«Шэсць трупаў мы знайшлі са слядамі катаванняў». Інтэрв’ю Мустафы Джэмілева «Белсату»


Крымскія татары зафіксавалі 49 выкраданняў асобаў расейскімі акупацыйнымі ўладамі. Забойствы, крымінальны пераслед, ператрусы. Гэтак выглядае рэальнасць крымскіх татараў праз чатыры гады з пачатку расейскай аперацыі ў адарванні ўкраінскага Крыму. 27 лютага 2014 г. расейскі спецназ заняў урадавыя будынкі на паўвыспе, а ў сярэдзіне сакавіка адбыўся сумнавядомы рэферэндум, пасля якога Масква цалкам захапіла кантроль над аўтаномным рэгіёнам. З сітуацыяй не пагадзіліся не толькі ўкраінцы, але і крымскія татары, якія татальна не прынялі ўлады акупантаў. Чым савецкая акупацыя адрозніваецца ад расейскай? Ды што слушна робіць Доналд Трамп? Інтэрв’ю Ганны Любаковай з Мустафою Джэмілевым для «ПраСвету».

– Якая цяпер сітуацыя ў Крыме?

– Як на акупаванай тэрыторыі. Яна не паляпшаецца, з кожным днём усё горш. Памеры рэпрэсіяў павялічваюцца. Гэта і прагназавалася, бо гэты акупацыйны тэрарыстычны рэжым можа трымацца толькі на страху і тэроры. Гэта чакана. Для нас нічога дзіўнага ў гэтым няма.

– Украінскія актывісты кажуць пра дзясяткі гвалтоўных выкраданняў крымскіх татараў. Як выглядае сітуацыя з правамі чалавека больш канкрэтна?

– Мы заўсёды параўноўваем акупаваны рэжым з былым савецкім рэжымам. Ёсць шмат падабенства. Поўная ліквідацыя ўсіх дэмакратычных свабодаў, тэрор над думкамі людзей. Але ёсць і маленькія адрозненні. Скажам, пры савецкай уладзе нават у самы змрочны сталінскі час людзей таемна не выкрадалі і не забівалі. Была працэдура забойства людзей. Напрыклад, тройкі, суды. Вядома, забівалі, але спрабавалі рабіць гэта ў межах тых законаў, якія тады існавалі. Пасля акупацыі мы сутыкнуліся з такою з’яваю, калі людзі проста знікалі. На сёння зафіксаваныя 49 выпадкаў выкрадання людзей. Дзевятнаццаці ўдалося ўратавацца і ўцячы на мацерыковую частку Украіны. Шэсць трупаў мы знайшлі, са слядамі катаванняў. Некалькі чалавек знайшліся потым у турмах і лагерах. Потым іх неяк таемна судзілі ўдалечыні ад сваіх суайчыннікаў і сваякоў з палітычных матываў. Шаснаццаць асобаў лічацца зніклымі без вестак, але паводле ўсіх прыкметаў іх таксама няма ў жывых. Гэтыя злачынствы арганізоўвае і ажыццяўляе ФСБ. У нас няма ніякіх сумневаў. Яны нават выкарыстоўваюць гэта як аргумент для ціску. Напрыклад, пры допыце чалавека, калі той паводзіць сябе годна, следчы проста можа сказаць: «А ты не баішся, што заўтра твае дзеці знікнуць? Не баішся трапіць у лік зніклых без вестак?» Такое ёсць.

Колькасць тых, каго прыцягваюць да крымінальнай адказнасці, з кожным днём усё павялічваецца. Вобшукі зрабіліся паўсядзённаю зʼяваю. Напэўна, на сёння больш за тысячу ператрусаў. Праўда, бальшыня з іх, больш за 95 %, прыпадае на крымскіх татараў. Што цікава, яны таксама адрозніваюцца. Пры савецкай уладзе я таксама зазнаваў ператрусы 10 – 15 разоў. Але хаця б была такая працэдура. Яны прыходзілі, паказвалі пастанову суда або пракуратуры, казалі: «Мы маем інфармацыю, што ў вас ёсць савецкая літаратура, просім выдаць яе добраахвотна, інакш мы будзем праводзіць ператрус». Праўда, калі нешта і аддавалі, усё адно праводзілі ператрус, але ў іх была такая працэдура. А цяпер няма. Проста заходзяць, увальваюцца, атачаюць, усе ў масках, ніякіх дакументаў ніхто не паказвае, усіх на падлогу. І праводзяць ператрусы з максімальным нанясеннем матэрыяльнай шкоды. Нават калі дзверы адчыненыя – яны праз плот, каб стварыць уражанне, што накрылі нейкую банду тэрарыстаў. Насамрэч кажуць, што шукаюць забароненую літаратуру. Ва Украіне наагул адвыклі ад тэрміну «забароненая літаратура». Ужо нават незразумела, як можна забараняць літаратуру. Але ў іх велізарны пералік кніг і выданняў, якіх нельга чытаць, а калі захоўваеш – гэта злачынства. Прычым людзі, якія прыходзяць з ператрусам, яны самыя не ведаюць, што забаронена. Нельга ж запомніць пяць-шэсць тысяч найменняў. Таму яны забіраюць тое, што ім здаецца няправільным. І тое, што напісана не па-расейску, бо не разумеюць. Абавязкова забіраюць змесціва кампʼютараў, дыскі. Апошнім часам ужо былі зафіксаваныя факты марадзёрства падчас ператрусаў. Пасля ператрусаў знікаюць каштоўнасці, грошы.

– Чаму такія рэпрэсіі, такое асаблівае стаўленне менавіта да крымскіх татараў?

– Увогуле там зазнаюць рэпрэсіі ўсе, хто не падтрымлівае акупацыі. Прычым, скажам, для бізнесоўцаў, якія далёкія ад палітыкі, думаць «буду займацца бізнесам і мяне не крануць», – таксама памылка. Бо каб займацца там бізнесам, трэба штодня дэманстраваць сваю лаяльнасць пуцінскаму рэжыму. Скажам, заціскаюць чалавека, не даюць яму працаваць, і тут жа кажуць: «вазьмі мікрафон, скажы што-небудзь супраць Меджлісу, тады ў цябе ўсё будзе добра». Напэўна, тое, што бальшыня рэпрэсіяў прыпадае на крымскіх татараў. Скажам, з тысячы ператрусаў гэта 95 %. Дамы, мячэці, школы крымскіх татараў, хаця крымскія татары складаюць 13 % насельніцтва паўвострава. Такая вось дыспрапорцыя ў сувязі з тым, што крымскія татары татальна не прымаюць. Яны ўвогуле адкрыта байкатавалі рэферэндум і адкрыта заяўляюць, што не будуць прымаць. Вось цяпер вазьміце мікрафон і на вуліцы ў Сімферопалі спытайце, як вам – лепш ці горш, чымся было пры Украіне. Чалавек абавязкова скажа, што вельмі добра стала, дзякуй Пуціну. Або паспрабуе ўцячы ад вашага пытання, бо скажа іншае – ужо сёння ці заўтра яму давядзецца размаўляць з ФСБ. Адзіны, хто можа вам сказаць, што ён супраць акупантаў, – гэта крымскі татарын. Таму для расейцаў, для акупантаў крымскія татары – вядома, першыя ворагі. Яны ўжо зразумелі, што з крымскімі татарамі не дамовяцца. Яны ўжо спрабавалі. Перад гэтак званым рэферэндумам Пуцін асабіста са мною 45 хвілінаў размаўляў, распавядаў, якія мы будзем шчаслівыя ў складзе Расейскай Федэрацыі. Але атрымаў адказ – хутка выводзьце свае войскі. Яны ўжо зразумелі, што дамоўленасці не будзе, і як мага хутчэй яны хочуць выцесніць крымскіх татараў. Мы ўвесь час заклікаем нашых суайчыннікаў заставацца на радзіме, але калі ў людзей выкрадаюць дзяцей і забіваюць – у нас аргументаў няма.

– Вы назвалі забойства, гвалтоўнае выкраданне, ператрусы. Сітуацыя крымскіх татараў у Крыме вельмі цяжкая. Мы цяпер у Еўрапарламенце. На ваш погляд, Захад робіць дастаткова для паляпшэння сітуацыі ў Крыме? Наколькі гэтае пытанне важнае для Захаду?

– У 2008 г., калі расейскія войскі рухаліся на Грузію, была расейска-грузінская вайна, а потым гэта абмяркоўвалася сусветнаю супольнасцю, Генеральнай Асамблеяй ААН. Ніякіх істотных захадаў для абароны Грузіі не зрабілі. Калі б тады ў 2008 г. супраць гэтага агрэсара наклалі хаця б тыя санкцыі, якія наклалі пасля акупацыі Крыму, можа быць, акупацыі і не было б. Балазе хоць цяпер неяк рэагуюць. Нам, вядома, хацелася б, каб была больш татальная ізаляцыя агрэсара. Сёння на канферэнцыі слушна казалі, што трэба адключыць святло, выгнаць з усіх цывілізаваных міжнародных супольнасцяў. Але з гэтым цяжкасці, бо ў Расеі дастаткова рэсурсаў нафты, газадолараў, якімі яны купляюць палітыкаў і медыі. Яны будуць паміраць з голаду там у Расеі, але грошы на прапаганду і ўзбраенне ў іх заўсёды будуць. Вось гэткая ўнікальная краіна. Таму тут у Еўрапарламенце і нават у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы мы сустракаемся з іх прыхільнікамі. Яны пад розным выглядам. Маўляў, давайце весці дыялог, нельга ж, каб такая велізарная краіна была ізаляваная.

– Ці магчыма тады паляпшэнне сітуацыі, і пры якіх абставінах Расея магла б дэакупаваць Крым? Ці магчыма гэта ўвогуле?

– Калі Савецкі Саюз акупаваў Афганістан, былі накладзеныя санкцыі. Прайшло 11 гадоў, пасля чаго Расея распалася. У распадзе Савецкага Саюзу мелі велізарнае значэнне гэтыя санкцыі. Расейская Федэрацыя цяпер не Савецкі Саюз нават. Гэта ўжо не тая імперыя. Таму Пуціну надзімаць сабе шчокі, уяўляць сябе звышдзяржаваю няма ніякіх падставаў. Камуністычны лагер разбегся, гэты лагер ужо на другім баку. Эканоміка Расейскай Федэрацыі бывала крыху большаю, чымся эканоміка Італіі, адной толькі Італіі. У некалькі разоў меншаю, чымся адзін штат Каліфорнія. Таму цяпер Трамп, між іншым, знайшоў добры метад. Гонка ўзбраенняў прывяла да краху Савецкага Саюзу. Яна прывядзе да распаду Расейскай Федэрацыі таксама. Цяпер адміністрацыя Трампа заняла, па-мойму, акурат вельмі слушную пазіцыю. І, напэўна, найбольш у свеце ўзрадаваліся гэтым санкцыям крымскія татары, бо яны ўважліва сочаць, як міжнародная супольнасць рэагуе на тое, што адбываецца цяпер у акупаваным Крыме. У гэтыя дні спаўняецца ўжо чацвертая гадавіна акупацыі Крыму. Але для нас гэта не гадавіна. Для нас гэта 1431-шы дзень акупацыі сёння. Мы лічым кожны дзень.

– Вы не можаце вярнуцца дадому, да гэтага часу вам забаронены ўезд у Крым. Ці магчыма, што тут таксама нешта зменіцца?

– Гэтае пытанне будзе развязанае пасля пытання дэакупацыі. Яны не толькі не пускаюць мяне, але нават абвесцілі ў вышук, распачалі крымінальную справу, нібыта я замахнуўся на тэрытарыяльную цэласнасць Расейскай Федэрацыі. Што я незаконна спрабаваў перайсці расейскую мяжу, хацеў трапіць у Крым, і абвяшчаюць у міжнародны вышук. Ёсць у іх нейкая логіка? Калі вы абвяшчаеце ў вышук, дык зніміце хаця б забарону на ўезд. Я сам прыеду да вас. І вышук, і забарона на ўезд. Я думаю, што мы абавязкова вернемся, і абавязкова спадзяюся ўбачыць Пуціна, калі яго паплечнікі не задушаць, у Гаагскім трыбунале.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою

Стужка навінаў