стала затрыманне вядомай баскетбалісткі Алены Леўчанка, якая з’яўляецца ўдзельніцай незалежнага руху спартоўцаў SOS BY.

Спартоўка патэлефанавала адвакату Міхаілу Кірылюку і распавяла, што яе затрымалі ў аэрапорце перад адʼездам на планавае лячэнне і рэабілітацыю. Прычынай затрымання стаў удзел у масавых акцыях. Яе абвінавацілі паводле часткі 1 артыкулу 23.34 КоАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Баскетбалістка была дастаўлена ў Ленінскі РУУС і пазней, калі яна атрымала 15 содняў арышту, у ізалятар на вуліцы Акрэсціна.

Алена Леўчанка.
Фота: Facebook

«Алена была падрыхтаваная, але аніхто не думаў, што яна атрымае максімальны тэрмін», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Алена раней аніколі не прыцягвалася паводле арт. 23.34, адміністрацыйныя парушэнні – толькі за парушэнне ПДР. Міхаіл падкрэслівае, што ў яго было шмат пытанняў да самога працэсу. Напрыклад, Алена патэлефанавала яму а 7:10, але ў пратаколе быў запісаны іншы час затрымання.

«Мне не далі папрысутнічаць ані ў РУУСе, ані на Акрэсціна, не далі сфатаграфаваць матэрыялы справы, я заявіў у судзе, што калі мне робяць перашкоды абароне майго кліенту, то гэта падстава для адмены прыцягвання па адміністрацыйнай адказнасці. Але суд вырашыў інакш», – сказаў абаронца.

Ён падкрэсліў, што Алена не лічыць сябе вінаватай у чымсьці. Таму, натуральна, прысуд будзе абскарджаны.

Алена Леўчанка выступала за зборную Беларусі па баскетболу з 2001 году. Брала ўдзел у нядзельных маршах пратэсту, адкрыта выказвалася супраць гвалту сілавікоў.

Арышт Леўчанка спрычыніўся да акцыяў салідарнасці з ёю, якія прайшлі як каля Акрэсціна, гэтак і ў іншых раёнах. Таксама гандбольны клуб «Віцязь» на знак пратэсту супраць арышту адмовіўся выходзіць на афіцыйны матч, а Беларускі фонд спартовай салідарнасці заклікаў байкатаваць спартовыя падзеі ў Беларусі.

Hавiны
Блогер Пальчыс знайшоўся на Акрэсціна – яму далі 30 содняў
2020.09.30 20:08

Таксама стала вядома, што на Акрэсціна знаходзіцца папулярны блогер Эдуард Пальчыс, які знік 27 верасня. Выявілася, што яму прысудзілі 30 содняў арышту.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў