Серыял «Чарнобыль»: разрыў замкнёнай сістэмы


Міні-серыял HBO – гэта не толькі фільм-катастрофа, але і гісторыя пра сістэму ўлады, заснаваную на цынічнай хлусні. Мы бачым, як гэты амаль дасканалы механізм скаланае адна з найвялікшых тэхнагенных катастроф у гісторыі чалавецтва.

20 гадзін – столькі часу спатрэбілася савецкім уладам, каб усталяваць факт, што на Чарнобыльскай АЭС выбухнуў цэлы рэактар. І толькі тады сапраўды пачалася выратавальная аперацыя. Суседні горад Прыпяць з насельніцтвам у 50 000 чалавек эвакуявалі. Толькі пасля гэтага ліквідатары аварыі атрымалі ахоўныя касцюмы. Прадстаўнікі мясцовай улады і кіраўніцтва электрастанцыі ўвесь гэты час разам спрабавалі прыменшыць значэнне катастрофы ў спадзеве, што ім удасца схаваць праўду.

Ролю Міхаіла Гарбачова сыграў Давід Дзянісік. Кадр з фільму

Камуністычная партыя амаль да канца існавання Савецкага Саюзу прытрымлівалася думкі, што ідэальная сітуацыя – гэта поўны кантроль над плынямі інфармацыі і ўсімі сацыяльнымі працэсамі. Чым была гэтая, вывастраная амаль да дасканаласці, замкнёная савецкая сістэма, выдатна паказана ў расейскім фільме «Груз 200».

Гэтая гісторыя – пра выкраданне дачкі мясцовага савецкага апаратчыка міліцыянтам-маньякам. Выкрадальнік з’яўляецца кіраўніком мясцовага аддзялення міліцыі, ён жа пачынае расследаванне выкрадання. Такім чынам уся інфармацыя, што можа раскрыць злачынства, сцякаецца да яго. Менавіта гэтая закрытасць сістэмы і дазволіла яму застацца беспакараным.

Падобным чынам і савецкае кіраўніцтва адчувала сябе беспакарана, пакуль інфармацыя пра аварыю не трапіла ў свет разам з радыеактыўнымі аблокамі, што расцягнуліся над Еўропай.

Хлусня, якой кіраўнікі шпігавалі грамадзянаў, вярнулася, як карма, і патрэсла асновы рэжыму. Манаполія дзяржавы на распаўсюд ісціны апынулася ілюзорнай. Падман быў на ўсіх узроўнях улады.

Гэткім жа чынам, як мясцовыя ўлады спрабавалі зменшыць на словах узровень пагрозы, цэнтр спрабаваў схаваць аварыю ад свету. Невыпадкова ў фільме паказалі нараду вышэйшага кіраўніцтва СССР, дзе першачарговым было абмеркаванне не хады выратавальнай аперацыі і пагрозы жыхарам, а таго, ці даведаліся заходнія медыі пра катастрофу.

На савецкага віцэ-міністра Барыса Шчарбіну, кіраўніка выратавальнай аперацыі, большае ўражанне стварае званок «зверху», пра тое, што Захад выявіў радыеактыўнае воблака, чым той факт, што рэактар ​​за некалькі кіламетраў ад гораду на працягу гадзіны выкідвае столькі ж радыяцыі, колькі бомба ў Нагасакі.

«Наша моц трымаецца на тым, як успрымаецца наша ўлада», – падкрэслівае Міхаіл Гарбачоў у прамове да сваіх падначаленых з нагоды ўплыву чарнобыльскай катастрофы на імідж краіны.

Фільм аддае даніну павагі жменьцы «праведных» людзей, якія маюць мужнасць супрацьстаяць партыйна-бюракратычнай машыне. Аднаго з іх, фізіка-ядравіка прафесара Валерыя Лягасава, сыграў Джэрэд Гэрыс. Другі такі герой – Ульяна Хамюк – выдуманы персанаж, выяўлены ў серыяле як супрацоўнік Інстытуту ядравай энергетыкі АН Беларускай ССР, зборны вобраз некалькіх рэальных фігур.

Злева: Стэлан Скарсгард ў ролі Барыса Шчарбіны, Джэрэд Гэрыс ў ролі Валерыя Лягасава і Эмілі Уотсан у ролі Ульяны Хамюк. Кадр з фільма

Серыял можна пахваліць за дакладную перадачу атмасферы эпохі. Для аўтараў гэта было нялёгкай задачай, таму што ў фільме гралі англамоўныя акторы. Хоць у асноўным гэта былі амерыканцы і англічане, аднак яны добра перадалі дух усходняй Еўропы.

Варта таксама адзначыць археалагічную датошнасць, з якой рэжысёры ўзнавілі рэаліі паўсядзённага жыцця. Пошукі сотняў артэфактаў, якія атачалі савецкага чалавека, ішлі ад Берасця да Уладзівастока. Здымкі праходзілі ў Літве: у Прыпяць ператварыўся адзін з жылых дамоў Вільні, а роля Чарнобыльскай АЭС сыграла атамная электрастанцыя-блізнюк ў Ігналіны, што цяпер не працуе.

Атамная электрастанцыя Ігналіна

Чытайце таксама:

Сцэнар не пазбаўлены і важнага беларускага элемента. Адным з галоўных герояў серыялу з’яўляецца герой кнігі «Чарнобыльская малітва» лаўрэаткі Нобэлеўскай прэміі Святланы Алексіевіч. Гэта пажарнік, які тушыць падпалены рэактар, беларус Васіль Ігнаценка.

Кніга Алексіевіч пачынаецца з апісання трагедыі мужчыны і яго жонкі. Людміла Ігнаценка, як і шмат якія іншыя чарнобыльскія жанчыны, хацела пакінуць свае ўспаміны.

«Хтосьці прачытае і зразумее. Потым… Пасля нас», – цытуе жанчыну пісьменніца.

І, верагодна, серыял «Чарнобыль» – гэта выкананне іх волі. Шмат хто раптоўна памер, як піша Алексіевіч, «кошт іх сведчаннях – жыццё».

На першым плане Адам Нагайціс ў ролі Васіля Ігнаценкі. Кадр з фільма

Чарнобыльская катастрофа трывала ўрасла ў масавую культуру. Выгляд вялікага гораду, жыхароў якога эвакуявалі на працягу некалькіх гадзін, аказвае велізарнае ўражанне на гледача.

«Рэчы без чалавека, пейзажы без чалавека. Дарога ў нікуды», – апісвае рэаліі Алексіевіч.

Паводле некаторых меркаванняў, самым забойным для сотняў тысяч людзей, пераселеных з раёну вакол электрастанцыі, была нават не радыяцыя, а раптоўнае вырыванне іх з паўсядзённага жыцця. Акрамя Прыпяці, эвакуявалі больш за 400 вёсак і мястэчкаў. Перасяленцы часцей захворвалі, упадалі ў дэпрэсію і пакутавалі на алкагалізм.

Пасля катастрофы засталося шмат архіўных матэрыялаў. Па гэты дзень дрыжыкі праймаюць ад праслухоўвання запісу пажарнага дыспетчара з Прыпяці (цытуецца ў фільме), якая манатонным голасам накіроўвае чарговыя групы «пагасіць дах» на станцыі. Не разумеючы, што такім чынам яна выдае смяротны прысуд пажарнікам.

***

І на канец цікаўны факт – рэжысёр фільма, швед Ёган Рэнка ў 90-х быў даволі вядомым аўтарам танцавальнай музыкі, што выступаў пад псеўданімам Stakka Bo. У гэтым ёсць парадокс – жартаўнік з гэтага музычнага відэа праз гады зрабіў адзін з самых змрочных серыялаў у гісторыі тэлебачання.

Чарнобыль, 5серыйны серыял вытворчасці HBO і SKY, рэж. Ёган Рэнка (Johan Renck vel Stakka Bo).

Якуб Бернат/МВ, belsat.eu

Стужка навінаў