Шпагат Лукашэнкі. Навошта яму роля еўрафіла?

ВІДЭА

Прыхільнік моцнага Еўразвязу. Пад такім абліччам кіраўнік Беларусі сустрэў у Менску еўракамісара Ёганэса Гана. Пасланец Бруселю традыцыйна папракнуў Аляксандра Лукашэнку парушэннем правоў чалавека і наяўнасцю смяротнага пакарання. Але нават гэта не сапсавала праеўрапейскага настрою кіраўніка Беларусі. Што хаваецца пад маскай еўрафіла, высвятляла Вольга Жарнасек.

«Сямейнае» фота на апошнім саміце «Усходняга партнёрства» адбылося без Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі праігнараваў асабістае запрашэнне і замест Бруселю наведаў Буда-Кашалёва.

«У Буда-Кашалёва я паездку тры разы адкладаў, трэба было яшчэ раз адкласці?» – казаў Лукашэнка.

Праз два месяцы пасля саміту Брусель сам прыехаў да кіраўніка Беларусі – у асобе еўракамісара ў пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёганэса Гана. Лукашэнка падчас спаткання прадэманстраваў не толькі гасціннасць, але і заўзятую прыхільнасць да Аб’яднанай Еўропы. Моцнай Абʼяднанай Еўропы.

«Мы катэгарычна супраць цэнтрабежных сілаў у Еўразвязе, якія яго аслабляюць. Я кажу вам гэта не для ліслівасці, а таму, што мы прыхільнікі шматпалярнага свету», – казаў Лукашэнка.

Пятрас Аўштравічус, дэпутат Еўрапарламенту:

«Я думаю, галоўная прычына таго, што Лукашэнка стаўся гэткім еўрафілам, – гэта эканоміка. Эканоміка ў Беларусі буксуе, бо сітуацыя на расейскім рынку за апошнія гады не была настолькі добраю».

Еўразвяз – другі паводле значнасці эканамічны партнёр Беларусі. Акрамя таго, фінансавую дапамогу прадугледжвае і праграма «Усходняга партнёрства». Да 2020 года Еўразвяз плануе даць Беларусь да € 136 млн на прасоўванне рэформаў.

Улад Вялічка, генеральны дырэктар міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь»:

«Любая нестабільнасць у самым Еўразвязе адбіваецца на эканамічных інтарэсах Беларусі, на пытаннях бяспекі і гэтак далей. І другі момант – гэта альтэрнатыўны фокус. Моцны Еўразвяз, з ягоных словаў, азначае і пэўную геапалітычную альтэрнатыву».

Але ці патрэбны Еўразвяз у якасці альтэрнатывы таму, каго яшчэ нядаўна называлі апошнім дыктатарам Еўропы? Ідэальны варыянт для кіраўніка Беларусі – адносна моцны Еўразвяз і Расея, якая займаецца ўласнымі праблемамі. Калі ж перавага будзе на баку Масквы, то Беларусь можа чакаць найгоршы сцэнар.

Дзяніс Мельянцоў, палітолаг:

«Мы ў гісторыі ўжо бачылі такія прыклады. Беларусь хутчэй за ўсё проста будзе паглынутая Расейскаю Федэрацыяй у выглядзе новага саюзу або проста экспансіі, што мы таксама шмат разоў назіралі ў гісторыі».

Моцны Еўразвязу не пагражае беларускай незалежнасці, але пагражае Аляксандру Лукашэнку. Перавага Бруселю дазволіць больш актыўна навязваць беларускаму кіраўніку дэмакратычныя каштоўнасці.

«Я не думаю, што ў Еўропе могуць быць сістэмы, падобныя да Паўночнай Карэі. Я выбачаюся, але я часам думаю, што Беларусь выбірае гэткі самаізаляцыйны шлях», – кажа дэпутат Еўрапарламенту Пятрас Аўштравічус.

Як паказвае гісторыя, шлях Беларусі шчыльна звязаны са шляхам Расеі. Тым не менш эксперты звяртаюць увагу, што апошнія заявы Лукашэнкі моцна супярэчаць пазіцыі Масквы. Як вядома, кіраўнік Расеі не толькі не зацікаўлены ў моцным Еўразвязе, але і ўсяляк падтрымлівае еўраскептычныя партыі ў еўрапейскіх краінах.

«Беларусь як краіна незалежная, суверэнная мае свае інтарэсы. Гэтыя інтарэсы часам праводзяцца нават насуперак інтарэсам Масквы. Зноў такі мы гэта назіралі і падчас расейска-грузінскай вайны, калі Беларусь не прызнала Асеціі ды Абхазіі. Гэта мы назіралі падчас падзеяў на Крыме і Данбасе», – адзначае Дзяніс Мельянцоў.

Пазіцыя ў справе ўкраінскага крызісу, а пазней і стварэнне перамоўнай пляцоўкі ў Менску ў выніку прывяло да паляпшэння адносінаў паміж Беларуссю ды ЕЗ. Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка павысіў стаўкі ды запрапанаваў правесці ў Менску перамовы паміж Захадам і Усходам пад умоўнаю назваю «Хельсінкі-2».

Пятрас Аўштравічус, дэпутат Еўрапарламенту:

«Прэзідэнт Лукашэнка можа мець такія грандыёзныя планы. Але я думаю, што ні спадару Пуціну, ні Еўразвязу не патрэбныя пасярэднікі. Мы мусім казаць наўпрост, і мы ведаем, што мы мусім адно аднаму сказаць. Мы ўжо шмат чаго сказалі расейскаму кіраўніку. Але мы не бачым ніякага руху ў адказ».

Не бачаць істотных зрухаў у Еўразвязе і з боку Аляксандра Лукашэнкі. Асабліва Літва, якая за апошнія гады назбірала багата прэтэнзіяў да афіцыйнага Менску.

«Мы, вядома, не радыя, калі адбываюцца вучэнні, скіраваныя супраць нас, на нашых межах, ці будуецца атамная станцыя, мы пра гэта кажам кожны раз», – заявіў міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.

Але кожны раз Еўразвяз нязменна прапаноўвае Беларусі дыялог і супольныя праекты. Асабліва цяпер, калі Расея становіцца ўсё менш прадказальнаю, а Лукашэнка – усё больш ахвотны да супрацы.

Улад Вялічка, генеральны дырэктар міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь»:

«Сёння вельмі складана прадказаць, якая будучыня чакае Расею цягам 3-4 гадоў. Бо такая палітыка, якая вядзецца, можа прывесці да розных наступстваў. Ці яшчэ большая кансалідацыя дастаткова агрэсіўнай вонкавапалітычнай улады, ці наадварот нейкія крызісныя моманты. І я думаю, што Беларусі варта рыхтавацца і да аднаго, і да другога».

І Лукашэнка рыхтуецца ды ўдасканальвае свой улюбёны акрабатычны нумар – геапалітычны шпагат. Бо адзін недакладны рух у выпадку краіны паміж Захадам і Усходам можа апынуцца смяротным. Калі не для самой Беларусі, то як мінімум – для Аляксандра Лукашэнкі.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою 2 лютага 2018 г.

Таксама ў праграме:

  • «Уся біяграфія Пуціна – падман». Інтэрв’ю з аўтаркай сенсацыйнай кнігі «Вова, Валодзя, Уладзімір. Таямніцы Расеі Пуціна»
  • Беларус у штабе Сабчак: «Тры разы апускаліся рукі і хацеў вярнуцца ў ЗША». Інтэрв’ю з Віталём Шкляравым
  • Апошнія выбары Пуціна. Ці байкот Навальнага мае сэнс?
Глядзі таксама
Каментары