«Шэрага лёначку трэба ўзяць і тры «здраваські» згаварыць». Як мы хадзілі да шаптуна, які марыў быць ксяндзом


Чаму ў эпоху лічбавых тэхналогіяў шаптуны і шаптухі, бабкі і знахары карыстаюцца такою вялікаю папулярнасцю? Што гэта за людзі? Па адказ журналісты «Белсату» выправіліся да некалькіх народных лекараў і нават паспрабавалі сеанс. У першым рэпартажы распавядаем пра жыхара вёскі Занявічы – пана Тадэвуша, які гадамі лекаваў лёнам.

У ваколіцы Тадэвуша Занеўскага з павагай і цеплынёю клічуць проста пан Тадзё. Агулам Занеўскіх у Занявічах шмат. Вёска каталіцкая. Пра яе яшчэ некалі згадвала Эліза Ажэшка ў рамане «Над Нёмнам». Таму не дзіўна, што ў хаце пана Тадзя паўсюль вісяць абразы, а на століку стаіць фігурка Божай Маці. 93-гадовы дзядуля моцна хварэе і амаль не ўстае. Аднак сустрэў ён нас з радасцю і ветліва пагадзіўся паразмаўляць.

У хаце знахара з Занявіч. Фота Васіль Малчанаў/Белсат

«Я ўжо цяпер нічога не раблю, бо мне ксёндз забараніў. Я прысягнуў на споведзі, – са слязьмі на вачах распавядае пан Тадзё. – Людзі, бывае, нагу ці руку звіхнуць, доктар той часам і не палечыць, а лячыў. Зусюль ехалі да мяне: і з Адэльску, і з Дубовай, з Індуры. У касцёлку нашым, калі 90 год мне было, вы б бачылі, колькі людзей прыйшло мне падзякаваць. Цалавалі, абдымалі! Я ж ні ад каго нічога не браў, Бог мне сведка. Толькі на хвалу Божую. А ксёндз забараніў. Я заплакаў на споведзі. Кажу, я прызвычаіўся дапамагаць».

Фота Васіль Малчанаў/Белсат

Для старога чалавека, які ўсё жыццё на свой лад дапамагаў людзям, забарона лекаваць сталася сапраўднаю трагедыяй. Каталіцкая царква здаўна змагаецца з паганскімі рытуаламі. Мяркуюць, што сілы, якія лекуюць людзей, могуць паходзіць ад злых духаў. Аднак, як распавядае былы знахар, каб «спраўляць», ён прасіў дапамогі толькі ў Маці Божай і Езуса Хрыста.

Лён – адзін з самых моцных абярэгаў у беларускай народнай культуры. Фота Васіль Малчанаў/Белсат

«Вось такі лён браў, як валасы, сівы, – паказвае невялікі пучок пан Тадзё. – Калісьці сеялі самі. І я так вазьму крыху цёмнага лёначку і кручу шнурочак, праду, праду, потым надвое завяжу і на руку ці на нагу навязваю. А як ружу выпальваў, то ўжо больш бяру. І тады перажагнаюся і кажу: «Божа, у імя тваё пачынаю лячыць, але не я лячу, а толькі рукі мае. Такімі простымі словамі і заўсёды тры «Здровась Марыя»*. І тады запалачкаю падпальваеш, лён спаліцца, і яшчэ раз перажагнаю. І трэба, каб той, каму гэта робіцца, таксама маліўся. І з ружаю так сама: рассцялю лён, памалюся, падпальваю – і хвароба ўступае тады».

«А ад пярэпалаху лячылі?» – не магу не спытаць пра адну з самых загадкавых хваробаў беларусаў.

«Ад перапалоху не лячыў. Сам ездзіў да Стася Місюка з Эйсмантаў, ён камочкі з хлеба качаў неяк – і на плечы. Але я і не пытаўся, што там ды як. Малы быў яшчэ».

«А хто вас навучыў?» – працягваю дапытвацца.

«Некалі дактароў вельмі не было, дый дорага было. А ў нас фельчар быў, Станіслаў, Вэрці Глябовічавых, добры чалавек. Усіх лячыў. Ён у нас часта спыняўся, вельмі маіх бацькоў любіў. Бацька гасцінны быў надта, не шкадаваў і чарку паставіць. А Станіслаў мілы быў чалавек і расказваў мне ўсё. Я яшчэ быў малады, як пачаў лячыць, гадоў 40 было».

У хаце знахара з Занявіч. Фота Васіль Малчанаў/Белсат
Лён, якім Пан Тадэвуш выпальваў хваробы. Фота Васіль Малчанаў/Белсат

Каровы спраўляў шылам ды гарэлкаю з пеніцылінам і чамярыцаю

Як распавядае пан Тадзё, лекаваў ён не толькі людзей, але і быдла.

«Кароўку трэба шылам лячыць і маліцца. Я спачатку папрашу Маці Найсвяцейшую, каб вылечыла. Потым бяру адцягваю скуру за лапаткамі каля хрыбту і прабіваю шылам. І яно так «псі-псі-псі», гэта ў іх страўнік становіцца. І далей яшчэ ў трох месцах трэба прабіць, збоку, хвост і вушы. У калгасе начальнікі кароў шмат трымалі. Іх усё колюць уколамі, а тыя кароўкі лягаюць і не падымаюцца. То па мяне прыязджалі. А я, як толькі пакалю, то яны на другі дзень ачомаюцца, цяляткі асабліва».

У савецкі час са знахарствам змагаліся так сама, як і святарамі, аднак, калі здыхала жывёла, калгаснікі не цураліся дапамогі.

У ваколіцы Тадэвуша Занеўскага з павагай і цеплынёю клічуць проста пан Тадзё. Фота «Белсат»

З дзяцінства хацеў стаць законнікам

Пан Тадэвуш амаль усё сваё жыццё прыслужваў у касцёле ў Эйсмантах. Яшчэ ў маладосці ён хацеў стаць святаром. Мясцовы ксёндз дапамог з дакументамі і рэкамендацыямі. Узяўшы паперы, малады Тадэвуш паехаў ажно ў польскую Чэнстахову прасіцца ў манастыр.

«Гэта пасля вайны ўжо было. З дзяцінства я заўсёды пры касцёле. Хацеў Богу служыць, быць законнікам. Разам з сястрою мы паехалі аж у Чэнстахову. Да гэтага я перамёрз, не лячыўся і падпаў на сухоты. Зрабілі мне аперацыю, выразалі правае лёгкае, у санаторыі паўгода мяне трымалі. А ў Чэнстахове святар пачаў пытацца, ці я даведку прывёз аб тым, што здаровы. І, кажа, у нас цяжка ў кляштары, мы толькі маладых і здаровых бяром. З тым я да хаты і вярнуўся. І ўжо тады не жаніўся. Прысягнуў нашаму ксяндзу Мацееўскаму, што не буду жаніцца, што буду жыць, як законнік, дома. Быў жа хворы, а калі зноў захварэю? Жонку заражу», – распавядае пан Тадэвуш.

Лён – адзін з самых моцных абярэгаў у беларускай народнай культуры. Людзі верылі, што лён, які апранае чалавека, надзелены незвычайнай абарончаю сілаю. Меркавалі, што на ільняным полі няма нячысцікаў. Менавіта ільняныя ніткі ўстаўляліся ў царкоўныя свечкі. Не дзіва, што дагэтуль захаваўся вышэй апісаны спосаб лекавання лёнам. Аднак гэта толькі адзін са спосабаў народнай медыцыны, якімі карыстаюцца беларускія шаптуны і шаптухі. Пра іншыя чытайце ў наступным артыкуле.

Паўліна Валіш belsat.eu

  • *Ружа, інакш рожа – эўфемічная назва хваробы (запаленчае пачырваненне скуры).
  • **З польскай мовы «Zdrowaś Maryjo» – пачатак малітвы да Маці Божай. У беларускай версіі – «Вітай, Марыя».
Стужка навінаў