Шоўмен і тэлевядоўца Дзмітрый Кахно пракаментаваў у сваім Instagram затрыманні каля крамы symbal.by.
Паводле Кахно, пасля падзеяў у крамы symbal.by жонка плача, а яго самога «раздзірае» ад абурэння.
«Я ўбачыў, як чаргу ў краму symbal.by хапаюць байцы АМАПа і запіхваюць у аўтазак. Я жыву за два кварталы ад гэтага месца. На гэтым відэа ад вас, міліцыя, уцякае сівая бабулька. Вы што?! Вы павінны абараняць людзей, забяспечваць іх бяспеку. У гэтай чарзе няма злачынцаў. Што вы робіце? Мне брыдка і агідна бачыць тое, што адбываецца. Калі б мы гулялі там з сынам, нас бы таксама схапілі гэтыя людзі? Нас бы таксама запіхнулі ў аўтазак? За намі беглі б гэтыя страшныя людзі ў чорным?» – напісаў вядоўца.
«Цяпер, прыходзячы вечарам дадому, мы абмяркоўваем толькі адно: у краіне адбываюцца жудасныя рэчы. Калі сярод маіх падпісчыкаў ёсць хто-небудзь з вас, прачытайце ўважліва. Я веру і буду да канца верыць, што сярод вас шмат годных людзей, якія хочуць абараняць мірнае насельніцтва Беларусі, і для якіх закон усё яшчэ мае сілу», – падкрэсліў Кахно.
ІІ belsat.eu