Школьная катлета будзе іншай. У сталоўках плануюць змены


Зашмат цукру і солі, замала гародніны і садавіны ў рацыёне. У сувязі з праграмай дэмаграграфічнай бяспекі Менгарвыканкам уводзіць праграму па змяншэнні ўжывання дзецьмі і дарослымі некарысных харчоў.

Пра гэта паведамілі на прэс-канферэнцыі «Рацыён беларусаў. Прынцыпы здаровага харчавання. Правільная арганізацыя харчавання школьнікаў».

Сёлета функцыянеры ў харчаванні абяцаюць зрабіць змены ў рэцэптурах ежы для дзяцей, то бок зменшаць утрыманне солі на 20-25 % і цукру на 30-35 %.

«З 10 да 6 г. Дзіця павінна мець паводле нормаў 5–6 г солі ў дзень, а ў нас мае 8–9 г», – заўважыла загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены Ала Малахава.

За апошнія 10 гадоў захворваемасць дзяцей у Беларусі павялічылася на 33 %.

«Абследаванне дзяцей у Менску паказала, што здаровыя толькі 8,8 %. Функцыянальныя адкланенні маюць 56 %. Хранічныя захворванні – 35 %. 19 % дзяцей маюць лішнюю вагу, і ўсё гэта нарастае па меры навучання ў школе. Гэта кажа пра тое, што пэўную ролю ў хворнасці дзяцей адыгрывае харчаванне», – распавёў начальнік аддзела харчавання Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па харчаванні Валерый Шылаў.

Адмысловец прааналізаваў нормы харчавання і яны дысануюць з нормамі ВОЗ.

«Напрыклад, норма спажывання солі для дзяцей да 6 гадоў складае 6-8 гр у дзень. У рэкамендацыях ВОЗ прапісана каля 5 г. У ЗША гэтыя норма 1-2 г. Норма па цукру – 10 % ад калорыяў у содні. Гэта 50 г для здаровага чалавека. А ў дзяцеў у нормах у нас прапісана 70-80 г у содні. Хто нам перашкаджае змяніць нормы? Яны былі і ёсць», – кажа Валерый Шылаў.

Чаго яшчэ не стае беларусам

Навукоўцы таксама заўважылі шкоднасць каўбасаў і дэфіцыт малочных прадуктаў, садавіны, гародніны і рыбы.

«Харчаванне адпавядае нормам у спажыванні хлеба, мяса. Яно прыкладна аднолькавае ў гарадскіх і сельскіх жыхароў. Сельскія жыхары ўжываюць менш малочных прадуктаў. Гэта звязана са звычкамі ў харчаванні», – адзначыла кіраўніца адной з лабараторыяў Навукова-практычнага цэнтра гігіены Наталля Цэмбарэвіч.

Паводле удзельнікаў канферэнцыі, норма спажывання садавіны і гародніны – пяць порцыяў у дзень. 73 % апытаных беларусаў ядуць менш 5 порцыяў садавіны і гародніны.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў