Шарамет пасля выбуху аўтамабіля быў яшчэ жывы – паведамляюць сведкі (відэа 18+)


Журналіст Павел Шарамет быў яшчэ жывы пасля выбуху, паведамляюць украінскія медыі са спасылкамі на сведак здарэння.

Сведка здарэння, афіцыянт аднаго з найбліжэйшых рэстаранаў распавёў парталу Tsn.ua, што падбег да машыны пасля выбуху і ўбачыў, што Павел Шарамет яшчэ быў жывы. Ягоныя ногі былі моцна заціснутыя ў аўтамабілі. Калі журналіста забрала хуткая дапамога, стала вядома пра ягоную смерць.

Іншыя сведкі паведамляюць, што аўтамабіль «Субару XV», у якім знаходзіўся журналіст, ехаў па вуліцы Івана Франка. Раптоўна з машыны, найбольш верагодна з маторнага адсека, узнялося полымя. Пасля выбуху адбыўся пажар, аўто моцна абгарэла.

«Радио Вести» інфармуе, што, паводле відавочцы – таксіста, які знаходзіўся побач з месцам выбуху аўтамабіля – дзверы з боку кіроўцы аўтамабіля пры выбуху адкрылася знізу ўверх, «як у спартовым аўтамабілі».

Відавочца распавёў выданню, што знаходзіўся за вуглом, ля Опернага тэатру, калі пачуў выбух. Выбух быў вельмі гучны, машыну сведкі моцна скаланула. Бампер аўтамабіля, як выбухнуў, адарвала і адкінула метраў на 20-30 наперад, была разбітая лабавая шыба знутры. Людзі гасілі агонь у машыне вогнетушыцелямі і вадой. Машына ўзарвалася, але адразу не гарэла, а дыміла.

Навакольныя людзі спрабавалі падняць дзверы з боку кіроўцы наверх, выцягнулі кіроўцу. Карэткі «хуткай дапамогі» прыехалі вельмі хутка.

Павел Шарамет загінуў сёння, 20-га ліпеня, зранку за стырном машыны сваёй грамадзянскай жонкі Алены Прытулы ў выніку выбуху. Паводле папярэдніх дадзеных украінскага Міністэрства ўнутраных справаў, машыну падарвалі самаробным выбуховым прыстасаваннем, якое было, магчыма, з дыстанцыйным кіраваннем.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў