Сэрж Саргсьян страціць пасаду старшыні кіроўнай партыі Арменіі


Кіроўная Рэспубліканская партыя (РПА) Арменіі збіраецца змяніць свайго старшыню. Пра гэта стала вядома пасля сустрэчы кіраўніка РПА Сэржа Саргсьяна і в.а. прэм’еры Карэна Карапэтяна з дэпутатамі фракцыі партыі.

«Было прынята рашэнне пачаць дыскусію аб змене старшыні Рэспубліканскай партыі. Экс-прэзідэнт і былы кіраўнік ураду Сэрж Саргсьян патлумачыў прысутным прычыну сваёй адстаўкі 23 красавіка, прадставіў розныя сцэнары магчымай працы парламенцкай фракцыі РПА, каб захаваць унутраны свет і стабільнасць у краіне», – паведамляе ТАСС са спасылкаю на прэс-службу Рэспубліканскай партыі Арменіі.

Паведамляецца пры гэтым, што РПА гатова да перамоваў з апазіцыяй «без папярэдніх умоў».

Пра тое, што пытанне аб сыходзе Саргсьяна з пасады старшыні партыі знаходзіцца ў парадку дня заявіў і кіраўнік фракцыі РПА ў парламенце Ваграм Багдасарян.

Адначасова стала вядома, што апазіцыйная парламенцкая фракцыя «Ельк» вылучыла кандыдатуру свайго лідара Ніколу Пашыньяна на пасаду прэмʼер-міністра Арменіі. Паводле «Радыё Азатутюн», для таго каб заняць гэтую пасаду, Пашыньяну давядзецца заручыцца падтрымкаю 53 дэпутатаў парламента. У партыі «Ельк» дзевяць дэпутатаў, у партыі Гагіка Царукяна, якая таксама падтрымала пратэсты – 31 голас.

Большасць у парламенце належыць кіроўнай Рэспубліканскай партыі Арменіі. Яна складалася ў кааліцыі з Армянскай рэвалюцыйнай федэрацыяй «Дашнакцуцюн». 25 красавіка, кіроўная кааліцыя распалася.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў