Усіх журналістаў, якія меліся весці стрым з-пад будынку КДБ, затрымалі

Журналістаў Галіну Абакунчык, Антося Сяліцкага, Кацярыну Андрэеву, Ігара Ільяша, Максіма Гарчанка і Насту Рэзнікаву якія меліся асвятляць акцыю з-пад будынку КДБ, куды беларусаў запрасіла каардынатарка штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава, затрымалі. Праз гэта стрым не адбыўся. Вядома таксама пра затрыманне карэспандэнткі TUT.BY Алены Талкачовай, журналісткі-фрылансеркі Таццяны Капітонавай, Наталлі Аблажэй, фотакарэспандэнткі ТАСС у Менску Наталлі Фядосенкі.

UPD. Фатографка Таццяна Капітонава, журналісты Наста Рэзнікава і Максім Гарчанка знаходзіліся ў Цэнтральным РУУС. А 20-ай усіх вызвалілі.

Праз паўгадзіны ўсіх затрыманых, акрамя Капітонавай, Рэзнікавай і Гарчанкі, адпусцілі. Дзе цяпер знаходзяцца журналісты, невядома.

«Гэтыя затрыманні – акцыя спецслужбаў і міліцыі, адмыслова скіраваная супраць журналістаў і прыхільнікаў Ціханоўскай. Калегі не парушалі закон і нават не паспелі прыступіць да непасрэднага выканання сваіх абавязкаў. Міліцыя свядома дыскрэдытуе дзяржаву і ўсяляк імкнецца перакрыць доступ да незалежнай інфармацыі», – заявіў кіраўнік Рэдакцыі інфармацыі «Белсат» Зміцер Ягораў.

У ТГ-канале «Выборы видишь?» паведамляецца, што затрыманні каля будынку КДБ на журналістах не скончыліся. Каля 16:40 сем чалавек, якія стаялі ў чарзе, пагрузілі ў мікрааўтобус і павезлі ў невядомым кірунку.

***

Каардынатарка штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава напярэдадні падчас стрыму папрасіла беларусаў стаць паручальнікамі па змене меры стрымання для Віктара Бабарыкі і ягонага сына Эдуарда. Свае хадайніцтвы яна заклікала несці ў КДБ.

Падтрымалі Алексіевіч і Цэслер

28 ліпеня а 16.00 гадзіне штаб Віктара Бабарыкі мае намер падаваць хадайніцтвы пра асабістае паручальніцтва ў КДБ. У сувязі з гэтым прадстаўнікі штабу звярнуліся да грамадзянаў з заклікам падпісаць гэты дакумент, узор якога выклалі на сайце палітыка, і потым перадаць яго ў Камітэт дзяржбяспекі. У штабе адзначаюць, што гатовасць падпісаць паручальніцтва выказалі пісьменніца, Нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч і мастак Уладзімір Цэслер.

«Мы хочам папрасіць усіх неабыякавых, усіх, хто верыць у Віктара і Эдуарда, выступіць іх паручыцелямі для змены меры стрымання. Для гэтага трэба запоўніць заяву і аднесці яе ў Камітэт дзяржбяспекі. Спасылка на заяву будзе ў найбліжэйшы час на сайце. Я панясу сваё паручальніцтва заўтра, у аўторак, у 16:00 у КДБ. Калі раптам нас будзе шмат – займіце, калі ласка, чаргу. Я буду вам вельмі ўдзячная» – сказала Калеснікава.

За гадзіну да пачатку запланаванай акцыі побач з будынкам КДБ ўжо з’явілася спецтэхніка і машыны ДАІ.

Алексіевіч і Цэслер гатовыя стаць паручальнікамі Бабарыкі

СК belsat.eu

Hавiны