«Дзяды-2019». «Белсат» зладзіў стрым


3 лістапада ў Менску праходзіць традыцыйная акцыя Дзяды. Карэспандэнты «Белсату» вядуць жывую трансляцыю падзеі.

Шэсце распачалося а 12-й гадзіне.

Ганна Шапуцька. Фота АЛ/belsat.eu

16.05 Акцыя завершылася.

15.30 Прыкладна 300 чалавек прайшлі шэсцем ад Парку Чалюскінцаў да Курапатаў, дзе распачаўся мітынг. Прагучала песня «Авэ Марыя». Затым арганізатары падзяквалі ўсім прысутным. Грамадскі дырэктар народнага мемарыялу «Курапаты» Алесь Чахольскі зачытаў зварот Зянона Пазняка.

15.05 «Я вельмі задаволены нашымі светлымі, выдатнымі людзьмі, якія прыходзіць з разуменнем і ідуць годна, не парушаючы маршруту. Малайцы. Хачу перадаць падзяку кожнаму ўдзельніку!», – кажа Юрась Беленькі з КХП-БНФ. Ён дадае, што ўражаны прысутнасцю моладзі на акцыі і дзякуючы гэтаму глядзіць у будучыню з аптымізмам.

Тым часам шэсце дайшло да ўрочышча.

14.55 Калона падыходзіць да Курапатаў. Актывістка Ганна Шапуцька адзначае, што паводзіны дзяржавы ў дачыненні да мемарыялу нагадваюць вандалізм. Яна прыгадвае красавіцкі крыжалом. «Зняважыў сам сябе», – сказала яна, маючы на ўвазе Лукашэнку.

Сёння Шапуцька сімвалічна нясе ў Курапаты драўляны крыж.

Шэсце ў Курапаты. Фота АЛ/belsat.eu

14.25 «Людзі спачуваюць, падтрымліваюць, але самі баяцца выходзіць. Баяцца за сваю працу, за родных… Але мы ідзем і за тых, хто баіцца», – кажа пенсіянер, які трымае ў руках абраз Маці Божай Катынскай – на знак памяці бязвінна забітых.

14.15 Алесь Чахольскі, адказны сакратар КХП-БНФ, адзначае: паводле новага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах міліцыя патрабуе ад заяўнікаў акцыі аплату, але ён з паплечнікамі катэгарычна нязгодныя, што за правядзенне Дзядоў варта плаціць дзяржаве.

Да Курапатаў застаецца прыкладна 40 хвілін хады.

14.00 Моладзь спявае песню Ляпіса Трубяцкога «Грай».

«Я проста беларуска, якой баліць ссэрца за Беларусь», – кажа пра сябе дзяўчына, якая прыйшла на акцыю з сябрамі. «Для таго, каб не паўтарылася ў будучыні крывавая гісторыя, трэба памятаць пра яе», – дадае яна.

13.50 Машыны, якія праязджаюць міма, часта сігналяць калоне дэманстрантаў на знак падтрымкі.

13.30 «Беспамятства – гэта страшна», – гэтак тлумачыць свой удзел у шэсці спадарыня Марыя, чые сваякі з Заходняй Беларусі былі рэпрэсаваныя ў сталінскія часы. «Я заўсёды была антыкамуністам», – дадае жанчына стала веку. Кажа таксама, што ў калоне ідуць ейныя сябры, старэйшыя за 80 гадоў.

Удзельнік акцыі «Дзяды – 2019». Фота АЛ belsat.eu

13.15 Колькасць удзельнікаў шэсця ў Курапаты перавысіла 250 чалавек.

13.00 Лідар ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў удзельнічае ў шэсці, каб нагадаць, што ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў ляжаць не толькі ў Курапатах, але і ў Віцебску. Месца пахавання парэшткаў адкрылі ў 2014 годзе. З таго часу дзяржава не зрабіла анічога, каб ушанаваць памяць расстраляных.

Парэшткі больш чым 170 чалавек перапахавалі пад выглядам ахвяраў фашысцкіх войскаў. «Хайсы» апякуюцца народным мемарыялам, які паўстаў на гэтым месцы.

12.53 На думку лідара Руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, Дзяды і антыінтэграцыйная павестка звязаныя паміж сабою, бо «Курапатаў ніколі б не было, каб не расейскі імперыялізм», мяркуе палітык. Сіўчык бярэ ўдзел у акцыях апазіцыі, у тым ліку на Дзяды, з канца 80-х гадоў.

12.35 Калона праспявала «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Лявон Баршчэўскі і Сяргей Антончык, якія ў 90-я былі дэпутатамі беларускага Вярхоўнага Савету 12-га склікання, сёння таксама ўдзельнічаюць у акцыі. Баршчэўскі кажа, што першапачаткова задумка акцыі была ў тым, каб Дзяды (2 лістапада) адначасова былі і дзяржаўным святам, і днём ушанавання памяці рэпрэсаваных.

Аднак пазней выходны на Дзяды ўлады адмянілі і сёння ў дзяржаўных СМІ гэтая дата не згадваецца.

«Дзяды – 2019». Фота АЛ/belsat.eu

12.30 Адметна, што акрамя традыцыйнага «Жыве Беларусь», сёлета на Дзяды дадаліся заклікі спыніць інтэграцыю з Расеяй.

«30-я гады яскрава паказалі, што ёсць Расейская імперыя пад выглядам Савецкага саюзу, як яна знішчала самых нашых выбітных людзей. Мы памятаем гэтыя падзеі, мы памятаем нашых продкаў для таго, каб людзі разумелі, што з Расеяй будучыні няма. Трэба выходзіць і змагацца, адстойваць сваю незалежнасць», – кажа Сяргей Папкоў, адзін з заяўнікаў акцыі.

«Слава нацыі! Мы супраць інтэграцыі!», – выгукваюць следам удзельнікі шэсця.

12.15 Анархісты Наста Гусева і нядаўна вызвалены з калоніі Зміцер Паліенка раздаюць улёткі з інфармацыяй пра людзей, якія на іхную думку, былі зняволеныя па палітычных матывах. Гаворка пра Святаслава Барановіча, Вадзіма Бойку ды іншых. Такім чынам яны хочуць дадаткова прыцягнуць увагу да таго, што яны не былі афіцыйна прызнаныя палітвязнямі.

12.10 Прыгадваючы першыя акцыі на Дзяды напрыканцы 80-х, скульптар Генік Лойка параўноўвае іх з сённяшняй.

«Тады на Курапатах некалькі плакацікаў саматужна зробленых было, а сёння, паглядзіце – усё ў сцягах. У тыя гады я мог пералічыць усіх, хто размаўляе па-беларуску. Цяпер гэтая колькасць незлічоная! Я тут, бо гэта мой шлях, гэтак трэба», – кажа ён.

12.05 Каля сотні чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі рушылі калонай у бок Курапатаў. Калона расцягнулася на некалькі дзясяткаў метраў. Некаторыя нясуць у руках кветкі і знічы.

Пачатак шэсця «Дзяды – 2019». Фота АЛ belsat.eu

***

Мемарыяльныя шэсце і мітынг, прысвечаныя Дню памяці продкаў Дзяды, санкцыянаваныя ўладамі сталіцы. Шэсце пройдзе па традыцыйным маршруце – ад Менскага гадзіннікавага заводу да ўрочышча Курапаты.

Першая акцыя на Дзяды адбылася 30 кастрычніка 1988 года. Тады, неўзабаве пасля стварэння аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту, было вырашана адзначыць гэты дзень як Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. І менавіта на той акцыі быў упершыню ўзняты бел-чырвона-белы сцяг у новай гісторыі Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў