Што адбываецца, калі нічога, здавалася б, не адбываецца?

Не б’юць.

Гэта вельмі добра, што не бʼюць. Але ўзнікае адчуванне нейкай дзіўнай паўзы. Улада – тая, што яшчэ лічыць сябе ўладай дэ юрэ, але зʼяўляецца такой дэ факта – улада цягне час.

Загаду біць і затрымліваць каля Дома ўраду – не было. Фота Belsat.eu

Што адбываецца тады, калі нічога не адбываецца?

Я паглядзеў кадры з пасяджэння Рады Бяспекі. Не ўбачыў памочніка прэзідэнта па пытаннях бяспекі Віктара Лукашэнку. Ён усё яшчэ ў краіне – ці ўжо з’ехаў з усімі астатнімі членамі сямʼі, пакінуўшы ў тэлевізары толькі таго, каго не звязеш?

Не бачу Віктара Шэймана. Цяпер бы яго выпусціць у горад, з ягоным выбітным асабістым досведам беганіны па вуліцах Менску з пісталетам у руках (не я сказаў – Лукашэнка сказаў, здаўшы тым самым свайго вернага паплечніка пракуратуры будучых дзён з трыбухамі). Але яго раптам не стала. Дзе ён? Справа не ў пісталеце – справа ў паўнамоцтвах кіраўніка справамі прэзідэнта?

Hавiны
«План Б» – пералік галасоў пасля падмены бюлетэняў
2020.08.15 13:38

Пыталіся – не ўсе, але многія, – ці магчымы пералік галасоў. Немагчымы – з майго пункту гледжання. Бюлетэні ўжо замененыя, адсюль халодная непахіснасць Ярмошынай: маўляў, стой на сваім, Ліда, а то сядзеш напэўна і канчаткова. Але бюлетэнь – далёка не галоўная папера, змест якой павінен нас хваляваць. Што адбываецца з ведамаснымі архівамі, напрыклад, КДБ ці дзяржкантролю? Якія загады ў пісьмовым выглядзе і каму накіроўваў міністр Юрый Караеў? Ёсць пратаколы даручэнняў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Юрыя Сергіенкі? Хто з тэлевізійнага начальства і якія «цемнікі» візаваў?

Акцыя салідарнасці з работнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Нарэшце – дзе плёнкі? Лукашэнка – ён жа падобна Ніксану. У яго ўсё фіксавалася на плёнках, усе размовы. Пачынаючы з 1995 года, калі ён заявіў прэм’ер-міністру Чыгіру, што ведае, пра што той з жонкай сам-насам размаўляе. Чыгір, не стары яшчэ мужчына (фізіялагічна), нават пачырванеў пры гэтых словах – і зусім не таму, што дазваляў сабе сам-насам з жонкай палітычную нелаяльнасць. Дык захаваліся гэтыя запісы ці няма?

Улада цягне час да таго моманту, пакуль яе злачынствы застануцца ў рэальнасці, але не будуць пацверджаны нічым, акрамя паказанняў сведак. А словы – справа такая, іх дэмакратычны суд далёка не заўсёды прыме ў якасці доказу. Таму хацелася б даведацца, што адбываецца з дакументамі.

Лукашэнка на нарадзе 6 жніўня.
Фота: president.gov.by

Ці даведаемся?

Людзі, якіх няма на відэакадрах. Паперы і запісы, якіх назапасілася за чвэрць стагоддзя столькі, што трэба час, час і час, каб іх знішчыць і не сведчыць супраць сябе.

І – каштоўнасці. Культурныя і матэрыяльныя каштоўнасці. Памятаеце, як абвінавачвалі Віктара Бабарыку ў тым, што той збіраўся вывезці з краіны «Еву»? А што з рахункамі бізнесменаў, блізкіх да «сям’і»? Скажам, з рахункамі фірмаў Аляксандра Зайцава? Хто-небудзь задумаўся, як яны напаўняліся? Напрыклад, калі атрымлівалі прадукцыю МТЗ і МАЗу (а то і МЗКЦ, магчыма) па дэмпінгавых коштах, а затым перапрадавалі яе ў афрыканскія краіны (ці не там цяпер вышэйзгаданы Віктар Шэйман?), – то бок, на шкоду бюджэту, але з несумненным прыбыткам для прадаўца.

Шэйман і Зінгман у Харарэ, верасень 2018 года. Фота – @ZBCNewsonline

Гэта сёння важна. Важней, чым дзяльба партфеляў у будучым урадзе. Важней, чым стварэнне любых органаў пераходнага перыяду. Важна разумець, што павінна застацца. Не згарэць. Не растварыцца ў нябыт. Не пакінуць краіну ў выглядзе плацежных дакументаў, каштоўных пасылак і гэтак далей. Застацца – для наступнага вызначэння ролі розных органаў кіравання і людзей у лёсе нашай краіны.

Думайце пра гэта, людзі. Думайце. У нас жа ўлада павінна належаць народу. Гэта значыць, вам.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў