Шматпакутны «Кузняцоў». Чаму расейскі крэйсер ужо не жывы, але яшчэ не мёртвы?

На самым буйным караблі расейскага Ваенна-марскога флоту адбылася сурʼёзная аварыя – вялікі пажар, у выніку якога загінуў адзін чалавек, яшчэ двое зніклі без вестак, а 12 чалавек атрымалі раненні.

Рознага кшталту праблемы здараюцца з адзіным расейскім авіяносным крэйсерам рэгулярна – год таму на карабель зваліўся судовы кран, а пад караблём патануў плыткі док.

У чым жа прычына незайздроснага лёсу «Адмірала Кузняцова», служба на якім быццам бы павінна лічыцца гонарам для расейскіх маракоў?

З Расеі – з ганьбаю

Карабель зараз знаходзіцца на рамонце пасля паходу ў кастрычніку 2016 – лютым 2017 года да берагоў Сірыі і назад. Калі ён праходзіў блізка да берагоў Вялікай Брытаніі, міністэрства абароны гэтай краіны назвала яго «караблём ганьбы».

Брытанскі шматмэтавы знішчальнік «Eurofighter Typhoon» суправаджае «Кузняцова» і іншыя расейскія караблі, якія ідуць у Сірыю. Фота Мінабароны Брытаніі

Па дарозе ў Сірыю карабель вызначыўся незвычайна шчыльным і чорным слупам дыму са сваёй старой сілавой устаноўкі, што выклікала жарты тысячаў інтэрнэт карыстальнікаў. А падчас некалькіх месяцаў баявых дзеянняў авіяносец страціў з-за тэхнічных праблемаў два свае баявыя самалёты – знішчальнікі МіГ-29К і Су-33.

У Расеі карабель адразу паставілі на чарговы рамонт, але і там яго пераследуюць адна аварыя за другой.

Адмірал, якому не пашанцавала

«Адмірал Флота Савецкага Саюза Кузняцоў» меўся стаць прарыўным караблём савецкіх ваенна-марскіх сілаў – першым паўнавартасным авіяносцам – караблём, які можа прымаць самалёты гарызантальнага ўзлёту і пасадкі з высокімі баявымі якасцямі. І магчыма як раз у гэтым ляжаць карані ягоных бедаў.

Справа ў тым, што ўжо падчас Другой сусветнай вайны авіяносцы фактычна адціснулі караблі з артылерыйскім узбраеннем на другое месца. Амерыканцы, брытанцы, японцы зразумелі, што менавіта марская авіяцыя робіцца галоўнай зброяй у змаганні з флотам праціўніка. Адныя толькі ЗША за вайну пабудавалі 151 (!) карабель гэтага тыпу – ад вялікіх да малых эскортных.

Аднак пасляваенны савецкі флот, які тады ўзначальваў той самы адмірал Мікалай Кузняцоў, так і не атрымаў авіяносцы – як раз у гэты час у сталінскім СССР пачалася кампанія па змаганні з «падлашчваннем перад Захадам» і барацьбе з касмапалітызмам. У выніку вывучэнне і спасылкі на заходні, і перш за ўсё амерыканскі, баявы досвед сталі непрымальнымі. А сам адмірал страціў сваю пасаду і трапіў пад суд.

Палітычна карэктны недаавіяносец

Вярнуліся да ідэі пабудаваць савецкія авіяносцы толькі ў 1970-я гады, аднак на той час савецкія ваенныя ідэолагі ўжо распрацавалі новую тэорыю – караблі-носьбіты авіяцыі, якія могуць выкарыстоўвацца ў амаль любой сітуацыі і для любой мэты, партыйнае начальства пачало разглядаць авіяносцы як «зброю імперыялістычнай агрэсіі», якой не месца ў савецкім флоце.

У выніку савецкаму флоту сталі будаваць караблі штучна прыдуманага класу «супрацьлодачны крэйсер з авіяцыйным узбраеннем», якія не маглі несці паўнавартасныя баяздольныя самалёты.

Інфаграфіка Міністэрства абароны РФ

І толькі ў 1980-я гады, пад канец Халоднай вайны, зʼявіўся першы авіяносец «Рыга» – водазмяшчэннем у 60 тысяч тон, на якой ужо можна было эксплуатаваць сурʼёзныя самалёты, аднак пры такім памеры іх было вельмі мала – каля 30 машын.

Для параўнання: амерыканскія авіяносцы класа Midway, якія служылі з 1945 да пачатку 1990х гадоў, мелі водазмяшчэнне 45 тысяч тон і неслі да 70 паўнавартасных рэактыўных знішчальнікаў і ўдарных самалётаў.

«Рыга» стала потым «Леанідам Брэжневым», затым «Тбілісі», а ў 1990-м годзе – тым самым «Адміралам Флота Савецкага Саюза Кузняцовым». Адзіны першы ў серыі недаавіяносец гэтак і застаўся караблём з недалечанымі дзіцячымі хваробамі. Карабель рэмантаваўся амаль бесперапынна – у 1994-95, 1996-1998, 2001-2004, 2008, і перад самым выхадам у паход у Сірыю ў 2016 годзе.

Пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы

У выніку аварыі ў 2018 годзе карабель, які не можа рухацца сам, страціў адзіны ў еўрапейскай часцы Расеі док, у якім мог бы нармальна адрамантавацца. Другі такі док – на Дальнім Усходзе, куды буксіраваць карабель практычна нерэальна. Пра тое, што Расея плануе пабудаваць новы док для Кузняцова нічога невядома.

Праз гэта ўзніклі меркаванні, што «Кузняцова» лепш проста адправіць на злом, чым спрабаваць рэмантаваць і мадэрнізаваць.

Аднак сама наяўнасць хаця б аднаго карабля, які хоць нікуды і не плавае, але мае гучны назоў «авіяносец», ёсць салодкай музыкай для расейскай прапаганды вайсковай моцы. Пры Уладзіміры Пуціне Расея хутчэй за ўсё не можа пабудаваць сабе новы авіяносец, таму, магчыма, да апошняга будзе насіцца са старым шматпакутным і малапрыдатным для вайны караблём без ручкі.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў