Школу ў Іўі закрылі на каранцін. У дзвюх працаўніц – каронавірус

Ад 15 траўня сярэдняя школа ў Іўі закрытая – у адной з настаўніц і сакратаркі дырэктаркі пацвердзіўся каронавірус. Колькі працягнецца каранцін – пакуль невядома.

Аб тым, што Іўеўскую сярэднюю школу закрываюць на каранцін, «Белсату» паведамілі гледачы. Увечары 14 траўня навіна пра Ковід-19 у адной з настаўніц і сакратаркі дырэктаркі з’явілася ў чатах класах. Таму ад 15 траўня ў школу сказалі не прыходзіць.

Дзеці на занятках ў школе. Ілюстратыўны здымак Рixabay

«Нам напісалі, што ў школе каранцін, і трэба сядзець у хаце. Але колькі – невядома», – гаворыць адна з вучаніц Іўеўскай сярэдняй школы.

Інфармацыю аб увядзенні каранціну пацвердзілі ў адміністрацыі школы:

«Так, мы сапраўды ад сёння на каранціне. Учора прыйшлі станоўчыя вынікі тэстаў. Мы склалі спісы меркаваных кантактаў першага ўзроўню сярод педагогаў, персаналу і вучняў. Праца праведзеная».

Як вучыцца — невядома

Навучэнцы кажуць, што ў першыя тыдні пасля канікулаў на ўрокі хадзілі вельмі мала дзяцей. Аднак на мінулым тыдні шмат хто вярнуўся ў школу: трэба было падцягнуць адзнакі перад канцом навучальнага года. Наведвалі школу таксама і вучні з вёсак, бацькі якіх працуюць і не маюць магчымасці пакінуць дзетак удома.

Дзяцей вядуць у «каронавірусныя» школы і садкі

Адная са старшакласніц цвердзіць, што школьнікам не паведамілі, як будзе арганізаваны вучэбны працэс. Вядома толькі, што тыя, хто не хадзіў за заняткі пасля канікул, атрымаюць выніковыя адзнакі за тры чвэрці. Рэшта – за ўвесь навучальны год.

Нягледзячы на пандэмію, у школе не зрабілі аніякіх асаблівых захадаў бяспекі, адно на ўваходзе паставілі антысептык. Маскі насілі толькі некаторыя вучні.

Агульная сітуацыя ў Іўі

Паводле сяброўкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ірыны Давыдовіч, якая жыве ў Іўі, цяпер там «усё вісіць на валаску». У горадзе вельмі добрае інфекцыйнае аддзяленне – што, безумоўна, ратуе. Аднак чутак пра вірус усё роўна хапае.

«Інфармацыя з большага прыходзіць праз знаёмых. Горад невялікі, усё бачна. Прыехала да кагосьці апрацоўваць хуткая, дык гэта пабачаць суседзі, распытаюць працаўнікоў. Сёння, напрыклад, людзі не пойдуць у краму, бо жонка грузчыка захварэла на COVID-19», – кажа яна.

Сярэдняя школа ў Іўі. Фота: суполка школы ВКонтакте

Паводле крыніцаў «Белсату», зараз у мясцовай рэанімацыі пакуль што няма хворых на каронавірус. Статыстыку захворвання ў мясцовым шпіталі даваць адмовіліся.

Аднак менавіта ў Іўі быў зарэгістраваны адзін з першых выпадкаў каронавірусу ў Гарадзенскай вобласці.

Раней школы ў Докшыцах і Бягомлі перайшлі на дыстанцыйнае навучанне з-за ўспышкі каронавірусу.

У Докшыцах і Бягомлі зачынілі школы, дзеці вучацца дыстанцыйна

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны