Шлях да мовы: заняткі для дзяцей да 12-ці гадоў


Таварыства беларускай мовы другі год запар ладзіць заняткі не толькі для дарослых, але і для дзяцей. Для апошніх сёлета стварылі дзве групы: для самых малых, ад 3-х да 6-ці гадоў, і для дзяцей ад 8-мі да 12-ці. Таксама бліжэйшым часам плануецца асобна згуртаваць першакласнікаў.



Перадай «кароўку», назаві свае імя і скажы, што ты зʼеў на сняданак. З такіх простых заданняў распачаўся 2-і сезон заняткаў «Мова для дзяцей» у Гомлі.

Распавядае Алеся Аўласевіч, старшыня Гомельскай суполькі Таварыства беларускае мовы:

«Мы атрымалі 40 заявак, каб удзельнічаць, не ўсе канешне могуць па суботах. Таму мы над гэтым будзем працаваць і магчыма будуць заняткі ў будзённыя дні. Таму што нечакана для нас жадаючых вельмі шмат і попыт, ён толькі расце. Мой шлях да мовы быў вельмі складаны, цяжкі і даўгі. І я хачу дапамагчы гэтым дзетках прыйсці да мовы з маленства».

І не дзіўна, бо ў Гомлі, як і ў большасці абласных гарадоў, няма беларускамоўных садкоў. Атрымаць жа сярэднюю адукацыю па-беларуску можна толькі ў гімназіі № 36 імя Івана Мележа.

Заняткі з дзецьмі – гэта шанец і для дарослых згадаць беларускую мову.

Вывучаючы мову, можна файна бавіць час, лічаць арганізатары курсаў і плануюць трымацца на занятках наватарскіх формаў: агучыць з дзецьмі казку, падрыхтаваць відэа па-беларуску ды зладзіць увесну Фэст беларускай адукацыі.

Наста Ільіна, «Белсат»

Стужка навінаў