«Шкада сябе і дзяўчатак». Менскія радзільні застаюцца без гарачай вады падчас планавага адключэння


З сярэдзіны траўня ў Менску пачаліся планавыя адключэнні гарачай вады на час рамонтных працаў на цепласетках. Цягам двух тыдняў жыхары гораду мусяць награваць яе ў бойлерах або тазіках. Акрамя жылых дамоў, гарачую ваду адключаюць і ў медычных установах. Гэтак здарылася і ў радзільні №2, дзе жанчыны цяпер не маюць магчымасці прыняць душ.

З 13 траўня ў Менскім гарадскім клінічным доме №2 па вуліцы Бельскага адсутнічае гарачая вада, яе ўключэнне чакаецца толькі 27-га – то бок, яшчэ шэсць дзён парадзіхі не змогуць памыцца.

Як распавяла Belsat.eu Вераніка Н., якая на мінулым тыдні нарадзіла дзіця, у пакоі бойлер быў устаноўлены толькі на ракавіну – каб мыць маленькіх, але для жанчын такога бойлеру на душ не зрабілі.

«Роды былі платныя – калі я ў пачатку красавіка падпісвала дамову з радзільняй, мяне ніхто не папярэджваў пра адсутнасць вады. У выніку атрымалася вельмі непрыемная сітуацыя: даводзілася браць імбрык на посце медсястры і награваць ваду такім чынам. Мне ў той момант было шкада сябе і дзяўчатак», – скардзіцца Вераніка.

Фота: rebenok.by

Паводле яе словаў, радзільня была запоўненая цалкам, бо туды прывезлі яшчэ і парадзіх з 1-га Гарадскога клінічнага шпіталю. Там цяпер як раз адбываецца планавая дэзынфекцыя, якая ў адпаведнасці з графікам працягнецца да 26 траўня. За гэты час у радзільні робяць касметычны рамонт і апрацоўваюць памяшканне, каб пазбегнуць распаўсюду інфекцыяў.

«Мне падаецца, установы такога кшталту павінны мець нейкі асаблівы статус, каб у іх не адключалі гарачую ваду наагул, бо для жанчыны ў першыя дні пасля родаў гэта адна з базавых патрэбаў! Мы запытвалі ў адміністрацыі радзільні, чаму так здарылася, але нам параілі звяртацца з гэтым пытаннем у Менгарвыканкам», – кажа маладая маці.

«Мы папярэджвалі, але жанчына не памятае гэтага»

Мы патэлефанавалі па нумары, які на афіцыйным сайце радзільні №2 пазначаны як кантакт «каардынатара па платных родах». Сястра-акушэрка Наталля Лямешка, якая працуе менавіта ў платным аддзяленні радзільні, распавяла карэспандэнтцы belsat.eu:

«Кожная жанчына падчас заключэння дамовы на платныя роды была папярэджаная пра адключэнне гарачай вады ў гэтыя даты, таму няпраўда, што яе не папярэджвалі. Але часам жанчыны на позніх тэрмінах цяжарнасці бываюць разгубленымі, кепска канцэнтруюцца на інфармацыі – чалавек мог проста забыць. Гэта ўсё фізіялогія.

Мы хацелі набываць бойлеры, але, магчыма, нешта не атрымалася… Трэба пытацца ў кіраўніцтва», – патлумачыла Наталля.

Яна не ўдакладніла, што канкрэтна пайшло не так з набыццём бойлераў менавіта для душу, а не для ракавіны. Аператыўна звязацца з кіраўніцтвам радзільні не ўдалося.

«Дарэчы, мы таксама мяркуем, што не варта адключаць гарачую ваду ў такіх месцах. На жаль, гэта праблема ва ўсім горадзе, і вырашэнне залежыць не ад нас дакладна», – дадала працаўніца радзільні.

КА belsat.eu

Стужка навінаў