Сезон адкрыты! У якіх беларускіх вадаёмах можна купацца, а дзе – небяспечна


Распавядаем, дзе ў Беларусі можна адпачыць ля вады без рызыкі для здароўя.

Нягледзячы на тое, што гэтымі днямі ў Беларусі не горача, неўзабаве чакаецца істотнае пацяпленне. А пачынаючы з другога тыдня ліпеня сіноптыкі абяцаюць да + 33 градусаў. Гэта значыць, прыйшоў час на купанне. І калі хтосьці мае магчымасць выправіцца на вакацыі да марскога ўзбярэжжа, іншыя абіраюць адпачынак на беларускіх рэкх і азёрах. Belsat.eu сабраў парады для аматараў паплаваць, а таксама топ самых бяспечных і небяспечных вадамёмаў Беларусі.

Тут нельга купацца

Паводле апошніх дадзеных санітарна-эпідэміялагічнай службы, у спіс небяспечных увайшлі 24 зоны рэкрэацыі. Адмыслоўцы праверылі больш за сотню месцаў і ў 67% выпадкаў выявілі парушэнні: неўладкаваная тэрыторыя, смецце, адсутнасць кабінак для пераапранання і туалетаў. З іх крытычнымі прызналі 24. Вось дзе катэгарычна забаронена купацца дзецям:

  • Берасцейская вобласць: пляж «Цэнтральны», левы бераг ракі Мухавец, Берасце; пляж возера Меднянскае, вёска Медна, Берасцейскі раён; зона рэкрэацыі на возеры Рагазнянскае, пасёлак Бярэсце; пляж санаторыя «Надзея», рака Мухавец, Жабінкаўскі раён; пляж на возеры ля вёскі Хмелева, Жабінкаўскі раён;
  • Гомельская вобласць: пляжы «Каскад-1», «Каскад-2», «Валатоўскі» і «Прудкоўскі» Цэнтральны раён Гомля; пляж «Заходні», Савецкі раён Гомля; пляж парку культуры і адпачынку ў Калінкавічах;
  • Магілёўская вобласць: возера Пячэрскае;
  • Гарадзенская вобласць: возера Кань-Белае ў Гарадзенскім раёне; сажалка ў вёсцы Луцкаўляны і возера ў вёсцы Ашчуркі;
  • Менск: пляж № 6 вадасховішча «Заслаўскае»; пляж № 2 вадасховішча «Дразды».
Вадасховішча “Дразды”, фота chatoff.by

Для дарослых жа забарона на купанне дзейнічае ў 7 зонах адпачынку:

  • Берасцейская вобласць: пляж «Цэнтральны», Берасце, правы бераг ракі Мухавец;
  • Магілёўская вобласць: Грэбенеўскае вадасховішча, пляж на рацэ Дняпро ў Магілёве і ў вёсцы Палыкавічы Магілёўскага раёну; а таксама сажалка ў вёсцы Вільчыцы;
  • Гарадзенская вобласць: возера ў горадзе Шчучын;
  • Менск: пляж № 5, вадасховішча «Дразды»; пляж № 8 вадасховішча «Дразды».

Адным з асноўных крытэраў, паводле якога спецыялісты вызначаюць бяспеку ў вадаёме, лічыцца забруджанасць вады. Гэтыя звесткі збіраюць падчас планаванага маніторынгу. Пробы робяцца па гідрахімічным (газавы склад вады, яе фізічныя ўласцівасці, іоны, арганічныя рэчывы) і гідрабіялагічным (колькасць планктону, хларафілу і г.д) паказніках. Адмоўны фактары – гэта звычайна наяўнасць прамысловага прадпрыемства ці жывёлагадоўчай фермы побач.

Найлепшыя вадаёмы для купання

А вось гэтыя лакацыі адносяць да найбольш чыстых і спрыяльных для адпачынку:

Возера Мядзель, фота minoblturism.gov.by

1. Нарачанскія азёры, возера Мядзель.

Знаходзяцца ў Мядзельскім раёне Менскай вобласці. Сістэма ўключае ў сябе найбуйнейшае ў Беларусі возера Нарач, а таксама азёры Мястра, Баторына і Белае. У нацыянальным парку «Нарачанскі» можна знайсці яшчэ адно вялікае і чыстае возера – Мядзель.

Браслаўскія азёры, фота – Аляксандр Беленькі

2. Браслаўскія азёры

На тэрыторыі аднайменнага нацыянальнага парку месцяцца шматлікія азёры, сярод якіх самае глыбокае (больш за 40 м) – Воласа Паўднёвы, а самае вялікае па плошчы (36 км²) – Дрывяты. Лінія ўзбярэжжа тут поўная бухтаў і заліваў, ёсць маленькія выспы – усё разам фармуе надзвычай маляўнічы краявід.

Возера Свіцязь, фота – Аляксандр Залуцкі

3. Свіцязь

У Наваградскім раёне Гарадзенскай вобласці можна адпачыць ля возера Свіцязь. Гэта цудоўнае месца не толькі для аматараў плаваць, але і для рыбакоў: тут водзіцца шчупак, рачны акунь і залаты карась.

возера Рычы, фота potrebitel.by

4. Рычы

У Браслаўскім раёне, амаль на мяжы з Латвіяй знаходзіцца возера Рычы і аднайменны прыродны заказнік. Тут не пажадана пад’язджаць на машыне да берага, распальваць вогнішча, ставіць намёты. Затое дазваляецца карыстацца лодкамі, лавіць рыбу і, канешне, купацца.

Возера Свір, фота caravaning.by

5. Свір

У басейне ракі Страча ёсць возера Свір, больш за 2 км у шырыню і ў сярэднім 4 м у глыбіню. Яно таксама ўваходзіць у Нарачанскую групу азёраў. Тут дазволена прамысловае рыбалоўства, купацца таксама можна. Найлепшы варыянт для тых, хто хоча правесці адпачынак на Свіры – зняць аграсядзібу ў бліжэйшай вёсцы.

Усім, хто любіць купацца, варта памятаць базавыя правілы бяспекі на вадаёмах. Вось яны:

– не заплывайце за буйкі і не ідзіце ў ваду ў незнаёмым месцы, тым больш – не нырайце там;

– старайцеся не заставацца адзін/адна ў вадзе;

– не купайцеся ў нецвярозым стане;

– не купайцеся ў навальніцу;

– не пакідайце дзяцей без нагляду ля вады;

– калі плаваеце, старайцеся не стамляцца і кантралюйце тэмпературу свайго цела, каб пазбегнуць пераахалоджвання.

Паводле дадзеных ОСВОД, з пачатку 2018 года ў Беларусі патануў 131 чалавек, у тым ліку 10 няпоўнагадовых. А выратавалі 115 асобаў, сярод якіх 30 дзяцей. Ратаўнікі нагадваюць – пры ўзнікненні небяспечных сітуацыяў на вадзе варта выклікаць МНС па тэлефоне 101.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў