Шэсця не будзе: арганізатары пратэстаў супраць інтэграцыі змянілі фармат


26 снежня, падчас прэс-канферэнцыі ў менскім офісе БСДП(Г) палітыкі заявілі, што новая акцыя супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі будзе мець іншы фармат.

Аргкамітэт «Кампаніі ў абарону незалежнасці» збіраецца ўжо чацвёрты раз за бягучы месяц. У ім удзельнічалі БСДП(Г), Рух «За свабоду», АГП, моладзевыя актывісты, КХП-БНФ ды іншыя. Аднаго з ініцыятараў акцый пратэсту, сустаршыню БХД Паўла Севярынца, міліцыя затрымала сёння, да пачатку паседжання. Ягоныя паплечнікі мяркуюць, што ён можа застацца ў ізалятары адбываць 15 сутак адміністратыўнага арышту, прызначанага Севярынцу яшчэ 18 снежня.

Фота: Belsat.eu

Юрый Губарэвіч, старшыня Руху «За свабоду», заявіў, што ўзмацненне ціску ўладаў можа адмоўна адбіцца на колькасці ўдзельнікаў пратэстаў.

«Тыя 3-4 пратэставыя акцыі, якія адбыліся цягам месяца, паказалі патэнцыял людзей, прадэманстравалі іхную гатоўнасць ісці на рызыку дзеля важнасці пытання незалежнасці і суверэнітэту. Аднак улада пачынае раздаваць штрафы і суткі, каб запалохаць удзельнікаў акцый і папярэдзіць іх правядзенне », – заявіў палітык.

Паводле яго, зменшыць колькасць патэнцыйных удзельнікаў пратэсту можа і тое, што даты наступнай сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі і падпісання інтэграцыйнай праграмы – невядомыя.

Такая сітуацыя прымусіла арганізатараў «шукаць новыя фарматы».

ВІДЭА
Пратэст на Кастрычніцкай за 2 хвіліны і партрэты ўдзельнікаў акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй
2019.12.21 17:58

Зміцер Кучук, лідар партыі «Зялёныя», абвесціў, што 29 снежня акцыя адбудзецца ў фармаце «жывога ланцугу».

«Мы прапануем усім ахвотным устаць у «жывы ланцуг» на праспекце Незалежнасці ад галоўнага паштамту да Кастрычніцкай плошчы. Акцыя пачнецца а 15:00 і працягнецца да 15:30. Будуць арганізаваныя некалькі перформансаў ля будынку Нацбанку і падпісанне паштовак актывістам, якія знаходзяцца на Акрэсціна», – патлумачыў Кучук.

Ён таксама сказаў, што ля Паштамту будуць збіраць подпісы пад зваротам у Міністэрства эканомікі з патрабаваннем агучыць змест 31 «дарожнай мапы». «Мы хочам, каб гэтыя дакументы былі непасрэдна агучаныя», – дадаў палітык.

Кіраўнік БСДП(Г) Ігар Барысаў сказаў, што ў межах кампаніі па абароне незалежнасці «неабходна стварыць фонд грашовай дапамогі рэпрэсаваным» – на аплату штрафаў актывістам.

Нягледзячы на змены ў сцэнар 29 снежня, арганізатары адзначаюць, што не збіраюцца цалкам адмаўляцца ад збору масавай акцыі ў іншы дзень. Паводле сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, гэта можа адбыцца «цягам месяца». Дакладную дату пакуль не агучваюць.

«Павінны праводзіцца акцыі, якія маюць масавы характар, і яны могуць быць масавымі, калі будзе рэальная пагроза. Калі з’явяцца рэальныя дакументы і подпісы пад імі – гэта можа вывесці дзясяткі тысяч чалавек на вуліцы», – мяркуе Рымашэўскі.

Віталь Рымашэўскі.
Фота: Belsat.eu

Напрыканцы аргкамітэт прыняў зварот з патрабаваннем спыніць пераслед актывістаў. Гаворка ідзе пра арыштаваных на 15 сутак Яўгена Афнагеля і Максіма Вінярскага з «Еўрапейскай Беларусі», кіраўніка «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча, Алену Талстую, якая сёння атрымала 5 сутак арышту і затрыманага Паўла Севярынца.

«Звяртаемся да беларускага народу, заклікаем быць салідарнымі з тымі, хто трапіў пад рэпрэсіі, і падтрымаць іх, далучыўшыся да абароны беларускай незалежнасці ўсімі даступнымі спосабамі», – гаворыцца ў звароце.

Нагадаем, раней Павел Севярынец заклікаў на акцыю 29 снежня а 12:00 на Кастрычніцкай плошчы, адкуль прапанаваў прайсці шэсцем па праспекце Незалежнасці да станцыі метро «Маскоўская» і вярнуцца назад на плошчу. Цяпер гэты план адменены.

Цягам апошняга месяца ў Менску прайшлі чатыры акцыі супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй – 7, 8, 20 і 21 снежня. Найбольш людзей сабралася 20 снежня – тады назіральнікі налічылі 1600 удзельнікаў.

КА Belsat.eu

Стужка навінаў