Севярынец распавёў, як адкажа на выключэнне з ПЭН-цэнтру


Сустаршыня арганізацыйнага камітэту «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Павел Севярынец паведаміў у «Фэйсбуку», што ў якасці адказу на выключэнне з ПЭН-цэнтру напіша кнігу.

На думку Севярынца, яго паўторнае выключэнне з ПЭН-цэнтру не было выпадковым.

«Выключэнне ў Дзень расстраляных паэтаў – гэта было не выпадкова зроблена. Каля рэстарацыі «Поедем поедим» за паўтара года нам таксама часта кідалі ў твар: «Мала вас стралялі!», – напісаў ён. – «Выключыць, выдаліць, выціснуць хрысціянаў з беларускай культуры не атрымаецца – гэта нават бальшавікам з іх чырвонай імперыяй не ўдалося. Як не ўдасца чалавеку і схавацца ад Ісуса Хрыста – Ён усё адно прыйдзе і пагрукае ў сэрца кожнага».

Паводле Севярынца, ягоным адказам стане другая кніга «Беларусаліму» – «Сэрца святла», якую ён цяпер рыхтуе да друку.

«Пасля ПЭНу чытачоў будзе нашмат больш», – дадаў Севярынец.

29 кастрычніка Рада ПЭН-цэнтру разгледзела пытанне сяброўства ў арганізацыі Паўла Севярынца і пасля эмацыйных дыскусіяў было прнятае рашэнне аб выключэнні з чальцоў ПЭНу.

Раней Севярынца выключылі з арганізацыі за няплату сяброўскіх унёскаў, але пасля іх аплаты ПЭН-цэнтр скасаваў рашэнне аб выключэнні.

Першую кнігу раману «Беларусалім» пад назвай «Золак» Павел Севярынец прэзентаваў у 2017-м. Палітык працаваў над ёй дванаццаць гадоў.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары