Шаройку маглі арыштаваць дзеля таго, каб ён даў паказанні супраць Сушчанкі – адвакат

ВІДЭА

Павел Шаройка на допыце ў КДБ. Скрыншот з эфіру БТ

Расейскі адвакат Марк Фейгін лічыць, што карэспандэнта «Украінскага радыё» Паўла Шаройку, якога беларускія спецслужбы вінавацяць у шпіянажы, могуць выкарыстоўваць у справе супраць украінскага журналіста Рамана Сушчанкі.

Журналіст «Укрінфарм» Раман Сушчанка 30 верасня 2016 года быў арыштаваны ФСБ Расеі ў Маскве, куды ён прыехаў наведаць сваякоў. ФСБ абвінаваціла Сушчанку ў шпіянажы, ён дагэтуль знаходзіцца ў СІЗА.

На думку Фейгіна, ФСБ Расеі трэба, каб Сушчанка, як і Шаройка, «пасля апрацоўкі» прызнаўся на камеру, што ён таксама не журналіст, а кадравы супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Мінабароны Украіны.

«Думаю, калі-небудзь і яго (Шаройка) абмяняюць. Усё ж такі Кіеву весці перамовы з Менскам прасцей, чым з Масквой. Але я не выключаю, што Шаройку ўзялі спецыяльна для таго, каб ён даў паказанні супраць Сушчанкі, што той таксама супрацоўнік украінскай вайсковай выведкі. Пачнуць круціць рукі, скажуць: ты ж прызнаўся, што шпіён, давай цяпер паказанні супраць Сушчанку. Сказаў «А» – кажы «Б», – адзначыў Фейгін у інтэрв’ю выданню «Факты і каментары».

Нагадаем, 25 кастрычніка 2017 года ў Менску спецслужбы затрымалі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройка. Паводле КДБ, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзянаў Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак выведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы». Працу Шаройкі ў Беларусі, паводле заявы КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які «дзейнічаў пад прыкрыццем саветніка амбасады Украіны ў Беларусі».

Ігар Скварцоў быў абвешчаны персонай нон грата. У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі. Менск гэты крок расцаніў як «несяброўскі».

У дачыненні да Шаройкі распачатая крымінальная справа па ст.358 КК Беларусі (шпіянаж) і прынята рашэнне аб утрыманні яго пад вартай. Акрамя Шаройкі, затрыманы грамадзянін Беларусі – яму інкрымінуюць «дзяржаўную здраду».

Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да выведвальнай дзейнасці і лічыць абвінавачванні беспадстаўнымі.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары