Штаб Бабарыкі сумесна з праваабаронцамі запусціў праект 23-34.net


У межах праекту 23-34.net будзе праходзіць збор інфармацыі аб абсалютна ўсіх парушэннях з боку міліцыі, звязаных з мірнымі акцыямі, пачынаючы са старту перадвыбарнай кампаніі. Пра гэта паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

Праект ладзіць штаб Віктара Бабарыкі сумесна з Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі, платформай «Голас» і ініцыятывай «Сумленныя людзі».

Назва праекта адсылае да артыкула Кодэксу аб адміністратыўнай адказнасці, па якім часцей за ўсё сёлета пераследавалі ўдзельнікаў мірных пратэстаў – арт. 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

«Артыкул, па якім беларусаў затрымліваюць без прычыны, даюць ім содні і штрафы, б’юць і здзекуюцца. Артыкул, якога ў новай Беларусі быць не павінна, таму што само яго існаванне парушае Канстытуцыю», – адзначае прадстаўнік штабу Бабарыкі і прэс-сакратар Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў.

Ініцыятары праекту просяць усіх, хто трапіў пад пераслед у сувязі мірнымі пратэстамі, распавесці сваю гісторыю.

Hавiны
«Бландзінка біла мужчын у асноўным паміж ног – ёй гэта вельмі падабалася». Сябра штабу Ціханоўскай пра катаванні на Акрэсціна
2020.09.08 10:43

«Мы правядзем вялікае грамадскае расследаванне ўсіх эпізодаў псіхалагічнага і фізічнага гвалту, катаванняў, неналежнага абыходжання і самога факта прыцягнення да адказнасці па артыкуле 23.34 і іншым артыкулам, якія ўлады выкарыстоўваюць для рэпрэсіяў у дачыненні ўдзельнікаў мірных акцыяў».

Свае гісторыі беларусы могуць даслаць праз спецыяльную форму на сайце www.23-34.net.

«Канчатковая мэта праекту – гэта сумленныя суды над усімі, хто быў датычны да рэпрэсіяў у дачыненні беларускага народу», – кажа Раднянкоў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў