Шэйхі не кідаюць пантоў пра дэмакратыю: Класкоўскі пра сяброўства Беларусі з арабскім светам


[vc_row][vc_column][vc_column_text]Лукашэнка на спатканні з віцэ-прэзідэнтам, прэм’ерам і міністрам абароны Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, кіраўніком эмірату Дубай шэйхам Мухамэдам бін Рашыдам аль Мактумам заявіў, што «беларускія дзверы для яго заўсёды адчыненыя», ды казаў з энтузіязмам пра эканамічную супрацу. Адказ быў сціплы: маўляў, мы хочам паляпшаць нашыя стасункі. Аляксандр Класкоўскі разважае ў «Гарачым каментары», што рэальна азначае для Беларусі супраца з арабскім светам.

Сяргей Падсасонны: Візітаў – мноства, вынікаў – мала. Ці гэтым разам вынік будзе лепшым?

Аляксандр Класкоўскі: Цяжка спадзявацца, бо гісторыя дачыненняў налічвае ўжо шмат гадоў, а вынікаў… Ведаеце, у пітушчай публікі ёсць выраз «прыстаканіцца». Калі коратка казаць пра вонкавую палітыку Беларусі, прыстаканіцца – гэта галоўная задача. У дачыненні да Расеі шмат гадоў удавалася весці такую палітыку: нафта ўзамен на пацалункі, танны газ і г. д. Апошнім часам гэта ідзе кепска – невядома ці скончылася (і ці скончылася наагул) чарговая нафтагазавая вайна. Таму – да шэйхаў, у іх цёпла, можна пагрэцца на сонейку і чарговы раз заявіць, што дзверы адчыненыя – давайце сюды мяшкі з грашыма.

Грошай у шэйхаў, сапраўды да чорту. Але калі ёсць грошы – ёсць і магчымасць выбіраць тавар лепшы і больш якасны, чым беларускі. Таму тут – не вельмі.

Калі самім шэйхам даюць у Беларусі царскія ўмовы – і ўсё гэта вельмі непразрыста, – то чаму б не скарыстацца? Некалькі гадоў таму ў беларускія незалежныя медыі трапілі дакументы, якія сведчылі, што шэйхам выдзяляюць паляўнічыя ўгоддзі ў Смалявіцкім раёне. У цэнтры Менску выдзяляюць кавалкі зямлі пад будаўніцтва гатэляў (нешта я не чуў, каб там быў нейкі конкурс).

Гэтак завабіць можна каго заўгодна, але пра інвестыцыйны прарыў думаць не выпадае. Сёння беларуская эканоміка ў крызісе, наш экспарт падае, а шэйхі знойдуць больш прывабныя мясціны куды ўкласці свае капіталы.

Ці не выпадкова тое, што Лукашэнка едзе ў арабскія краіны адразу пасля не вельмі ўдалага візіту да Дзмітрыя Мядзведзева? Ці гэта не нейкая палітычная гульня? Катар усё ж такі мае празаходнія ўплывы.

Некаторыя «аналітыкі» у Фэйсбуку адразу звязалі гэтыя падзеі: маўляў, з Мядзведзевым не ўдалося дамовіцца – таму паляцеў да шэйхаў. Але падобныя візіты рыхтуюцца не дзень, і нават не тыдзень. Тым больш, што беларускага лідара прымаюць асобы не першага, а другога, або нават трэцяга эшалону (мінулым разам было тое ж самае, дарэчы).

Тое, што з беларускім лідарам не палаюць жаданне сустракацца ягоныя арабскія калегі, сведчыць пра сапраўдную прывабнасць Беларусі ў вачох кіраўніцтва Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Што тычацца Расеі, гэты візіт яе не напалохае, але кантакты з Катарам і ААЭ могуць выклікаць у яе пэўнае раздражненне, бо гэтыя дзяржавы маюць амерыканскія базы і нібыта праводзяць праамерыканскую палітыку, а WikiLeaks наагул зліваў інфармацыю, што яны падтрымліваюць Ісламскую дзяржаву.

Калі арабскія рэжымы, з якім размаўляе Лукашэнка, афіцыйна арыентаваныя на Вашынгтон, ці не прыслухоўваюцца яны да Вашынгтону – з кім размаўляць і як размаўляць? Ці Вашынгтон не хоча праз іх выбудаваць дыялог з Лукашэнкам?

Лукашэнка – партнёр і хаўруснік Масквы, але ён кот, які гуляе сам па сабе. Вашынгтону таксама не падабаецца, што арабскія краіны прадаюць зброю Ісламскай дзяржаве, яны спрабуюць на іх уздзейнічаць, але беспаспяхова. Усім аўтарытарным лідарам закон не прапісаны, і яны з Беларуссю вельмі добра разумеюць адзін аднаго, бо шэйхі не кідаюць пантоў наконт дэмакратыі і правоў чалавека: калі нашыя кіраўнікі туды лятуць, яны адчуваюць сябе камфортна і ведаюць, што ніякіх наездаў не будзе.

Яны набудавалі сабе хмарачосаў і вонкава рванулі ў 22-е стагоддзе, менталітэт у іх бліжэй да сярэднявечча. Як і ў нас, на жаль.

Ці праз тое, што рэжымы гэтых партнёраў – «праамерыканскія», ці не атрымаецца ў Аляксандра Лукашэнкі крыху пагуляць на нэрвах у Масквы?

Не думаю, што гэта робіцца наўмысна, але беларуская дыпламатыя – і ёй трэба аддаць належнае – паводзіць сябе вельмі прагматычна. Братэрства і інтэграцыя з Расеяй і раней былі пустымі лозунгамі, а цяпер ад іх наагул нічога не засталося. Пасля Крыму Лукашэнку і ягонаму атачэнню пачуццё самазахаванасці пачало дыктаваць шматвектарнасць. Тое, што стасункі развіваюцца з т. зв. «далёкаю дугою» (напрыклад, Кітай дапамагае будаваць нам ракеты) – някепска.

Шэйхі будуць ківаць галовамі, але без эканамічных рэформаў у Беларусі вялікай супрацы з імі не будзе. Тэорыя «далёкай дугі» нічога не дасць, пакуль Беларусь не пачне выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю.

Там не дурні сядзяць: або жабракі, якія нічога не купяць, або багацейшыя, якія будуць глядзець на суадносіны цаны і якасці, а беларускія тавары ў гэтым выпадку часта пралятаюць як фанера над Дубаем.

Тое, што Беларусь хоча дыверсіфікаваць свой экспарт, стала дзяржаўнай праграмай, паводле якой экспарт падзеленыя на тры часткі: траціна – у Расею, траціна – у Заходнюю Еўропу, траціна – увесь іншы свет. Добрая мэта, але насамрэч сёлета доля Расею ў беларускім гандлі толькі вырасла, прычым значна. «Рад бы в Рай – да грехи не пускают»: прывязанасць да Расеі як да свінцовай гіры ўпіраецца ў нерэфармаванасць нашай эканомікі.

Поўную размову Сяргея Падсасоннага з Аляксандрам Класоўскім глядзіце ў «Гарачым каментары»

Стужка навінаў