Шматпалярны Лукашэнка: Для Венесуэлы «брат», для ЗША – «надзейны партнёр»


Тэлеграмы, высланыя і атрыманыя кіраўніком Беларусі цягам трох дзён паказваюць у незвычайным святле геапалітычную мапу свету, у цэнтры якой знаходзіцца Менск.

Нагодай пазнаёміцца з актыўнасцю спецыялістаў дыпламатычнага пратаколу сталі дзяржаўныя святы: сёння – Дзень незалежнасці Венесуэлы, учора незалежнасць святкавалі ў ЗША, а пазаўчора – у Беларусі. Кожная з гэтых дат суправаджалася рэдкай ажыўленай перапіскай.

Сёння Аляксандр Лукашэнка выслаў пажаданні свайму калезе з Каракасу – прэзідэнту Венесуэлы Нікалясу Мадуру.

«Венесуэла для Беларусі – братэрская краіна і стратэгічны партнёр. Мы прытрымліваемся аднолькавых поглядаў на шматпалярнасць свету, неўмяшанне ва ўнутраныя справы, бесперспектыўнасць санкцый», – напісаў кіраўнік Беларусі.

Ён таксама выказаў упэўненасць у тым, што эканомікі абедзвюх краін дапаўняюць адна другую, а двухбаковыя адносіны маюць значны патэнцыял развіцця.

«У няпростых вонкавапалітычных рэаліях Венесуэла пад вашым кіраўніцтвам рашуча змагаецца за свой шлях сацыяльна-эканамічнага развіцця, палітычную ідэнтычнасць і культуру», – пахваліў Нікаляса Мадуру Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар не ўдакладніў, перад кім народ Венесуэлы павінен абараняць свой шлях развіцця і палітычную ідэнтычнасць. Можа быць, гэта таму, што ў папярэдні дзень падобную тэлеграму з пажаданнямі даслаў у Злучаныя Штаты Амерыкі. Дарэчы, з гэтай жа нагоды – Дзень незалежнасці краіны.

Прэс-служба кіраўніка краіны падкрэслівае: кіраўнік краіны звярнуў увагу на тое, што Беларусь, якая праводзіць адказную і мірную вонкавую палітыку, была і застаецца «надзейным партнёрам Злучаных Штатаў у стратэгічных пытаннях міжнароднага парадку дня».

«Спадзяюся на працяг пазітыўнай дынамікі ў адносінах паміж нашымі дзяржавамі і на далейшую рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва», – напісаў Аляксандр Лукашэнка ў тэлеграме да Доналда Трампа.

Але беларускі лідар не забывае і пра іншых сяброў. І часам яны нагадваюць яму пра свае асаблівыя пачуцці да ягонай краіны. Прычынай стаў Дзень незалежнасці Беларусі – цяпер ужо Лукашэнка прымаў цёплыя віншаванні.

«3 ліпеня – знамянальная дата ў гісторыі Беларусі. Вызваленне Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала адной з найважнейшых перамогаў, якія атрымалі нашыя бацькі і дзяды ў гады Вялікай Айчыннай вайны», – нагадаў у тэлеграме, высланай з Крамля беларускаму калезе, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Ён не прамінуў дадаць, што асновай сённяшняга развіцця беларуска-расейскіх адносінаў з’яўляецца «братэрскае сяброўства і ўзаемная дапамога», якая засталася як загад продкаў.

А заўтра ў Аляксандра Лукашэнкі будзе чарговая нагода накіраваць віншаванні – праўда, менш афіцыйныя, але не менш сардэчныя. 6 ліпеня прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў святкуе 78-годдзе…

cez/НМ, belsat.eu

Стужка навінаў