Школа для дзяцей ці дзеці для школы? Як не знішчыць прагу да ведаў


«Дрэнна тужышся!», «мамаша, вы што, хочаце забіць дзіця?!», «лепш трэба выхоўваць!»… Да таго, як дзіця ідзе ў школу, сям’я і маці чуюць столькі крытыкі ад дактароў, выхавацелек, сваякоў і проста чужых людзей, што пасля 6-7 гадоў такога прэса рэдка хапае моцы гучна выказваць незадаволенасць праграмай, настаўнікамі, падручнікамі і правіламі. Вечарамі ўся краіна стогне, але разам са збянтэжанымі дзецьмі лічыць клетачкі ў сшытках…

Псіхолаг, арт- і казкатэрапеўт, аўтар адукацыйных праграм для жанчын Крысціна Вязоўская мае для бацькоў дзве навіны: быць нязгодным з метадамі сучаснай школы нармальна і, калі вы не ўваходзіце ў мізэрны працэнт шчасліўцаў, задаволеных школай свайго дзіцяці, змагацца з сістэмай адукацыі ўсё ж такі прыйдзецца.

Культ адукацыі

Згодна з філіпінскім тэстам, дзіця фізіялагічна гатовае ісці ў школу, калі праваю рукой можа праз галаву дацягнуцца да левага вуха (для леўшуноў – наадварот). Паступова развіваюцца іншыя неабходныя навыкі – уменне абагульняць і абстрактна мысліць. Між тым, у беларускай школе ад першакласніка патрабуюць толькі адно – уседлівасць.

«Чым займаюцца першыя два тыдні пад час уводзінаў у школьнае жыццё? Вучацца хадзіць строем, падымаць руку і не выходзіць у прыбіральню. Усё гэта супярэчыць фізіялогіі 6-7 гадовых дзяцей. У гэтым узросце яны спазнаюць свет праз гульню, падымаць рукі і гадзінамі не выходзіць у прыбіральню – для іх не норма, – канстатуе Крысціна Вязоўская. – Пры гэтым калі зайсці ў аддзел цацак у краме, абавязкова пачуеш у адрас пяці гадовага дзіцяці: «Ты дарослы, табе цацкі не патрэбныя». Гэтак жа бессэнсоўна 6-9 гадоваму школьніку казаць, што ён будзе дворнікам з-за дрэннай вучобы. Дзіця не ўсведамляе будучы час, як дарослыя, і не можа звязаць буквар і працу дворнікам. Добра, калі дарослы можа…»

Сёння модна штурхаць дзяцей наперад, прапускаючы этапы ўзроставай нормы: набываць хадункі, прапускаючы этап поўзання, чорна-белыя цацкі для развіцця мозга нованароджаных. Нямала неўратызуюць бацькоў кнігі кшталту «Пасля трох ужо позна».

Між тым, курсы і «развівалкі», якія абяцаюць навучыць уседлівасці з 1,5 гадоў, супярэчаць патрэбам дзіцяці – у пэўным узросце мозг развіваецца толькі падчас руху.

Крысціна Вязоўская

«Калі мамы пытаюцца, чаму іх маленькае дзіця такое знерваванае, першае аб чым даведваюся – як дзіця спіць і есць. І часцяком чую, што з-за гурткоў двухгадовы малыш не можа спаць больш за 8 гадзін у суткі. Але ў гэтым узросце норма сну каля 14 гадзін.

Звяртаюцца і бацькі, у якіх супер-паспяховае 12-14 гадовае дзіця залягло на канапу і праяўляе ўсе прыкметы дэпрэсіўнага эпізоду. Калі зрабіць якасны аналіз, атрымліваецца што дзіця «пераразвітае», яму няма да чаго імкнуцца.

Вельмі крыўдна і небяспечна, калі адбываецца выгаранне цікавасці да жыцця, асабліва ў такім узросце».

Будучыня, якой няма

Спазнанне для маленькага чалавека неабходна, як сон, ежа і любоў бацькоў. Але не варта чакаць ад учарашняга дзетсадаўца, што разам са школьнай формай ён атрымае ўсе якасці «ідэальнага вучня». Дзеля паспяховага навучання дзецям патрэбны рух і інтарэс, а гэтага катастрафічна не хапае ў беларускай школе.

«Нашыя падручнікі жахлівыя, яны не ўтрымліваюць сучасных ведаў, яны не цікавыя.Напрыклад, «дадатковыя сшыткі» па англійскай мове напісала былая бухгалтарка. Аб гэтым мала хто ведае, дакладна як і аб тым, што вельмі часта магчымасць стаць аўтарам падручніка размяркоўваецца не па таленту ці заслугах, а па знаёмству. Сучасных вучоных не пускаюць у напісанне, бо неблагія грошы для нашай навукі прасцей аддаць сваім, а педагогі проста не здольныя трымаць руку на пульсе з-за аб’ёму папяровай працы. Гэта жахлівая праблема – некваліфікаваныя спецыялісты, старыя веды. Плюс да ўсяго дзеці падвяргаюцца такому моцнаму ціску, што інтарэс да навучання проста знішчаецца».

У пасляваенны час эканамічнага аднаўлення ў школе выхоўвалі кадры для заводаў. Сёння патрэбы зусім іншыя, а сістэма ўсё яшчэ расціць працоўных. Не мае сэнсу рабіць урокі за дзіцяці прымушаць яго чытаць: «Яўген Анегін» наўрад ці зацікавіць 11-гадовае дзіця, а без цікавасці не будзе эфектыўнасці. Пры гэтым чыноўнікі ад адукацыі школьных праблем, здаецца, не заўважаюць.

«Не так даўно адкрывалася новая менская школа, там не хапала шмат якіх матэрыялаў – рэактываў, мапаў, інструментаў. На лінейку мусіў прыехаць высокі чын з Міністэрства адукацыі. Што зрабілі настаўнікі? Замест таго, каб паказаць, што няма нейкіх важных рэчаў, яны звяртаюцца да калег і цягнуць ад іх усё неабходнае…»

Бюракратызм, хабарніцтва, некваліфікаванасць забіваюць цвікі ў труну пазітыўнага вобразу класічнай школы. Нікога не здзіўляе навіна аб тым, што дырэктара менскай гімназіі адправілі за краты з-за хабару.Пры гэтым школа часцяком выступае як кантралюючы орган, які можа істотна паўплываць на лёс усёй сям’і.

«Нават у гімназіі, дзе сацыяльная адаптаванасць сем’яў высокая, мы атрымліваем анкету аб «сацыяльна небяспечным становішчы». Сярод іншых пытанняў – заробак за апошнія тры месяцы з выпіскай з бухгалтэрыі. Школа не мае права патрабаваць гэтыя дадзеныя! Гэта абсурдна. Чаму бацькі павінны даваць справаздачу аб тым, дзе дзіця бавіць час летам? Калі мы робім са школы інструмент кантролю, нельга чакаць, што там будзе лунаць вольны дух, як у «Таварыстве мёртвых паэтаў». Усе забыліся, што ў школе перш за ўсё павінны вучыць сістэмнаму мысленню, шукаць і засвойваць інфармацыю. Неабходна перастаць браць у педагагічныя вну ўсіх. Трэба падвышаць, а не зніжаць патрабаванні да якасці педагагічных кадраў. Бо менавіта педагогі робяць будучыню».

«Палаючыя» дзеці

Школа не толькі дае дзецям веды, істотную ролю ў фармаванні асобы грае магчымасць навучыцца жыць у грамадстве, існаваць па правілах пэўнай групы. І да гэтага боку школьнага жыцця дзяцей бацькі мусяць быць вельмі ўважлівымі. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню «не ўмешвацца, не рабіць горш» трэба абараняць дзіця і ад іншых дзяцей, і ад педагогаў.

«Буллінг (цкаванне) – вельмі небяспечны. Як толькі пачынаецца пераслед трэба імгненна рыхтаваць ліст на імя дырэктара, каб працу пачынаў школьны псіхолаг.

Дзеці і педагогі бываюць вельмі жорсткімі. Выкладчык можа выклікаць да дошкі і пачаць публічна прыніжаць. Многім знаёмыя словы кшталту «Давайце паглядзім на ідыёта…». Гэта жахліва і разбуральна.

Адразу кладзіце заяву на імя дырэктара і ў вышэйшыя органы. Любы натоўп, які аб’ядноўваецца супраць аднаго, пераможа. Узгадайце Жанну Дʼарк. Калі не абараняць дзіця, яго метафарычна спаляць».

Вельмі важна, каб дзіця ведала – што б не здарылася, сям’я падтрымае. Часам бацькам трэба адкінуць інтэлігентную сціпласць і замест пафасных слоў аказаць рэальнае падтрыманне. Паказальны прыклад расейскага псіхолага Вольгі Юркоўскай, якая прызналася – каб яе дзіця нарэшце перасталі кусаць у садку, яна паабяцала вырваць крыўдзіцелю зубы абцугамі…

«Нягледзячы на тое, што бацькі дзіця, якому пагражалі, маглі падаць у суд, часам сапраўды трэба сказаць: «Калі ты разумееш толькі сілу, то вось, яна прыйшла». Звычайна гэтага дастаткова. Калі бацькі прымаюць пазіцыю «я не буду ўмешвацца, бо будзе толькі горш», сапраўды будзе горш. Як зразумець, што час умяшацца? Як толькі даведаліся. Адразу, імгненна.

Заўжды ёсць прыкметы таго, што дзіця цкуюць, збіваюць ці падвяргаюць сексуальнаму гвалту. І яны заўважныя для бацькоў. Іншая справа, што часам дарослыя не жадаюць гэта заўважаць.Нават калі дзіця сапраўды «накасячыла», трэба яго абараняць.

Выпадковым такое дзеянне быць не можа. Ці сітуацыя фарміравалася не адзін год, ці дзіця перанесла гвалт і такім чынам адыгрывае стрэс».

Хто сказаў, што будзе лёгка?

Галоўнае правіла, якое мусяць памятаць бацькі вучня – сама па сабе школа не наробіць непапраўнага. Агромністую ролю ў тым, будзе чакаць вучня параза ці поспех, грае сям’я. І як бы не хацелася пазбавіцца ад цяжару адказнасці, толькі бацькам вырашаць, што атрымае іх дзіця ў працэсе спазнання свету.

«Большасць бацькоў не могуць эфектыўна адстойваць свае інтарэсы і сістэма гэтым карыстаецца. Большасць не чытае Кодэкс аб адукацыі, не ведае сваіх грамадзянскіх правоў. Хто ў курсе, што траўма, якую дзіця атрымала на шляху са школы ці ў школу, лічыцца школьнай?

Памятайце, што ў Беларусі даволі шмат сучасных паспяховых праектаў. Напрыклад, беларуская каманда заняла 4-ае месца ў сусветным конкурсе NASA Space Apps Challenge. Дзеці, якія займаюцца робататэхнікай, занялі шостае месца на сусветных спаборніцтвах. Мне падаецца, калісьці іх бацькі вырашылі: «Бог з ім з Пушкіным, ён не наша ўсё». Як паведаміць пра гэта выкладчыкам і не пакрыўдзіць? Ніяк. Пакажыце закон. Не павінна вісець у гімназіі аб’ява «Зразумейце педагогаў, яны ў асноўным жанчыны». Я не хачу разумець. Я хачу, каб маё дзіця вучылі. Бо калі бацькі не будуць мяняць свае патрабаванні да сістэмы адукацыі, мы так і застанемся ў гэтай багне».

Марыя Малевіч, belsat.eu

Фота відэа Сяргей Сацюк-Грабоускі

Стужка навінаў